«За кратамі за любоў да Беларусі». Ціханоўская павіншавала Паўла Белавуса з народзінамі

Сёння 36 гадоў спаўняецца заснавальніку праекта symbal.by, які займаўся вырабам і продажам нацыянальнай беларускай сімволікіі і вопраткі, арганізатару святкавання 100‑годдзя БНР у 2018 годзе, палітзняволенаму Паўлу Белавусу. Да віншаванняў на яго адрас далучылася беларуская дэмакратычнай лідарка Святлана Ціханоўская.

Фота "Свабоды"

Фота "Свабоды"

«Сёння дзень народзінаў Паўла Белавуса. Чалавека, які заўсёды клапаціўся пра ўсё беларускае і сваімі дзеяннямі ствараў нацыянальную ідэю нашай краіны. Ён жыве мэтай — каб мы ўсе ведалі, што беларускамі і беларусамі быць годна. Але за сваю любоў да Беларусі ён зараз знаходзіцца за кратамі, — напісала Ціханоўская ў сваім тэлеграм-канале. —

Аднойчы Павел сказаў: «Не трэба баяцца беларускіх дзяўчат у майках-вышыванках, страшней убачыць рускіх хлопцаў у кірзавых ботах і на танках!». Павел глядзеў далёка наперад і меў рацыю. Зараз, калі рэжым перапісвае гісторыю нашай краіны, забараняе кнігі беларускіх пісьменнікаў і рэпрэсуе за размову на роднай мове, нам трэба яшчэ мацней бараніць сваё, беларускае.

Павел Белавус рабіў усё дзеля таго, каб у нас была магчымасць падкрэсліваць сваю нацыянальную ідэнтычнасць насуперак прарасійскай палітыцы. Дык давайце разам працягваць яго справу — размаўляйце па-беларуску, падтрымлівайце кантэнт на роднай мове і ўпрыгожвайце сябе рэчамі з нацыянальнай айдэнтыкай. Шануйце сваё і сваіх!

Сёння я б хацела пазычыць Паўлу як мага хутчэй апынуцца побач з сям’ёй і працягнуць працу на карысць новай Беларусі».


Глядзіце таксама

11 траўня Мінскі гарадскі суд прысудзіў Паўлу Белавусу 13 гадоў зняволення. Судовы працэс пачаўся 20 лютага і праходзіў у закрытым рэжыме. «Палітычны» прысуд па цалкам сфабрыкаванай справе вынесла суддзя Жана Брысіна.

Паводле версіі абвінавачання, Белавус «на працягу дзесяці гадоў вёў актыўную дзейнасць, скіраваную на змену дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».

«Пад выглядам культурна-гістарычнага развіцця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках і на сайтах ён распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх з'яўлялася змена дзяржаўнай улады ў Беларусі. Абвінавачаны зарэгістраваўся ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка і заснаваў таварыства з абмежаванай адказнасцю (крама па анлайн- і афлайн-продажы тавараў), пасля чаго пачаў праводзіць розныя масавыя мерапрыемствы», — распавядалі ў СК.

«Людзі Лукашэнкі» ў пагонах не змаглі патлумачыць, чаму яны 10 гадоў давалі працаваць, як яны кажуць, «здрадніку Радзімы» і маўкліва назіралі за яго дзейнасцю. У тым ліку нябожчык Макей неаднаразова прымаў удзел у мерапрыемствах, што ладзіў Павел Белавус.

У СК заявілі, што Павел Белавус падпісаў не менш як 12 дамоў з рознымі замежнымі прадстаўнікамі і кампаніямі і «стымуляваў варожасць суайчыннікаў у дачыненні да радзімы».

Паўлу Белавусу было прад'яўлена абвінавачанне па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса:

ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве);

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак);

ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь);

ч. 1 арт. 361-1 (кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем).

Нагадаем, заснавальніка Symbal.by і культурнага менеджара Паўла Белавуса затрымалі 15 лістапада 2021 года пасля выкліку ў міліцыю. Яго тройчы судзілі па «адміністратыўцы», а пазней перавялі ў СІЗА ўжо па крымінальнай справе. Ён прызнаны палітвязнем.

Таксама Паўла абвінавачвалі ў «кіраўніцтве экстрэмісцкім фарміраваннем» — «Беларускай Радай культуры», якой быў нададзены гэты статус, калі палітвязень ужо сем месяцаў як утрымліваўся пад вартай.