Хронікі рэпрэсій за 21 жніўня

Аблава ў Жлобіне, затрыманні на прадпрыемствах і суд над сынам апазіцыйнага палітыка — такія галоўныя навіны сённяшняга дня.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

***

У Мінскім гарадскім судзе пачаўся разгляд справы сына апазіцыйнага палітыка Анатоля Лябедзькі Арцёма. Яго затрымалі ў канцы сакавіка, двойчы прысудзілі да 15 сутак арышту і пасля абвінавацілі ў «фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання».

Паводле матэрыялаў справы, Лябедзька-малодшы «ажыццявіў шэраг грашовых пераводаў тром арганізацыям, прызнаным экстрэмісцкімі, з банкаўскага рахунку з выкарыстаннем мабільнага тэлефона». Ён таксама рабіў пераводы праз Facebook.

Арцём Лябедзька заявіў на судзе, што не разумее сутнасці прад'яўленых яму абвінавачанняў. Таксама ён адмовіўся адказваць на пытанні пракурора.

***

ГУБАЗіК пры ўдзеле АМАПа зладзіў аблаву ў Жлобіне. Затрымалі як мінімум чатырох чалавек, у тым ліку пару — 28-гадовага Аляксея Аўдзеева і 26-гадовую Кацярыну Заічкову. Аляксей працуе на Беларускім металургічным заводзе і падпрацоўвае таргетолагам, а Кацярына зарабляе фатаграфіяй. Яшчэ адзін затрыманы — 37-гадовы Аляксандр Савіцкі. Калі верыць сацсеткам, мужчына працуе на Жлобінскай ТЭЦ. Яго вынівацяць ва ўдзеле ў паслявыбарчых пратэстах.

За гэта ж затрымалі і 21-гадовага Максіма Калінічэнку, піша «Вясна». У відэа сілавікоў хлопец кажа, што працуе на пуцявой машыннай станцыі №117 «Жлобін-Паўночны».

***

Затрымалі супрацоўнікаў праектнага інстытута «Белгіпразем» — 42-гадовага вядучага інжынера Дзмітрыя Цярэшчанку і 46-гадовага начальніка аддзела землеўпарадкавання №3 Івана Бразінскага.

Абодва працуюць у Інстытуце не менш за 20 гадоў, піша «Салідарнасць». Іх абвінавачваюць у перасылцы інфармацыі з незалежных СМІ і «распальванні пратэсных настрояў на прадпрыемстве». Івана яшчэ абвінавачваюць у тым, што ў яго дома была беларуская нацыянальная сімволіка і ён рабіў з ёй фота.

Яшчэ адзін затрыманы — 22-гадовы сын Івана Уладзіслаў Бразінскі. Хлопец у 11 класе ўдзельнічаў у алімпіядзе па матэматыцы ад факультэта прыкладной матэматыкі БДУ. Яго абвінавачваюць таксама ва «ўдзеле ў пратэстах» і напісанні ў боты каналаў «Беларусь галаўнога мозгу» і «NEXTA».

Верагодна, супрацоўнікаў «Белгіпразема» арыштавалі падчас аблавы на прадпрыемстве з надглядам тэлефонаў. Таксама імаверна, што пасля арыштавалі Уладзіслава — у відэа сілавікоў прыводзіцца перапіска, дзе Іван з кімсьці абмяркоўвае ўдзел сына ў пратэстах.

***

На мінулым тыдні супрацоўнікі КДБ у Магілёве затрымлівалі Аляксея Касцюшкіна і Вольгу Сілкову. На дадзены момант яны на волі. Наколькі вядома, сілавікі ім нічога не прад'яўлялі, але правялі «прафілактычныя гутаркі» і папрасілі запісаць відэа, паведамляе «MAYDAY».

Так, Касцюшкін быў вымушаны сказаць, што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у «несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах» і «дапускаў выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі, нейкія выказванні».

Вольга Сілкова ж, у сваю чаргу, паведаміла, што «разам з дзецьмі ў жніўні 2020 года была падманутая і выходзіла на несанкцыянаваныя мітынгі». Цяпер жа яна «апазіцыю не падтрымлівае».

***

12 траўня Мінскі гарадскі суд прызначыў прымусовае лячэнне ў псіхіятрычнай бальніцы «Гайцюшнікі» Ігару Папову, але вядома пра гэта стала толькі цяпер.

Яго абвінавацілі па артыкулах аб «абразе Аляксандра Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК), «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) і «пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да міліцыянта» (арт. 364 КК).

Праваабаронцы пішуць, што Папова затрымалі ў верасні 2022 года. Мужчыну ўтрымлівалі пад вартай у Жодзінскай турме. Працэс над ім праходзіў у закрытым рэжыме.

4 жніўня Папова ўнеслі ў «спіс экстрэмістаў».

***

Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», у дачыненні да былога палітзняволенага Дзмітрыя Абрамука распачатая новая, трэцяя, крымінальная справа — за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4 КК). 

Дзмітрыя няма ў Беларусі ўжо тры месяцы: пасля выхаду на волю ён пакінуў краіну. Нягледзячы на гэта, 18 жніўня супрацоўнікі міліцыі прыехалі з ператрусам да яго маці. На маёмасць у доме накладзены арышт.

Прычынай цікавасці сілавікоў, паводле слоў былога палітвязня, сталі звесткі супрацоўнікаў папраўчай установы адкрытага тыпу №9, дзе ён адбываў пакаранне, у тэлеграм-канале «Дзікае паляванне». У допісах выкарыстоўваліся спасылкі на яго інтэрв'ю і публікацыі ў СМІ. Заяву на Дзмітрыя напісалі супрацоўнікі «хіміі», чые звесткі былі «злітыя» ў Telegram-канале.

***

Палітвязень Дзяніс Іваноў на волі. Ён вядомы як акцёр, які здымаўся ў серыяле «Вяртанне Мухтара», быў таксама кастынг-дырэктарам стужкі.

Дзяніса асудзілі на два гады «хіміі» паводле арт. 368 КК, якія ён адбываў у ПУАТ № 9, працуючы грузчыкам на «БелТІЗ». Ужо падчас знаходжання ў ПУАТ Дзяніс ажаніўся.

29 ліпеня палітвязень выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін.

***

Як паведамляе ініцыятыва прадстаўніцы па сацыяльных пытаннях АПК Вольгі Гарбуновай @klopat_by, на сённяшні дзень ужо шмат месяцаў адсутнічае любая інфармацыя пра самых вядомых палітвязняў: Марыю Калеснікаву — 188 дзён, Максіма Знака — 193 дні, Мікалая Статкевіча — 194 дні, Ігара Лосіка — 163 дні, Сяргея Ціханоўскага — 165 дзён, Віктара Бабарыку — 116 дзён.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», у Беларусі налічваецца ужо 1495 палітычных зняволеных. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1743 людзей, у тым ліку 192 жанчын і 8 непаўнагадовых. 18 палітвязняў адпраўленыя на прымусовае лячэнне.