Чаму варта зазірнуць у «паралельны свет» Міколы Дзядка
Кніга «Фарбы
паралельнага свету» не стала сенсацыяй, затое расклала ўсё на свае палічкі.
Гэта больш падручнік па выжыванню за кратамі, чым апісанне асабістых прыгодаў і
пакутаў.
Кажуць, калі ты глядзіш у бездань, бездань непазбежна глядзіць у цябе. Турма і ўвесь закратны свет — сапраўдная беларуская бездань, якая ўтварылася немаведама калі ды немаведама калі знікне, калі знікне наогул...
Ці варта набліжацца да краю, каб туды зазірнуць? Не ведаю. Найчасцей, трапляюць туды не па сваёй волі ды і вяртаюцца, часцяком, зусім не тады, калі таго чакаюць. Кніга Мікалая Дзядка — унікальны шанец зазірнуць у гэтую чорную пустку, не пераходзячы яе парога, не набліжаючыся да чырвонай рысы.
“Выжыць любым коштам”
Па-шчырасці, з усяго напісанага беларусамі паводле вопыту, здабытага “там”, “Фарбы паралельнага свету” уразілі мяне ці не найбольш. Чаму? Магчыма таму, што кніга не носіць адбітку болю і самашкадавання аўтара. Магчыма, бо не мае маралізатарскіх матываў, хоць і не пазбаўленая пафасу. Магчыма, бо не апускаецца да дакументавання дробязяў, але звяртае ўвагу адно на самае цікавае.
У нейкім сэнсе кніга атрымалася безасабовай, нягледзячы на асабістую харызму яе творцы. Як ужо пісалася вышэй, гэта хутчэй падручнік па выжыванні, такі сабе турэмны “Выжыць любым коштам” ад Беара Грыллза, чым лірычнае шчымлівае апісанне пакутаў і перажыванняў тонкай натуры. А падручнік, як вядома, нівелюе асобу аўтара, бо пішацца для цікаўнага вучня, а не для “фан-клубу”.
Інтэлігентны ўсмешлівы хлопец і …”Людаед”
З аўтарам кнігі анархістам, а сёння яшчэ і калегам-журналістам Міколам Дзядком мы пазнаёміліся ў адной з камераў “Валадаркі” у далёкім 2011-м. Тады, пры першай сустрэчы, невысокі хударлявы акулярык не складаў уражанне “глыбы”, “крэменя” ці наўпрост “баевіка”, ролю якога на яго старанна навешвала следства. Інтэлігентны ўсмешлівы хлопец, у меру гаваркі і адкрыты.
Пасля першага ўнутрыкамернага канфлікту, калі Коля абсалютна спакойным цвёрдым тонам абсякаў прэтэнзіі і пагрозы пакалечыць з боку здаравезнага “Людаеда” (сапраўды, такая была мянушка) з распаласаваным шнарамі тварам і кулакамі-гірамі, стала зразумела: гэта чалавек, які забіў у сабе страх, здабыў асобу і душу, якая паводле маніхеяў даецца ад нараджэння далёка не кожнаму. Ён здабыў, ён — чалавек.
Цыгане, Фрэзер і алкаголь “назло мусарам”
Сёння, працуючы штодня з інфармацыяй, я рэдка чытаю кнігі. Яшчэ радзей – дачытваю да канца. У выпадку з “Фарбамі…” хацелася чытаць па-троху, адмыслова спыняючыся, узгадваючы, асэнсоўваючы. Яшчэ больш хацелася працягу, перагарнуўшы апошнюю старонку кішэннага невялічкага выдання.
За кратамі Мікола правёў каля пяці год, я — усяго сем месяцаў. Калі мне пашчасціла зірнуць усяго толькі ў прыхожую, ён прайшоўся па гэтым змрочным замку з прывідамі пад кодавай назвай “беларуская пенетэцыярная сістэма” уздоўж і ўпоперак. Яму ёсць, што распавесці, таму і распавядае не ўсё, адно тое, што лічыць патрэбным.
У кнігу, нажаль, не ўвайшлі гісторыі аб тым, як Мікола, які прынцыпова не ўжывае алкаголь, напіўся ў ізалятары “назло мусарам” — бо нельга. Не ўвайшла туды і фантастычная гісторыя пра цыганаў, якія ў лагеры закапалі свайго родзіча па горла ў зямлю, каб глеба “забрала зашквар” — турэмную рытуальную “нечысціню”, якая пераўтварае вязня ў “петуха”. Апошняе — наогул унікальны антрапалагічны прыклад у стылі “Залатой галіны” Фрэзера.
Паралельныя прамыя, якія перакрыжоўваюцца…
Затое, увайшло багата іншага. Напрыклад, гісторыя аб з’ехаўшым з глузду зэку, былым “оперы”, асуджаным за выкраданне Завадскага, які матае свае 20 з нечым год у адзіночцы ды спявае песні ў прагулачным дворыку, каб не развучыцца размаўляць.
Альбо байка пра “адсаджаных” супрацоўніках лагернай адміністрацыі, з якімі іх жа калегі, уключна з афіцэрамі, адмаўляюцца вітацца за руку ды разам піць гарбату — цудоўны прыклад таго, як турэмная суб-культура запаўзае пад гімнасцёркі і форменныя кашулі ахоўнікаў… Нічога дзіўнага: калі ты глядзіш у бездань, бездань глядзіць у цябе.
Дык навошта чытаць Дзядка ды глядзець у бездань чалавеку, які не ходзіць на мітынгі, не скануе гарадскія сцены на прадмет паліт-агітацыі, не ведае, чаму кожнае 25 сакавіка па праспекце Незалежнасці ды ў дварах прагульваюцца парамі хлопцы спартовага целаскладу з сумнымі тварамі?..
Магчыма таму, што трапіць “туды” у нашай краіне можа кожны, а нашы “паралельныя сусветы” занадта часта накладаюцца адзін на другі. У школе нас вучылі, што паралельныя прамыя не перакрыжоўваюцца, але ў рэальнасці, як бачым, усё значна цікавей.
Пра тое і кніга.
Даведацца, як атрымаць кнігу, можна па спасылцы.