1000 дзён няволі Міколы Дзядка

Сёння, 9 жніўня, 1000 дзён, як журналіста «Новага Часу», анархіста і палітвязня Міколу Дзядка ўтрымліваюць за кратамі.

mikalaj_dzjadok_3_logo.jpg.webp

«Для тых, хто ставіць перад сабой мэту самаўдасканалення, турма — сапраўдная школа барацьбы са сваімі слабасцямі, школа разумення чалавечай псіхалогіі, школа пазнання меж сваіх магчымасцей, прасцей кажучы — школа жыцця. Такой яна стала і для мяне». 

Гэта ўрывак з кнігі Мікалая Дзядка «Фарбы паралельнага свету», напісанай паводле яго першага палітычнага зняволення ў 2010 — 2015 гадах. Тады Мікола зазначаў: сядзець у турме не так цяжка, калі ты ведаеш, дзеля чаго трываеш пакуты. Ён дакладна ведаў — і цяпер мэты яго не змяніліся: «дзеля таго, каб унесці свой, хай і мізэрна малы, унёсак у пабудову грамадства, у якім адна чалавечая асоба ніколі не будзе пазбаўляць волі, правоў і чалавечай годнасці іншую». Толькі гэтая мэта, сцвярджае анархіст, вартая таго, каб ахвяраваць воляй, здароўем і нават жыццём.


Глядзіце таксама

Хтосьці можа ўсміхнуцца: яшчэ адзін рэвалюцыянер-рамантык. І памыліцца. Бо, апроч рэвалюцыйнай рамантыкі, Міколу вылучаюць сталёвая воля, загартаваны дух, глыбокі розум і непахісная мэтанакіраванасць. На першым месцы для яго — свабода, справядлівасць, адказнасць. І гэта не проста словы, а прынцыпы жыцця палітвязня, якімі ён кіруецца і ў няволі, дзе ўтрымліваецца ўжо больш за два гады. З улікам «асаблівага стаўлення» да палітвязняў і анархістаў у месцах зняволення больш за два гады знаходжання ва ўмовах штодзённага прэсінгу, катаванняў, прыніжэнняў цяжка ўявіць, гэта мала хто здольны вытрымаць, а тым больш — захаваць годнасць.


Мікола не проста вытрымлівае. Пэўна, ці не большасць з нас назаве 1000 дзён зняволення вырваным з жыцця часам — але толькі не Мікола. Ён знаходзіць сілы, каб захоўваць бадзёры настрой і займацца самаразвіццём. Вось як ён сам апісвае сваё стаўленне да жыцця ў няволі: «Многія чамусьці лічаць, што гады ў турме — гэта «страчаныя гады», «упушчаны час» і г. д. Паклаўшы руку на сэрца я наогул не лічу гэтыя гады для сябе страчанымі. Яшчэ на першым тэрміне я вырашыў ніводнага дня ў няволі не праводзіць марна. І гэта неабавязкова вучоба і трэніроўкі. Разважанні, медытацыі, мары — усё гэта таксама ідзе на карысць, калі жывеш свядома.

Хай не заўсёды маё жыццё камфортнае, але яно заўсёды напоўненае сэнсам».


Глядзіце таксама

Гэты сэнс карнікі не могуць забраць у Міколы, нават кідаючы яго ў ШІЗА, дзе не дазволена абсалютна нічога. Толькі сёлета ў такіх умовах Дзядок пабываў не менш як чатыры разы па сем, а то і дзесяць сутак. Пра тое, як там можна бавіць час, Мікола падрабязна пісаў у сваёй кнізе: 

«Застаецца няшмат: хадзіць па камеры з кутка ў куток, калі «мэбля» дазваляе (звычайна гэта пяць маленькіх крокаў у адзін бок), займацца спортам (калі можна назваць «спортам» практыкаванні ў памяшканні, куды амаль не трапляе свежае паветра) ці проста, седзячы, думаць… Асабіста мяне ратавала ёга, медытацыя, мары аб будучыні і доўгія «пешыя прагулкі».

Глядзіце таксама

Толькі ўявіце: у ШІЗА нельга мець ніякіх рэчаў, апроч мыла, зубной шчоткі, пасты, туалетнай паперы і форменнага адзення. Нельга чытаць, пісаць, хадзіць на шпацыр, атрымліваць пасылкі і лісты, тэлефанаваць родным, не кажучы ўжо пра спатканні з імі. Зрэшты, спатканняў і пасылак Міколу Дзядка пазбавілі і так, перавёўшы яго на турэмны рэжым.

Як магчыма вытрымаць гэта? Адказ Міколы — няспынна працаваць са сваёй воляй. 

«Бяспройгрышны ход — адразу настройвацца на турму, на максімальны тэрмін. Парадокс, але гэта робіць вас значна больш свабодным. Вы вызваляеце свой мозг ад бясконцай гонкі страхаў і хваляванняў і загружаеце яго больш практычнымі рэчамі: як правесці час з карысцю, як захаваць здароўе, — піша вязень. — Таму асноўная выснова: кожны мусіць цвяроза ацэньваць свае сілы і разумець, чым ён гатовы ахвяраваць. Няхай кожны робіць тое, на што хапае ягонага ўнутранага рэсурсу».

Абсалютнае разуменне сваёй ролі, дакладнае ацэньванне ўласных рэсурсаў і цвярозы погляд на сітуацыю — тое, што вылучае Міколу сярод многіх вязняў. Рэчы, якія дазваляюць яму трымацца, актуальныя нават для нас, тых, хто на волі.

1. Дакладнае разуменне таго, дзеля чаго ты пакутуеш.

Для гэтага разумення, на думку Міколы Дзядка, важна мець добры багаж ведаў. Сам палітвязень вырас на працах Пятра Крапоткіна, Эрыха Фрома, Пятра Рабава, на артыкулах часопіса «Аўтаном». Але ён зазначае, што ў кожнага могуць быць свае маральныя аўтарытэты і тэарэтычныя школы — галоўнае, каб яны былі. 

«Як зразумець, што твой ідэалагічны багаж досыць трывалы? Ён такі, калі ты ўмееш тлумачыць свае ідэі і сваю матывацыю чалавеку з любым узроўнем адукацыі — ад самага нізкага да самага высокага», — дае параду актывіст.

2. Разуменне гістарычнасці і асэнсаванасці ўсяго, што з табой адбываецца. 

«Сістэма робіць усё, каб кожны з нас адчуваў сябе толькі целам у робе ў чатырох сценах. У рэальнасці ж кожны з нас распачаў усвядомленыя намаганні і пайшоў на рызыку дзеля змены свету, а гэта — вялікая справа. Таму кожны з'яўляецца часткай грандыёзнага вызвольнага руху, які працягнуўся скрозь стагоддзі і кантыненты», — настойвае палітвязень.

3. Моцнае кола блізкіх аднадумцаў. 

Як высока наш калега цэніць паплечнікаў, можна зразумець з урыўка артыкула, дзе Мікола распавядаў пра псіхалогію допыту:

«Ваша мэта — інфармацыі яму (аператыўніку. — НЧ) не даць. Улічваючы спецыфіку крымінальных спраў супраць «экстрэмістаў», гэтая мэта роўная мэце «вывесці з-пад небяспекі таварышаў». Заўважце, ваша мэта — не «выратаваць сябе», не «пазбегнуць турмы», не «знізіць тэрмін», не «захаваць фізічны і псіхалагічны камфорт». Не. Ваша мэта адна: не даць аператыўнікам інфармацыі, якая будзе небяспечнай для вашых сяброў, калег, таварышаў».

***

1000 дзён — гэта амаль палова тэрміну, які прызначыла Міколу суддзя Анастасія Папко ў лістападзе 2021 года. Год таму палітвязень падлічыў, што правёў за кратамі пятую частку свайго жыцця. Але Мікола верыць, што ўсё недарэмна і вольная Беларусь вартая таго, каб трымаць гэты ўдар.

Нагадаем, крымінальная справа на Мікалая Дзядка была заведзена ў лістападзе 2020-га. Падчас затрымання і потым у аддзяленні ГУБАЗіКа Міколу Дзядка жудасна катавалі. 

10 лістапада 2021 года Мікалая Дзядка асудзілі на пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Спачатку палітвязень адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі ў Горках, потым яму ўзмацнілі рэжым і перавялі ў гродзенскую турму.

Падтрымаць палітвязня лістамі можна на адрас: Турма № 1. 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1. Дзядку Мікалаю Аляксандравічу.