Інфармацыйныя рэсурсы «Вясна/Правы чалавека ў Беларусі» прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем»

Гэта стала вядома 23 жніўня з праўладных тэлеграм-каналаў. Паводле папярэдняй інфармацыі, такое рашэнне прыняла Міністэрства ўнутраных справаў. У адпаведны спіс «Вясна» яшчэ не ўнесена.

2e7634ae_42ad_4681_aa33_877a1a599d71_w1200_r1.avif

Паведамляецца, што «экстрэмісцкім фармаваннем» прызнаецца група грамадзян, аб'яднаных пад назвай «Вясна/Правы чалавека ў Беларусі» з усімі філіяламі (усяго больш за 30 рэсурсаў). Адзначаецца, што такое рашэнне прынятае на падставе «арганізацыі дзейнасці па падрыхтоўцы здзяйснення замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь, дыскрэдытацыю і абразу службовых асоб».

«Асобы, якія ўдзельнічаюць або ажыццяўляюць любую перадачу звестак прадстаўнікам “Вясна/Правы чалавека ў Беларусі”, прызнаюцца ўдзельнікамі экстрэмісцкага фарміравання і будуць прыцягнутыя да адказнасці па арт. 361-1 і 361-4 КК Беларусі», — пагражаюць прапагандысцкія каналы.

Нагадаем, на гэты момант пяць праваабаронцаў ПЦ «Вясна» застаюцца за кратамі: старшыня Алесь Бяляцкі, намеснік старшыні Валянцін Стэфановіч, юрыст Уладзімір Лабковіч, каардынатарка валанцёрскай службы Марфа Рабкова і валанцёр Андрэй Чапюк.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» ўзнік на хвалі пратэстаў 1996 года пад назвай «Вясна-96». У 1997 годзе «Вясна-96» была зарэгістраваная як мінская гарадская арганізацыя. У 1999 годзе — як рэспубліканскае праваабарончае грамадскае аб'яднанне.

У кастрычніку 2003 года цэнтр быў ліквідаваны рашэннем Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь. Прычынай для ліквідацыі паслужыў удзел членаў арганізацыі ў назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі 2001 года. 24 чэрвеня 2007 года Камітэт правоў чалавека ААН прызнаў, што, ліквідаваўшы Праваабарончы цэнтр «Вясна», беларускія ўлады парушылі пункт 1 артыкула 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Аднак у самім Мінску гэтае рашэнне праігнаравалі, выказаўшы меркаванне, што меркаванні КПЧ ААН з'яўляюцца толькі рэкамендацыйнымі.

Спробы зноў зарэгістраваць «Вясну» не ўвянчаліся поспехам. Усе тры адмовы ў рэгістрацыі таксама былі прызнаныя рашэннем КПЧ ААН парушэннем Беларуссю артыкула 22 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Пасля трэцяй адмовы ў рэгістрацыі сябры Рады арганізацыі заявілі аб спыненні далейшых спробаў рэгістрацыі з прычыны іх бессэнсоўнасці і працягу дзейнасці без дзяржаўнай рэгістрацыі.

6 сакавіка 2004 года цэнтр «Вясна» быў прыняты ў Міжнародную федэрацыю правоў чалавека.

«Вясна» з’яўляецца лаўрэатам шматлікіх праваабарончых прэмій. Толькі ў апошні час арганізацыя і яе лідар Алесь Бяляцкі сталі лаўрэатамі прэміі «За правільны лад жыцця», прэміі імя Марыён Дэнгаф, прэміі Albie Awards у катэгорыі «Справядлівасць для абаронцаў дэмакратыі» і прэміі «Human rights tulip».

7 кастрычніка 2022 года старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру. Ён стаў чацвёртым чалавекам, які атрымаў гэтую прэмію, знаходзячыся ў турме або пад вартай.