Літоўскія сілы бяспекі бачаць у беларусах шпіёнаў

«Беларускае пытанне» падзяляе дэпутатаў літоўскага Сейма на два лагеры. Адны патрабуюць абмежаванняў для беларусаў, другія супраць такіх прапаноў.

Літоўскія спецслужбы патрабуюць абмежаванняў для беларусаў. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Літоўскія спецслужбы патрабуюць абмежаванняў для беларусаў. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

У Літве зноў уздымаецца пытанне беларусаў, якія пражываюць у краіне. Раней пра пагрозу гаварыла служба прэзідэнта Літвы і асобныя палітыкі, а цяпер гэтую тэму падняў Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы (ДДБ). Не так даўно кіраўнік ДДБ заявіў, што ў Літве фіксуецца высокая актыўнасць беларускіх шпіёнаў і сітуацыя ў хуткім часе можа стаць некантраляванай. Некалькі дэпутатаў зарэгістравалі папраўкі, якія дазволяць абмежаваць выдачу віду на жыхарства беларусам у Літве. Аднак немалая частка дэпутатаў не лічыць інфармацыю пра пагрозы пераканаўчай. Пра гэта расказвае літоўскі тэлеканал LNK.

І самі ініцыятары не ўпэўненыя ў тым, што іх прапанова можа даць станоўчы вынік, але ўсё ж робяць спробу. «Мы прапануем даць па тармазах», — сказаў LNK кіраўнік парламенцкага камітэта па нацбяспецы і абароне Лаўрынас Кашчунас. Гэтае пытанне ў Літве абмяркоўваецца з вясны, калі парламент прыняў абмежаванні для грамадзян Расіі, а прэзідэнт краіны Гітанас Наўседа наклаў вета, бо хацеў, каб аналагічныя абмежаванні распаўсюджваліся і на беларусаў. Тады беларусы сабраліся на акцыю ля літоўскага парламента, парламент адхіліў вета прэзідэнта.


Глядзіце таксама

«Дзякуй, Літва!» — скандавалі тады прысутныя. Улетку ў Беларусь перабраліся найміты ПВК «Вагнер», таму дыскусія пра абмежаванні зноў аднавілася. Але ў парламент прыехала Святлана Ціханоўская і папрасіла нічога не мяняць. «Трэба адрозніваць беларусаў і расійцаў і беларускі рэжым і беларускіх людзей», – сказала тады Ціханоўская. Наступіла зіма, і трое кансерватараў – Кашчунас, Аўдронюс Ажубаліс і Паўлюс Саўдаргас – зарэгістравалі папраўкі, каб усё ж абмежаваць выдачу віду на жыхарства беларусам.

«Прычына ясная, бо ёсць новая ацэнка нашых спецслужбаў, яны адзначаюць, што пагроза расце», — сказаў LNK Саўдаргас. Сцвярджаюць, што ў ліку пагроз ад бедарусаў ёсць і шпіёны.

Кіраўнік ДДБ Дарус Яўнішкіс сказаў, што актыўнасць шпіёнаў беларускага КДБ у Літве рэкордная. «Палічыце, у 2025 годзе ў нас будзе 100 000. Я б сказаў, што гэта ўжо значная сіла. Як бы там ні было, надыдзе час, калі пяройдуць рысу і мы ўжо не зможам справіцца», – сказаў LRT Яўнішкіс. Праўда, нават не ўсе кансерватары ўпэўненыя ў тым, што трэба абмяжоўваць выдачу віду на жыхарства беларусам. «Мы гэта абмяркуем, таму што публічна выказаная кіраўніком ДДБ інфармацыя выклікае непакой», — сказала LNK кіразніца фракцыі кансерватараў Радвіле Маркунайце-Мікуленене.

«Гэтае рашэнне прапануе не ўрад, а дэпутаты, якія ўжо перш адрозніваліся такой, скажам, ястрабінай палітыкай у сферы міграцыі», – сказаў кіраўнік фракцыі «Партыі свабоды» Вітаўтас Міталас. Частка апазіцыі кажа, што калі не беларусы, то прыедуць іншыя. «Патрэба, прапанова будзе запоўненая Паўночнай Афрыкай, іншымі краінамі — Татарстанам, Туркменістанам, іншымі "постацямі", іх жыхароў і без таго ў нас шмат», – сказаў LNK лідар «Партыі працы» Андрус Мазуроніс.


Глядзіце таксама

Лідар дэмакратычнага саюза «У імя Літвы» Саўлюс Скверняліс сказаў, што папярэджанні ДДБ — гэта ўжо сур'ёзна. «Немагчыма ні праверыць, ні гарантаваць рэальнасць пагрозы. Гэта ўжо рэальная пагроза бяспецы, гэтую плынь трэба спыняць», – сказаў Скверняліс. Абмежаванні тычыліся б толькі беларусаў, якія зноў прыбываюць. Тых, хто ўжо знаходзіцца ў Літве, гэта не закранула б, яны маглі б падоўжыць від на жыхарства без праблем.

Акрамя таго, прапануюць выключэнне, якое не тычыцца расійцаў: Літва застанецца адкрытай для высокакваліфікаваных спецыялістаў з Беларусі. Ініцыятары паправак спадзяюцца, што парламент разгледзіць папраўкі яшчэ падчас гэтай сесіі. «Калі дэпутатам не хапае аргументаў — і аргументаў ДДБ, то я не ведаю, што павінна адбывацца, каб іх пераканаць прыняць такі кампрамісны варыянт», — сказаў Кашчунас.


Глядзіце таксама

Многія беларусы, якія прыехалі ў Літву, — эканамічныя мігранты. Паводле звестак Дэпартамента міграцыі Літвы, у краіне пражывае 4000 высокакваліфікаваных спецыялістаў, на гуманітарнай аснове від на жыхарства атрымалі 770 беларусаў.

Калі будуць прынятыя прапанаваныя папраўкі, то гуманітарны калідор застанецца.