Як філосаф, паэт, дысідэнт Зніч стаў рускамірскім манахам Іаанам
Многія беларусы ведаюць Алега Бембеля як філосафа, актыўнага ўдзельніка нацыянальнага руху, паэта. Але сёння ён на чысцюткай беларускай мове піша вершы пра «бацьку», распавядае пра «вермахт-НАТА» і моліцца на «святарусь». У дзень народзінаў манаха прасочым ягоны пакручасты шлях.
Алег Бембель нарадзіўся 16 снежня 1939 года ў сям’і вядомага скульптара Андрэя Бембеля, аўтара барэльефаў на мануменце Перамогі, «Кургана Славы». Да таго ж Бембель-старэйшы быў перакананым атэістам і камуністам.
«У майго бацькі ў майстэрні часта збіралася «мінская шляхта». Усе размаўлялі, і цётухна мая ў нас бывала. І за сталом усе былі не такія, як з трыбун. Усе чыноўнікі былі ў асноўным вясковыя хрышчоныя хлопцы, якія вайну прайшлі. Я, малы, любіў круціцца каля дарослых і слухаць іх размовы. Не ўсё разумеў, але мне было цікава. У такой атмасферы я рос: паміж падыходам, што Бога няма, і маёй цётачкай, якая была жывым прыкладам адваротнага. Бывала, я вельмі любіў з ёй размаўляць, гадзінамі. Я такі малы, ужо нейкія дыскусіі з ёй вёў, наслухаўшыся і «бязбожных» аргументаў, і цётчыных», — распавядаў Алег Бембель у інтэрв’ю.
У 1969 годзе Алег Бембель скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па спецыяльнасці фартэпіяна, выкладаў музыку.
Даследчык Сяргей Кавалёў у сваім артыкуле «Апостал Нонканфармізму. Дысідэнцкі перыяд Алега Бембеля» піша:
«Пад уздзеяннем сваёй цёткі Анастасіі зрабіўся апалагетам хрысціянскага камунізму, пісаў і распаўсюджваў сярод студэнтаў кансерваторыі мастацка‑публіцыстычныя тэксты на гэтую тэму.
Пошук новых творчых формаў прывёў да ідэі злучыць паэзію, музыку і жывапіс, у выніку нарадзіўся вершаваны сцэнар, які быў прызнаны антысавецкім. Гэты тэкст у раздрукаваным выглядзе стаў як самвыдат хадзіць па руках, пакуль не патрапіў у КГБ, куды на «прафілактычную гутарку» быў выкліканы бацька Алега, вядомы скульптар Андрэй Бембель. Аўтар быў вымушаны пакінуць Беларусь і некалькі год працаваў выкладчыкам музыкі ў Калужскай вобласці Расіі.
У адным з позніх інтэрв’ю паэт больш падрабязна распавёў пра апісаныя вышэй падзеі: пра тое, як прымусова быў адпраўлены са студэнцкай аўдыторыі ў псіхіятрычны шпіталь (распаўсюджаны спосаб барацьбы з іншадумцамі ў СССР), як бацька, народны мастак БССР, выцягнуў яго адтуль пад асабістую адказнасць і завёз да сяброў у Расію, далей ад пільнага вока беларускага КДБ».
У 1970-м Алег Бембель становіцца членам кампартыі, а ў 1971-м – аспірантам Інстытута філасофіі і права АН БССР, аднак сышоў адтуль праз тры гады, паколькі дысэртацыю Бембеля прызналі «нацыяналістычнай».
Напрыканцы 1970-х публікаваў свае першыя вершы ў газетах «Літаратура і мастацтва», «Маладосць», «Полымя».
У 1985 у Лондане, дзякуючы намаганням Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі, пабачыла свет кніга спадара Алега «Роднае слова i маральна-эстэтычны прагрэс», прысвечаная рэальнаму стану беларускай мовы пры камуністах. Аўтар выказваў рэзкую крытыку на адрас савецкай моўнай палітыкі. Лонданскае выданне працы Бембеля трапіла на Беларусь, распаўсюджвалася сярод чытачоў з дапамогай ксераксу і стала важнай пазіцыяй беларускай дысідэнцкай літаратуры.
За публікацыю кнігі Алег Бембель быў выключаны з КПСС і звольнены з Інстытута філасофіі і права. У навуковых установах збіраліся сходы дзеля цкавання спадара Алега.
Не дзіўна, што напрыканцы 1980-х ён становіцца актыўным удзельнікам беларускага нацыянальнага руху. Тады ж бярэ псеўданім Зніч, якім падпісвае свае вершы і распаўсюджвае іх з дапамогай самвыдату. Таксама некаторыя вершы Алега Бембеля таемнымі шляхамі перадаваліся ў Нью-Ёрк і друкаваліся ў эмігранцкай газеце «Беларус». Да таго ж спадар Бембель славіўся сваімі з’едлівымі эпіграмамі. Асаблівую папулярнасць набыла эпіграма «Калегам‑мовазнаўцам»:
«Мовазнаўцы, мовазнаўцы!.. / Мовы блудныя сыны! / Здэцца, даў‑бы ім па с...цы / Так, каб роднай мовы‑маці / Не цураліся яны».
Як піша Сяргей Кавалёў, у асяроддзі мінскай навуковай і творчай інтэлігенцыі 1970‑х – пачатку 1980‑х гадоў філосаф і паэт Алег Бембель быў знанай асобай, сярод ягоных сяброў і знаёмых былі пісьменнікі Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч, Алесь Разанаў, мастакі Аляксей Марачкін, Мікола Купава, Яўген Кулік, мастацтвазнаўца Зянон Пазняк. Аб’ядноўвала гэтых творцаў тое, што ўсе яны былі свядомымі патрыётамі Беларусі, знаходзіліся пад пільным наглядам КДБ і мелі ў сваёй біяграфіі непрыемныя эпізоды, звязаныя з гэтай арганізацыяй (гэтаксама, як і Алег Бембель).
У паэтычным зборніку «Рэха малітвы», выдадзеным пад псеўданімам Зніч месціцца верш «Багушэвіч», прысвечаны закліку «Не пакідайце‑ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі!».
«Умёрлі… заглыбілі / сум і маўчаньне… /Спраўдзілі ўсё, чым пакутаваў ты… / Горка і зьдзіўлена ўздых разьвітальны / слухаюць крэўныя нашы браты… / Мовы падчаркі і каралеўны, / Чаму так дзееца, што вы няроўныя?… / Доляй забранай бел‑чырвона‑белаю / моўчкі Мадонна сына ахоўвае…».
Пачатак біяграфіі годнага грамадзяніна і чалавека, праўда?
13 красавіка 1982 года тады ўжо 43-гадовы Алег Бембель таемна прымае хрост на кватэры праваслаўнага святара Георгія Латушкі.
«А гэта было вельмі рызыкоўна: калі б нас там застукалі, абодвух бы з Акадэміі пагналі, і бацюшку таксама пакаралі б за падпольную дзейнасць», — падкрэсліваў Бембель.
«У асяроддзі творчай інтэлігенцыі другой паловы васьмідзесятых гадоў Алег Бембель меў імідж самотніка‑дзівака, «белай вароны» з прычыны парадаксальнага, як многім здавалася, спалучэння нацыянальна‑адраджэнскіх поглядаў і глыбокай хрысціянскай веры ў яе праваслаўным варыянце, што ў беларускіх нацыянал‑радыкалаў асацыіраваўся з расійскім шавінізмам», — пісаў Сяргей Кавалёў.
Як паказаў час, «беларускія нацыянал-радыкалы» не памыляліся.
У 1996 годзе Алег Бембель робіцца святаром, пасяляецца ў Жыровіцкім манастыры, дзе атрымлівае духоўнае імя Мікалай. «Адчуў, што прыйшоў час аддзяліцца ад плоці і вярнуцца да Таго, хто паслаў мяне сюды», — казаў спадар Бембель. Праз 13 гадоў, пасля пострыгу, інак Мікалай стаў манахам Іаанам.
Жывучы ў рускамоўным асяродку, Алег Бембель у паўсядзённасці карыстаецца выключна беларускай мовай. У 2013 годзе падчас інтэрв’ю Радыё Свабодзе ён казаў: «Мова кожнаму племені дадзеная як найвялікшая святыня, як найвялікшы Божы дар, якім гэтае племя павінна бараніць чалавечыя і хрысціянскія каштоўнасці».
Што да складанаўладкаваных палітычных поглядаў спадара Алега, дык ён марыць пра ўсталяванне праваслаўнай манархіі ў Беларусі. Манархіі пад бел-чырвона-белым сцягам.
Ёсць у манаха і просты рэцэпт выканання сваёй мары: «Гэта можна зрабіць адным дэкрэтам прэзыдэнта, кваліфікавана сфармуляваным юрыстамі. Дэкрэтам прэзыдэнта можна вярнуць на тэрыторыі Беларусі дзейнасць адзінай легітымнай канстытуцыі, якая была да лютага 1917 году. Дарэчы, яна прызнавалася за самую дасканалую ў сьвеце, яна базавалася на запаведзях Божых і канонах царквы. Гэта было б прыкладам для ўсёй хрысьціянскай Эўропы», — казаў спадар Бембель у інтэрв’ю, і ў той жа размове падкрэсліваў сваю адданасць бел-чырвона-беламу сцягу:
«Гэта (вяртанне бел-чырвона-белага сцяга) трэба вымаліць у Госпада. Нам усім трэба моцна пакаяцца. Моцнае нацыянальнае пакаяньне павінна быць. І тады добрымі справамі і малітвамі, можа, вымалім у Госпада, каб колеры Хрыстовай плашчаніцы зноў сталі нашым дзяржаўным сьцягам. Царква даўно пад гэтымі колерамі. Адзеньне епіскапаў і патрыярхаў праваслаўных пакрытае колерамі плашчаніцы. А як дзяржаўны сьцяг — трэба вымаліць. Я думаю, Гасподзь ізноў дабраславіць, каб сьвятыя колеры Хрыстовай плашчаніцы сталі нашым дзяржаўным сьцягам. Я малюся за гэта».
Малітвы за бел-чырвона-белы сцяг выдатна спалучаюцца ў свядомасці манаха з напісаннем вершаў, што ўслаўляюць «бацьку». У размове з Андрэем Павуком у 2022 годзе – верагодна, найбольш гарачым і эмацыйным публічным выступам Андрэя Бембеля – ён працытаваў наступныя свае радкі:
«Куба і Беларусь / Галія і Беларусь / Бацька – гэта працяг Фідэля / Дзядзьку Зарэчнаму памперсы сцеле / Бацька – гэта працяг дэ Голя / Хрысціянскай Еўропе – радасць ды доля».
Знайшлося ў паэта і прысвячэнне сумнавядомай ігуменні Гаўрыіле (Марыі Глухавай):
«Ты змалку ўзрастала ў царкве / Спакусы свету шчасна абмінала / У час богаборны чым магла спрыяла / І Іерусаліму і Маскве».
Наконт Іерусаліма дык наўрад ці, а вось Маскве ігумення паспрыяла дакладна, калі выступала з гарачай пралукашэнкаўскай прамовай, называла беларускіх пратэстоўцаў «сектантамі» і асабіста дарыла тарты АМАПаўцам, выказваючы прыхільнасць іх метадам.
У адказ на пытанне Андрпэя Павука «чаму нашая дзяржава падтрымала расійскую агрэсію супраць Украіны?» манах Іаан, ён жа Алег Бембель, некалі выбітны філосаф і паэт, выдаў палотнішча свайго светапогляду. Просім чытача маральна падрыхтавацца да горшага перад чытаннем наступных словаў, а дзяцей адысці ад экранаў:
«Таму што калектыўны антыхрыст і вермахт-Ната ад лініі Эльбы трапілі ажно ў Прыбалтыку і Данбас. І цяпер святая Русь малітвамі Хрыстовымі адганяе іх са сваіх спрадвечных абшараў. Вось гэтага самага крываногага валасатага заморскага дзядзьку, каторы сунуў рогі ў самае сэрца святой Русі. Вось што адбываецца ў глабальным маштабе, якое супрацьстаянне. Дзядзька заморскі калектыўны підэр-фюрэр паставіў сваіх лялек. Хунту галічан, апантаных паталагічнай нянавісцю да святой Русі.
І гэтыя лялькі заморскага дзядзькі прынялі зараз яго на сваю зямельку, прынялі зброю ягоную і рукамі славянскіх індзейцаў зачышчаюць шостую частку сушы, засвойваюць усе кантыненты па аналогіі з зачысткай і засваеннем кантынента паўночна-амерыканскага. Імі правіць КПСС: кагальная партыя сатанінскага саюзу. Правіць вось гэтай заакіянскай антыхрыставай імперыяй».
Сёння Алегу Бембелю спаўняецца 84 гады. Вядома, паважаны ўзрост накладае свае адбіткі на здольнасць аналізаваць рэчаіснасць. Але праслухоўваючы запіс размовы са спадаром Алегам на ютуб-канале «Рудабельская паказуха», нельга не адзначыць жывасць розуму, хуткасць думкі манаха Іаана. Таму, як не сумна, прыведзеная вышэй цытата верагодна сапраўды з’яўляецца вынікам шматгадовых развагаў Алега Бембеля. І безумоўна, вынікам значнай часткі жыцця, праведзенай пад уплывам прапаганды РПЦ. Зрэшты, падобныя перакананні, якія імкнуцца аспрэчыць законы логікі, нярэдка можна пачуць ад нашых старэйшых сваякоў, што бавяць вечары перад тэлеэкранам. Але мала хто з іх мае ў біяграфіі словы «паэт», «адраджэнец», «філосаф».
Так ці інакш, віншуем Алега Бембеля з народзінамі і дзякуем прынамсі за паслядоўную абарону беларускай мовы на кожным этапе жыцця.