У Мінску затрымалі былога следчага, які звольніўся пасля выбараў у знак пратэсту

У Мінску 1 лютага затрымалі былога следчага Мікіту Старажэнку, які звольніўся ў знак пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

minsk_sledovatel_zaderzhanie_2022_1.jpg


Як паведамляюць праваабаронцы, затрымалі 28-гадовага мінчука ў гандлёвым цэнтры. Паводле папярэдняй інфармацыі, ён падазраецца ў распальванні варожасці групай асоб, гэта значыць па ч.3 арт 130 КК. Санкцыя артыкула прадугледжвае ад пяці да дванаццаці гадоў пазбаўлення волі.

Мікіта Старажэнка сышоў са Следчага камітэта ў 2020 годзе.

«Звальняцца было цяжка, разумеючы, што чакае велізарны доўг за навучанне і ёсць сям'я, але выконваць тое, што супярэчыць сумленню, яшчэ цяжэй. Я не хачу адпраўляць у архіў матэрыялы праверак, якія павінны быць крымінальнымі справамі. Сумленных супрацоўнікаў у нашых органах шмат, але яны заціснутыя рамкамі загадаў і даўгоў перад дзяржавай» — напісаў у сваіх сацсетках 17 жніўня 2020 года Мікіта.

У траўні 2021 года Старажэнка, як і іншыя сілавікі, якія звольніліся ў знак пратэсту, быў пазбаўлены звання старшага лейтэнанта юстыцыі запасу. Пасля звальнення былы следчы працаваў юрыстам.