640-вы дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: буйная атака на Кіеў
Расійцы атакавалі Кіеў дронамі-камікадзэ. Ёсць ахвяры і разбурэнні. Цяжкія баі працягваюцца пад Аўдзееўкай. Войскі РФ пакуль не могуць выкарыстоўваць крылатыя ракеты.
***
Паветраныя сілы УСУ паведамілі пра атакі расійскіх беспілотнікаў у ноч на суботу, якія былі зафіксаваныя ў розных рэгіёнах Украіны.
Група дронаў-камікадзэ, паводле першых паведамленняў, фіксавалася на мяжы Херсонскай, Мікалаеўскай, Днепрапятроўскай абласцей.
Паветраная трывога была абвешчаная і ў Кіраваградскай вобласці, піша «Украінская праўда». Пасля паўночы Паветраныя сілы заявілі, што некалькі груп беспілотнікаў рухаюцца ў напрамку горада Крапіўніцкага (гэта абласны цэнтр).
Пасля гадзіны ночы было паведамлена пра пагрозу ўдарных дронаў у Сумскай вобласці. Затым Паветраныя сілы папярэдзілі пра пагрозу дронаў у Харкаўскай вобласці.
Пасля 1:30 ва УСУ паведамілі, што дроны з Кіраваградскай вобласці накіраваліся ў Чаркаскую вобласць. Акрамя таго, пагроза ўдару беспілотнікаў распаўсюдзіліся на Палтаўскую вобласць.
***
У ранішняй зводцы Паветраныя сілы УСУ заявілі, што Расія атакавала Украіну рэкорднай колькасцю дронаў.
Сцвярджаецца, што для масіраванага налёту на Украіну было выкарыстана каля 75 ударных БПЛА тыпу «Shahed-131/136», 71 дрон быў знішчаны супрацьпаветранай абаронай.
Паветраныя сілы не ўдакладнілі, колькі беспілотнікаў атрымалася збіць над Кіевам, улады якога таксама заявілі пра рэкордны з пачатку вайны налёт дронаў. Гарадская адміністрацыя мяркуе, што над сталіцай збілі каля 50 беспілотнікаў. Паветраная трывога працягвалася больш за шэсць гадзін, заявіў мэр украінскай сталіцы Віталь Клічко.
Абломкі дронаў упалі ў Саломенскім, Пячэрскім, Галасееўскім, Дняпроўскім і Падольскім раёнах Кіева.
Вядома пра пецярых пацярпелых (у іх ліку 11-гадовы падлетак) і нязначную шкоду ў шматкватэрных дамах.
У Саломенскім раёне ў выніку падзення абломкаў беспілотніка адбылося ўзгаранне ў памяшканні дзіцячага садка, у суседніх дамах пашкоджаныя вокны, напісаў у тэлеграме Клічко. У жылой пяціпавярхоўцы праз разбурэнне на другім паверсе аказаліся заблакаванымі дзве жанчыны, іх эвакуіравалі.
У Дняпроўскім раёне Кіева невялікі абломак БПЛА ўпаў на лесвічную пляцоўку верхняга паверха шматпавярховага жылога дома, узгарання і пацярпелых не было.
У Галасееўскім раёне адзін абломак зваліўся на чатырохпавярховы жылы дом, ніхто не пацярпеў.
***
Спецыялісты амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW) адзначаюць, што новыя штурмы Аўдзееўкі расійцы пачалі са «слабымі механізаванымі сіламі» і іх атакі «не прывядуць да хуткага прасоўвання».
Украінскія афіцыйныя асобы паведамілі, што расійскія войскі пачалі новую наступальную аперацыю ў кірунку Аўдзееўкі. Украінскі Генеральны штаб паведаміў, што УСУ адбілі не менш за 50 расійскіх нападаў на Аўдзееўскім кірунку 23 і 24 лістапада.
Эксперты адзначаюць: буйны наземны штурм пяхоты, імаверна, будзе ўяўляць значную пагрозу для ўкраінскіх войск, якія абараняюцца на Аўдзееўскім кірунку, але не прывядзе да хуткага прасоўвання расійцаў у гэтым рэгіёне.
Асноўныя высновы ISW за 24 лістапада:
- Украінскія афіцыйныя асобы паведамілі, што расійскія войскі пачалі новую наступальную аперацыю ў кірунку Аўдзееўкі.
- Расійскія высокапастаўленыя чыноўнікі могуць быць ўцягнутыя ў больш шырокую схему прымусовага ўсынаўлення дэпартаваных украінскіх дзяцей.
- Заходнія хаўруснікі Украіны заявілі пра сваю прыхільнасць далейшаму развіццю ўкраінскай сістэмы супрацьпаветранай абароны падчас 17-й віртуальнай сустрэчы ў фармаце «Рамштайн».
- Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін прыняў удзел у сесіі Савета АДКБ у Мінску.
- Кітайскія кампаніі супрацоўнічаюць з расійскімі бізнесменамі ў планаванні будаўніцтва падводнага тунэлю, які злучыў бы Расію з акупаваным Крымам.
- Еўрапейскія дзяржавы рэагуюць на працяглую арганізацыю Расіяй штучна створанага крызісу з мігрантамі на паўночна-заходніх межах.
- Расійскія праваахоўныя органы затрымалі каля 700 мігрантаў на складзе ў Маскоўскай вобласці і выдалі некалькі позваў у войска, верагодна, у рамках намаганняў, накіраваных на прымус мігрантаў да вайсковай службы.
- Крэмль, верагодна, аднаўляе спробы кантраляваць усе сістэмы відэаназірання ў Расіі, што можа быць часткай пастаянных намаганняў па інтэнсіфікацыі інструментаў лічбавага аўтарытарызму для ўзмацнення ўнутраных рэпрэсій.
- Расійскія войскі правялі наземныя атакі ўздоўж лініі Сватава — Крэменная, пад Бахмутам, паблізу Аўдзееўкі, на захад і паўднёвы захад ад Данецка, на мяжы Данецкай і Запарожскай абласцей, а таксама на захадзе Запарожскай вобласці, крыху прасунуўшыся наперад у некаторых раёнах.
- Расійская авіяцыйная прамысловасць, імаверна, адчувае значныя абмежаванні праз міжнародныя санкцыі і патрабаванні расійскай абаронна-прамысловай базы.
- Расійскія акупацыйныя ўлады працягваюць прыкладаць намаганні для індактрынацыі ўкраінскіх дзяцей у акупаванай Украіне ў расійскую нацыянальную і культурную ідэнтычнасць.
***
У выведвальнай супольнасці Міністэрства абароны Вялікабрытаніі сцвярджаюць, што лагістычныя праблемы Чарнаморскага флоту (ЧФ) РФ у Наварасійску ўплываюць на яго здольнасць біць па Украіне крылатымі ракетамі.
Паводле аналітыкаў, традыцыйна ЧФ РФ перазараджае крылатыя ракеты ў Севастопалі ў акупаваным Крыме, але паколькі Крым усё часцей аказваецца пад пагрозай украінскіх удараў, Расія, хутчэй за ўсё, будзе разглядаць Наварасійск як найлепшае альтэрнатыўнае месца для перабазавання.
Зрэшты, адзначаюць выведчыкі, перасоўванне і перазарадка ракет запатрабуюць новых працэсаў дастаўкі, захоўвання, кіравання і загрузкі.
У міністэрстве нагадалі, што яшчэ 13 лістапада 2023 года ўкраінскія вайскоўцы заявілі, што РФ прыпыніла ўдары марскімі крылатымі ракетамі праз лагістычныя праблемы ў Наварасійску.
«Расія, імаверна, будзе спрабаваць паскорыць пераадоленне гэтых праблем, каб марскія крылатыя ракеты маглі быць уключаныя ў зімовую кампанію для нанясення ўдараў па Украіне», — канстатуе брытанская выведка.
***
За мінулыя суткі на шасці напрамках расійцы праводзілі атакі і штурмавыя дзеянні, на фронце ў цэлым адбылося 74 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ.
Агулам было нанесена 7 ракетных і 29 авіяцыйных удараў, здзейснена 36 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах.
За мінулыя суткі авіяцыя Сіл абароны нанесла 9 удараў па раёнах засяроджвання асабістага саставу, узбраення і ваеннай тэхнікі праціўніка.
Падраздзяленні ракетных войскаў разбілі 2 пункты кіравання, 4 раёны засяроджвання асабістага саставу, узбраення і ваеннай тэхнікі, 2 артылерыйскія сродкі і лагістычны цэнтр праціўніка.
***
Украінскія абаронцы знішчылі за апошнія суткі прынамсі 18 артсістэм, 29 адзінак аўтамабільнай тэхнікі і 6 расійскіх танкаў.
Агульныя баявыя страты расійцаў з 24.02.22 па 25.11.23 арыенціровачна склалі:
- асабістага саставу — каля 323 760 (+860) чалавек;
- танкаў — 5 502 (+6) адз.;
- баявых браніраваных машын — 10 263 (+7) адз.;
- артылерыйскіх сістэм — 7 851 (+18) адз.;
- РСЗА — 905 (+1) адз.;
- сродкаў СПА — 596 (+1) адз.;
- самалётаў — 323 (+0) адз.;
- верталётаў — 324 (+0) адз.;
- БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 5808 (+8);
- крылатых ракет — 1565 (+1);
- караблёў / катэраў — 22 (+0) адз.;
- падводных лодак — 1 (+0) адз.;
- аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрн — 10 259 (+29) адз.;
- спецыяльнай тэхнікі — 1 112 (+4).