Героі сярод нас. Мікалаю Дзядку — 35

2020 год выбухнуў для нас чароўнай надзеяй, перавернутай рэжымнікамі на боль. Тады краіна літаральна ззяла ад смеласці і геройства тысячаў, сотняў тысячаў беларусак і беларусаў. Непрыкметныя героі сярод нас паказалі свае абліччы, упісаўшы Беларусь у сусветную гісторыю змагарства за вольніцу.

f3_e1571554946782_logo.jpg.webp

Думаю, многім нам пашэнціла ведаць некаторых зь іх. Ні на кроплю не сумняюся, такім героям зьяўляецца мой былы студэнт Мікола Дзядок, які сёлета 23 жніўня ў зьняволеньні адзначае свае 35 год. Палітзьняволены з багатым досьведам арыштаў і сядзеньня, анархіст, публіцыст, палітоляг, беларус, жыцьцё і дзейнасьць якога здаўна падпісалі вырак рэжыму. А яшчэ прыгадаем, Мікола мае багаты досьвед супраціву, чаканьня і, зрэшты, перамогі. 

Глядзіце таксама

Сьмеласьць, зацятасьць, часта бескампраміснасьць і ўсё ж крытычнасьць розуму заўсёды адрозьніваюць Міколу. Пасьпяховы і моцны студэнт, Мікола заўсёды заставаўся чалавекам зьместу – форме не заўсёды прысьвячаў увагу – і гэта было сьвядома. Камфорт заходняга жыцьця ня вабіў яго – ён заўсёды вяртаўся дамоў у Беларусь. І заўсёды з акуратнасьцю падтрымліваў сувязь, рэгулярна пісаў, дзяліўся ўражаньнямі, распавядаў пра кніжныя навінкі, актыўна дэбатаваў на палітычныя і грамадзкія тэмы, раіўся. Мяне цешыла, што і пасьля ўнівэрсытэту Мікола працягваў пісаць, ставіць пытаньні і дзяліцца сваімі посьпехамі. Студэнт стаўся калегам, суразмоўцам, таварышам. Часта забываюць, што ён палітоляг: амальгамна і эмацыйна на першае месца ставяць азначэньні “анархіст”, “журналіст”. А ён перадусім удалы прафэсійны палітоляг, што яму вельмі добра дапамагала ў публіцыстычнай і ідэалягічнай дзейнасьці. Што робіць многія ягоныя тэксты дасюль грунтоўнымі і аналітычнымі. Не заўсёды я пагаджаўся з Міколам, але гэта толькі надавала нашым размовам здаровага напружаньня. Я і цяпер вельмі чакаю Міколу, каб працягнуць нашыя гвалтоўна спыненыя дэбаты…

Глядзіце таксама

А яшчэ я часта прыгадваю нашыя шпацыры ў Вільні, Менску і Коўне: Мікола любіў шмат хадзіць і размаўляць ідучы. Я ніколі не казаў яму, але ў тыя моманты Мікола мне заўсёды нагадваў слыннага героя кнігі Антуана дэ Сэнт-Экзюпэры – Маленькага прынца. Бо акурат як герой кнігі Мікола сымбалізаваў для мяне вечнага вандроўніка ў сьвеце, які шукаў схаваныя сэнсы рэчаў і ўласнага жыцьця. 

Глядзіце таксама

Як выкладніку мне неверагодна пашанціла стрэць такога студэнта, які бяз боязі апрабаваў палітычную тэорыю на практыцы. Прыгэтым мне балюча ведаць, што мой былы студэнт церпіць ня проста як грамадзянін з актыўнай дэмакратычнай пазыцыяй, а як прафэсіянал. Калісьці я скажу яму, што ўжо ня першы год 23 жніўня стаўся для мяне новым сьвяточным днём, днём народзінаў героя. 

Падтрымаць палітвязня лістамі можна на адрас: Турма № 1. 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1. Дзядку Мікалаю Аляксандравічу