Супраціў за кратамі. Як палітвязні адстойваюць сваю праўду там, дзе гэта амаль немагчыма

Часам палітзняволеным застаецца адзіны інструмент прыцягнення ўвагі — сваё цела. Галадоўкі і спробы суіцыду — апошні аргумент у змаганні з рэжымам.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

«Медыязона» сабрала гісторыі пра тое, як беларусы, якіх затрымалі, змясцілі ў ізалятар і судзілі па палітычных артыкулах, працягвалі змагацца за свае правы ў судзе. Гаварылі праўду: расказвалі пра збіццё і катаванні, знаходзілі памылкі следства, заяўлялі адвод суддзі і звярталіся да радыкальных захадаў, каб быць пачутымі і супраціўляцца рэпрэсіям — галадалі і нават спрабавалі пакончыць з сабой у зале суда.

Паведаміў на судзе, як яго збівалі, душылі падушкай, залівалі газам сілавікі. Мікалай Дзядок

Блогера, актывіста анархісцкага руху і аўтара «Новага Часу» Мікалая Дзядка затрымалі ў лістападзе 2020 года, а ўжо праз год прысудзілі да 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Паводле версіі следства, Мікалай Дзядок удзельнічаў у акцыі пратэсту 23 жніўня ў Мінску, дзе «аказаў відавочнае непадпарадкаванне законным патрабаванням» міліцыянтаў, выходзіў на дарогу, блакаваў рух транспарту, гучна пляскаў у ладкі і выкрыкваў лозунгі. Да справы прыклалі і пратакол ператрусу, згодна з якім дома ў актывіста знайшлі не менш за тры «шкляныя бутэлькі з гаруча-змазачнымі матэрыяламі».

Эпізод з бутэлькамі Дзядок, выпускнік юрыдычнага каледжа БДУ, пракаментаваў у сваёй прамове на судзе: «Бутэлькі з сумессю бензіну і машыннага алею мне падкінулі супрацоўнікі ГУБАЗіК». Ён патлумачыў, што захоўваць на кухні бутэлькі з бензінам або вазіць іх у Мінск з пасёлка ў Асіповіцкім раёне было б «абсурдна».

«Я ніколі не заклікаў да гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да каго-небудзь і ўвесь час падкрэсліваў, што з'яўляюся прыхільнікам негвалтоўнага супраціву. Лічу, што абвінавачанне цалкам складзена ў маніпулятыўнай фармулёўцы. Мае дзеянні СК расцаніў як пагрозу нацыянальнай бяспецы, разумеючы пад нацыянальнай бяспекай інтарэсы кіруючага класа. Аднак інтарэсы Беларусі і інтарэсы кіруючай вярхушкі — гэта не адно і тое ж», — выступіў з прамовай актывіст.

Падчас затрымання анархіста неаднаразова збівалі, душылі падушкай, замыкалі ў пакоі, куды распылялі газ, расказаў ён на судзе. Сілавікі абяцалі, што калі актывіст раскажа пра гэта, напіша скаргу або «абліжа вуха адвакату», то ён «не выйдзе ніколі». У СІЗА актывіста паставілі на прафулік як схільнага да суіцыду, гвалту, захопу закладнікаў, экстрэмізму і «іншых дэструктыўных дзеянняў».

Суд па справе актывіста быў адкрытым, але слухачоў у зале рассаджвалі «праз аднаго», а некалькі месцаў занялі невядомыя ў цывільным. Публічна Дзядок не толькі падрабязна расказаў гісторыю сваіх катаванняў, але і падкрэсліў, што не прызнае сябе вінаватым.


Глядзіце таксама

«Я настойваю, што не прызнаю сябе вінаватым. Мая дзейнасць насіла і будзе насіць гуманістычны і асветніцкі характар з канчатковай мэтай пабудовы свабоднага грамадства».

Бацька анархіста расказаў, што здзекі працягнуліся ў калоніі: супрацоўнікі знішчалі ўсе лісты Дзядку. «Гэта робяць перад ім, загадваючы падпісваць акты аб знішчэнні лістоў. Супрацоўнік, які гэта робіць, ніколі не тлумачыў, з якой прычыны знішчаюцца лісты».

У сакавіку 2022 года, падчас адбыцця пакарання, анархіста на чатыры месяцы змясцілі ў ПКТ за адмову выходзіць на працу. Так актывіст вырашыў дзейнічаць на знак пратэсту супраць пазбаўлення яго права перапіскі і пераследу асуджаных, якія з ім маюць зносіны.

Ужо ў чэрвені Дзядку зрабілі больш жорсткім пакаранне і перавялі з калоніі ў турму. Прычынай для разгляду справы аб змене рэжыму Дзядку сталі «шматлікія парушэнні правілаў унутранага распарадку». У турме яго некалькі разоў змяшчалі ў ШІЗА — праз парушэнне формы адзення і праз тое, што ён лёг спаць на некалькі хвілін раней за час.

Прасілі адхіліць суддзю і весці працэс на беларускай мове. Праваабаронцы «Вясны»

У сакавіку суд Ленінскага раёна ў Мінску прысудзіў траіх праваабаронцаў «Вясны» — нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, Уладзіміра Лабковіча і Валянціна Стэфановіча — да тэрмінаў ад 7 да 10 гадоў калоніі. Іх абвінавацілі ў кантрабандзе «не менш за 201 тысячу еўра і 54 тысячы долараў» і «фінансаванні пратэстаў пад выглядам праваабарончай і дабрачыннай дзейнасці».

Пасяджэнні па справе праходзілі некалькі месяцаў. У самым пачатку разбору праваабаронцы хадайнічалі аб вядзенні працэсу на беларускай мове, але суддзя яго не задаволіла. Яна патлумачыла гэта тым, што абвінавачанне было выстаўленае на рускай мове.

Тады Алесь Бяляцкі папрасіў час на азнаямленне з матэрыяламі справы, бо не паспеў прагледзець усе тамы, і заявіў адвод суддзі. Абодва яго хадайніцтвы адхілілі.


Глядзіце таксама

Нобелеўскі лаўрэат рабіў запісы падчас судоў, выкарыстоўваючы для гэтага паперу і стрыжань ад ручкі. Праваабаронца прапанаваў пракурору памяняцца прыладамі для пісьма, бо яны з ім «знаходзяцца ў няроўных умовах» — у пракурора ёсць ноўтбук і асадка, а ў абвінавачаных толькі стрыжань.

У студзені падчас аднаго з пасяджэнняў зачыталі абвінавачанні супраць фігурантаў справы «Вясны» — на гэта сышло больш за дзве гадзіны. Ні адзін з іх не прызнаў сваю віну. Паказанні ўсе трое давалі ў вольнай форме, а не адказамі на пытанні, паказваючы на несастыкоўкі ў версіі следства.

13 лютага яны выступілі з апошнім словам. У ім праваабаронцы расказалі пра парушэнні падчас суду і тое, наколькі палітычна матываванай яны лічаць справу.

«Што тычылася самога судовага працэсу, то адзначу, што ён ад самага пачатку працаваў з парушэннем нашых правоў: прымяненнем абыходжання, якое прыніжае чалавечую годнасць, парушэннем прэзумпцыі невінаватасці, парушэннем роўнасці правоў», — сказаў Валянцін Стэфановіч.

«Развалілі» абвінавачанне і аб'яўлялі галадоўкі. «Справа Аўтуховіча»

У кастрычніку 2022 года Гродзенскі абласны суд прысудзіў фігурантаў «справы Аўтуховіча» на тэрміны ад 2,5 да 25 гадоў калоніі. Паводле версіі следства, Мікалай Аўтуховіч, прадпрымальнік з Ваўкавыска, і яго саўдзельнікі падрыхтавалі запальную сумесь, аблілі і падпалілі аўтамабіль «Audi 80» і аднапавярховы жылы дом у Ваўкавыску, якія належалі міліцыянту. Акрамя таго, яны, паводле версіі абвінавачання, падарвалі аўтамабіль іншага міліцыянта ў Гродне.

Судовае разбіральніцтва па справе доўжылася каля пяці месяцаў — за гэты час двое з абвінавачаных аб'яўлялі галадоўкі, а чацвёра заявілі пра пагрозу іх жыццям і назвалі імёны адказных за гэта сілавікоў.

«Мы заяўляем пра рэзкае ўзмацненне фізічнага і псіхалагічнага ціску на большасць абвінавачаных па крымінальнай справе № 20125030489 (т.зв. "справа групы Аўтуховіча"). Відавочны поўны развал абвінавачання, і сістэме не застаецца нічога іншага, як узмацніць рэпрэсіі», — цытаваў іх «Позірк».

Мікалай Аўтуховіч і яго знаёмы Уладзімір Гундар на знак пратэсту супраць умоў утрымання аб'яўлялі галадоўкі. Аўтуховіч быў незадаволены адсутнасцю карэспандэнцыі, за выключэннем лістоў ад маці. Тады для блога «Шуфлядка» яго дачка патлумачыла, што бацька аказаўся ў такім інфармацыйным вакууме, што даведаўся пра вайну ва Украіне толькі ў красавіку 2022 года са слоў адваката.


Глядзіце таксама

Уладзімір Гундар галадаў у адказ на тое, як канваіры заносілі яго ў залу суда ў адных трусах, баючыся, каб ён «у адзенні не схаваў чаго-небудзь вострага і не здзейсніў членашкодніцтва».

Паводле слоў жонкі Гундара, абвінавачаны быў супраць працэдуры, якую праводзілі перад пасяджэннямі. Фігурантаў прымушалі распранацца і даследавалі іх вопратку «апаратам, які прасвечвае ў аэрапортах валізкі». Яе мужу здавалася, што надзяваць рэчы адразу пасля агляду можа быць шкодна для здароўя, але сілавікі на просьбы не рэагавалі, і 28 чэрвеня Гундар «аказаў супраціў», пасля якога яго апранулі сілай.

— А ўжо на наступны дзень ён сказаў, што, калі яны не перастануць гэта рабіць, вось гэта прасвечваць, ён ускрыецца, — расказвала жонка. — І вось каб ён гэтага не зрабіў у зале суда, яны не далі яму ўжо адзення.

Акрамя таго, тлумачыла сваячка, падчас пасяджэнняў фігурантам справы забаранялася есці ежу з перадач, што паслужыла яшчэ адной прычынай для галадоўкі Гундара. Абвясціўшы яе і пратрымаўшыся як мінімум 11 дзён, абвінавачанаму ўдалося вырашыць гэтую праблему.

Гісторыі іншых палітвязняў і абыходжання з імі можна пачытаць тут.