У Беларусі таемна прынялі закон аб канфіскацыі маёмасці. Што могуць забраць?
Якую маёмасць могуць забраць і ў каго? І тут у асноўным — толькі дрэнныя навіны. «Па матывах грамадскай неабходнасці», здаецца, забраць могуць шмат што.
У Беларусі з'явіўся закон «Аб канфіскацыі маёмасці». Прымалі яго таемна. У ноч на 6 студзеня ён быў апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
«Люстэрка» коратка расказвае, каго можа закрануць гэты закон, якую маёмасць будуць адбіраць і якім чынам.
Адзначаецца, што закон прыняты «з улікам неабходнасці неадкладнага і эфектыўнага рэагавання на існуючыя пагрозы нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь у рэжыме спецыяльных абмежавальных мер» і накіраваны на «забеспячэнне нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, яе эканамічнай стабільнасці, абарону правоў і законных інтарэсаў беларускіх юрыдычных і (або) фізічных асоб, інтарэсаў грамадства і дзяржавы».
Там таксама пазначана, што канфіскацыя адбываецца «па матывах грамадскай неабходнасці».
Каго закране гэты закон
У першую чаргу — замежныя дзяржава, але не толькі іх. Калі коратка — то ўсіх, хто здзейсніў «недружалюбныя дзеянні» або падштурхнуў замежныя дзяржавы на такія дзеянні ў адносінах да Беларусі. Гэта тычыцца і фізічных, і юрыдычных асоб, месца рэгістрацыі пры гэтым значэння не мае, а менавіта:
«афіляваныя асобы — юрыдычныя і (або) фізічныя асобы, якія прама і (або) ускосна (праз іншых юрыдычных і (або) фізічных асоб) вызначылі рашэнне аб здзяйсненні недружалюбных дзеянняў або якія аказалі ўплыў на прыняцце такога рашэння замежнымі дзяржавамі <...> а таксама юрыдычныя і (або) фізічныя асобы, якія залежаць ад рашэнняў асоб з такіх дзяржаў і ўключаныя ў пералік, вызначаны Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь»;
«асобы з замежных дзяржаў, якія здзяйсняюць недружалюбныя дзеянні, — замежныя асобы, звязаныя з замежнымі дзяржавамі < ... > якія здзяйсняюць недружалюбныя дзеянні ў дачыненні да беларускіх юрыдычных і (або) фізічных асоб <...> і асобы, якія знаходзяцца пад кантролем названых замежных асоб, незалежна ад месца іх рэгістрацыі або месца пераважнага вядзення імі гаспадарчай дзейнасці».
Пры гэтым у законе не пазначана, якія менавіта дзеянні падпадаюць пад паняцце «недружалюбных» і як вызначыць, ці знаходзіцца асоба «пад кантролем замежных асоб».
Але адзначаецца, што канфіскацыя маёмасці будзе адбывацца «выключна ў якасці меры ў адказ пры здзяйсненні ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь, яе юрыдычных і (або) фізічных асоб недружалюбных дзеянняў».
Які механізм канфіскацыі маёмасці
Пазначана, што падставай для канфіскацыі аб'ектаў права ўласнасці з'яўляецца «здзяйсненне ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь, яе юрыдычных і (або) фізічных асоб недружалюбных дзеянняў».
Рашэнне аб неабходнасці канфіскацыі прымаецца ўрадам. Пасля гэтага Дзяржаўны камітэт па маёмасці павінен звярнуцца ў Эканамічны суд горада Мінска з заявай.
Суд на працягу месяца павінен разгледзець такую заяву. Яго рашэнне можна будзе абскардзіць ва «ўстаноўленым законам парадку».
«Канфіскаваныя аб'екты права ўласнасці, у дачыненні да якіх не патрабуюцца рэгістрацыя і (або) улік, пераходзяць ва ўласнасць Рэспублікі Беларусь з дня прыняцця рашэння суда», — гаворыцца ў законе.
А напрыклад, грошы — адразу ў рэспубліканскі бюджэт.
Якую маёмасць могуць забраць?
Здаецца, любую.
У законе пералічаныя грашовыя сродкі, акцыі, аблігацыі, каштоўныя паперы, нерухомасць, транспартныя сродкі і «іншыя аб'екты права ўласнасці».
Калі закон уступіць у сілу?
Закон уступае ў сілу праз 10 дзён пасля афіцыйнага апублікавання. Але ўраду далі паўгода, каб прыняць меры па яго рэалізацыі.
Гэты законапраект быў прыняты Палатай прадстаўнікоў і Саветам Рэспублікі 21 снежня 2022 года. Пры гэтым прэс-службы ніжняй і верхняй палаты, як і дзяржСМІ, пра яго не паведамлялі.
Не згадвала пра яго і прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі, якая старанна анансуе падпісанне ім якіх-небудзь указаў або законапраектаў.
Законапраект таксама не быў апублікаваны ў спецыяльнай базе на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, куды рана ці позна трапляюць усе праекты законаў.
Дакумент, які пасля подпісу Аляксандра Лукашэнкі і яго афіцыйнага апублікавання атрымаў статус закона, з'явіўся на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале ў ноч на 6 снежня.