КДБ актывізавалася. Да чаго б гэта?

Літоўскія сілы бяспекі заяўляюць пра надзвычайную актыўнасць лукашэнкаўскіх спецслужбаў. Пра што гэта сведчыць і ці адаб'ецца на беларускай дыяспары ў Літве?

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Кіраўнік Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі Літвы (ДДБ) Дарус Яўнішкіс заявіў, што дзейнасць беларускага КДБ цяпер больш інтэнсіўная, чым калі-небудзь.

«Мы бачым актывізацыю дзейнасці беларускага КДБ, якая фактычна дасягнула гістарычных вышынь, яна ніколі не была такой інтэнсіўнай», — заявіў у нядзелю ў інтэрв'ю LRT.lt Яўнішкіс.

Паводле яго слоў, некаторыя прадстаўнікі шматлікай беларускай дыяспары ў Літве выклікаюць у супрацоўнікаў ДДБ Літвы пэўныя пытанні.

«Акрамя таго, не будзем забываць, што ў нас вельмі вялікая беларуская дыяспара, жыхары, якія прыязджаюць сюды і, па сутнасці, уздымаюць пэўныя контрвыведніцкія пытанні», — адзначыў літоўскі сілавік.

Таксама ў Літве адчуваецца ўзмацненне распаўсюджвання расійскай прапаганды, заявіў кіраўнік ДДБ.


Глядзіце таксама

«Я мяркую, што Расія прыпыніла гэтую дзейнасць, напэўна, як толькі яны пачалі вайну на Украіне, таму што яны разлічвалі на вельмі лёгкую перамогу і затрымаліся там, але цяпер мы адчуваем пэўную актывізацыю», — растлумачыў Яўнішкіс.

Паводле слоў кіраўніка літоўскага сілавога ведамства, ён не валодае інфармацыяй аб тым, што службы недружалюбных краін спрабуюць вербаваць дзяржчыноўнікаў, дзяржслужачых або палітыкаў: «У мяне цяпер няма такой выведвальнай інфармацыі, а калі і была б, то, без сумневу, былі б зроблены нейкія крокі».

Дарус Яўнішкіс таксама заявіў, што ілжывыя паведамленні пра закладзеныя ў школы выбуховыя рэчывы, якія пачасціліся апошнім часам у Літве, з'яўляюцца інфармацыйнымі нападамі варожых сіл.

«Усе гэтыя пагрозы падарваць школы або пэўныя ўстановы, або пагрозы падарваць якую-небудзь ГЭС, аэрапорты, у рэшце рэшт — мы павінны разумець, што мы ўжо ўцягнуты ва ўвесь гэты вір. Гэта інфармацыйныя аперацыі, закліканыя замутніць нашу свядомасць, каб мы пачалі канфліктаваць адно з адным, каб мы ўвесь час жылі ў гэтым адчуванні няўпэўненасці, увесь час думаючы, што справы ідуць вельмі дрэнна. Мы, без усялякага сумневу, гэта бачым і канстатуем», — растлумачыў Д. Яўнішкіс.

У кастрычніку ў Літве пачасціліся ілжывыя паведамленні пра выбуховыя рэчывы ў школах і іншых установах краіны, у тым ліку на Ігналінскай АЭС, але ні адно з іх не пацвердзілася.

Глядзіце таксама

Нагадаем, нядаўна ў Польшчы выбухнуў чарговы скандал з удзелам беларусіх спецслужбаў. Фальшывы «еўрачыноўнік» прапанаваў апазіцыйнаму актывісту з Магілёва Алегу Аксёнаву працу «пазаштатнага аўдытара» і ў якасці тэсту даручаў пісаць справаздачы з беларускіх мерапрыемстваў у Варшаве — нібыта для праверкі расходавання сродкаў еўрапейскіх падаткаплацельшчыкаў, а потым і правесці семінар па бяспецы.

КДБ нават эфектна абвясціў падзяку за супрацоўніцтва Аксёнаву падчас семінара «Бяспечная Беларусь. Формы і метады абароны грамадства», піша «Media IQ».

Аксёнаў анансаваў выступленне ў Zoom «арганізатара і спонсара», нейкага прадстаўніка еўрапейскай структуры «Fabio Zimmer». На экране з'явіўся барадаты мужчына (АНТ сцвярджае, што гэтую ролю адыгрываў іх загрыміраваны супрацоўнік Ігар Тур), які раптам саступіў месца прадстаўніку КДБ Канстанціну Бычаку. Апошні выступіў з прамовай, частку якой удзельнікі семінара ў Варшаве пачулі, частка — ужо пасля адключэння Zoom — нагаворвалася для гледачоў АНТ, але нібыта адрасавалася ўдзельнікам семінара: «Самым разважлівым з вашага боку будзе з'явіцца з павіннай у кампетэнтныя органы і пакаяцца. Калі пытанняў не ўзнікла, прапаную лічыць мерапрыемства агульнай прафілактыкі паспяхова завершаным. Сустрэнемся ў следчым упраўленні КДБ».


Глядзіце таксама

Правакацыя КДБ у дачыненні да Аксёнава працягвалася практычна год. Яна планавалася так, каб актывіст з Магілёва паверыў, што кантакт надзейны, што вакансія «аўдытара» існуе, былі перамовы з «еўрачыноўнікам Андрэем», аплата банкаўскім пераводам ад фізічнай асобы з еўрапейскага рахунку. Усё гэта заняло нямала чалавекагадзін. Такім чынам беларускія падаткаплацельшчыкі заплацілі за гэтыя «свавольствы» КДБ і АНТ значна больш за тыя 250 еўра, што перавялі падчас аператыўнай гульні Аксёнаву.

Між тым, калі вынесці за дужкі пераказ несакрэтнай кулуарнай інфармацыі, якую сапраўды можна выкарыстоўваць у наступных аператыўных гульнях, а таксама прымус польскіх праваахоўных органаў да расследавання, усё астатняе ў сухой рэшце зводзіцца пераважна да арганізацыі сюжэта для прапаганды. Схільныя давяраць беларускаму кіруючаму рэжыму грамадзяне атрымліваюць пацвярджэнне сваёй карціны свету, у апазіцыйным лагеры на нейкі час будуць размовы. Ці не драбнавата для КДБ?