«Чыжыка з’еў». Навошта КДБ займаецца прапагандай?
Беларускія спецслужбы ў супрацоўніцтве з тэлеканалам АНТ рэгулярна здымаюць прапагандысцкія сюжэты для дыскрэдытацыі апазіцыі і дэмаралізацыі яе прыхільнікаў. Часам для гэтага яны прыкідваюцца кімсьці іншым, часам гульня можа доўжыцца доўга. Ці варта яна свечак, разважае на MediaIQ медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.
На дзяржаўным тэлеканале АНТ выйшла некалькі прапагандысцкіх перадач пра поспехі КДБ і для дыскрэдытацыі апазіцыі, у аснове якіх ляжыць адзін кейс.
Фальшывы «еўрачыноўнік» прапанаваў апазіцыйнаму актывісту з Магілёва Алегу Аксёнаву працу «пазаштатнага аўдытара» і ў якасці тэста даручаў пісаць справаздачы з беларускіх мерапрыемстваў у Варшаве нібыта для праверкі расходавання сродкаў еўрапейскіх падаткаплацельшчыкаў, а потым і правесці семінар па бяспецы.
КДБ нават эфектна абвясціў падзяку за супрацоўніцтва Аксёнаву падчас семінара «Бяспечная Беларусь. Формы і метады абароны грамадства».
Як гэта было
Аксёнаў анансуе выступленне ў Zoom «арганізатара і спонсара», нейкага прадстаўніка еўрапейскай структуры «Fabio Zimmer», на экране з'яўляецца барадаты мужчына (АНТ сцвярджае, што гэтую ролю адыгрываў іх загрыміраваны супрацоўнік Ігар Тур), які раптам саступае месца прадстаўніку КДБ Канстанціну Бычаку. Апошні выступае з прамовай, частку якой удзельнікі семінара ў Варшаве пачулі, частка — ужо пасля адключэння Zoom — нагаворвалася для гледачоў АНТ, але нібыта адрасавалася семінарыстам: «Самым разважлівым з вашага боку будзе з'явіцца з павіннай у кампетэнтныя органы і пакаяцца. Калі пытанняў не ўзнікла, прапаную лічыць мерапрыемства агульнай прафілактыкі паспяхова завершаным. Сустрэнемся ў следчым упраўленні КДБ» (цытата па выданні «Позірк»).
Ігар Тур і Канстанцін Бычак усім выглядам паказваюць, што «свавольства ўдалося»: ім год атрымлівалася вадзіць за нос палітэмігранта, яны змаглі прадэманстраваць поспех КДБ, укінулі «мёртвую котку» ў апазіцыйнае і эмігранцкае інфаполе.
Ці ўдалося ім даведацца нешта сакрэтнае?
Наўрад ці. Усе мерапрыемствы, пра якія даваў справаздачу Аксёнаў, былі даступны для беларускіх актывістаў. Але, як адзначыў у інтэрв'ю «Радыё Свабода» прадстаўнік «BelPol» Уладзімір Жыгар, тым не менш збор інфармацыі не быў чымсьці бяскрыўдным. З дапамогай кулуарнай інфармацыі, апісання лагістыкі арганізацыі мерапрыемстваў спецслужбы даведаюцца тое, што вядома ў эміграцыйных колах, але не было даступна староннім. Пазл складваецца і павялічваецца разуменне агульнай карціны. Дэталі, танальнасць адносін сярод беларускіх актывістаў могуць быць выкарыстаны для далейшай аператыўнай гульні, маніпуляцый і вярбоўкі.
Эфектны выхад Бычака ў Zoom працуе на разбурэнне даверу паміж людзьмі і структурамі ў эміграцыі і дэмакратычным падполлем унутры краіны («вакол усе агенты!»). Давер — асноўны капітал у грамадска-палітычнай дзейнасці, таму аўтарытарны рэжым Лукашэнкі нястомна працуе над яго падрывам у сваіх апанентаў.
Калі грамадства ўспрыме тое, што адбылося, як стымул для кожнага навучыцца абароне ад выкрутаў сацыяльнага інжынірынгу, якім, акрамя спецслужбаў, карыстаюцца і звычайныя ашуканцы, то эфект будзе прама супрацьлеглы планам КДБ. А праца над сумеснымі праектамі, дыялог і адкрытыя камунікацыі традыцыйна спрыяюць усталяванню даверу.
Асобная тэма — стварэнне дадатковай працы для польскіх спецслужбаў. Тур сцвярджае, што Аксёнаў па заданні «еўрачыноўнікаў» здымаў на стаянцы ля офіса польскай выведкі нумары машын, Аксёнаў называе гэта хлуснёй, аднак польскія праваахоўныя органы пастаўлены ў сітуацыю, калі яны будуць вымушаны расследаваць кейс.
Каб што?
Правакацыя КДБ у дачыненні да Аксёнава працягвалася практычна год. Яна планавалася так, каб актывіст з Магілёва паверыў, што кантакт надзейны, што вакансія «аўдытара» існуе, былі перамовы з «еўрачыноўнікам Андрэем», аплата банкаўскім пераводам ад фізічнай асобы з еўрапейскага рахунку. Усё гэта займала нямала чалавекагадзін. Такім чынам, беларускія падаткаплацельшчыкі заплацілі за гэтыя «свавольствы» КДБ і АНТ значна больш за тыя 250 еўра, якія перавялі падчас аператыўнай гульні Аксёнаву.
Між тым, калі вынесці за дужкі пераказ несакрэтнай кулуарнай інфармацыі, якую сапраўды можна выкарыстоўваць у наступных аператыўных гульнях, а таксама прымус польскіх праваахоўных органаў да расследавання, то ўсё астатняе ў сухім астатку зводзіцца пераважна да арганізацыі сюжэту для прапаганды. Схільныя давяраць беларускаму кіруючаму рэжыму грамадзяне атрымліваюць пацвярджэнне сваёй карціны свету, у апазіцыйным лагеры на нейкі час будуць размовы. Ці не драбнавата для КДБ?
Дзеянні КДБ, занятага прапагандысцкай дзейнасцю замест
сваіх асноўных задач (канстытуцыйных або антыканстытуцыйных — у ролі
палітычнай ахранкі), нагадваюць
казку Міхаіла Салтыкова-Шчадрына «Мядзведзь на
ваяводстве», дзе леў накіраваў мядзведзя «ўнутраных супастатаў уціхамірваць», а той памылкова замест чаканых «кровапраліццяў» Чыжыка з'еў. Ну
а тут замест Чыжыка — актывіст
з Магілёва, эфектны выхад у Zoom для прапагандысцкай аперэткі замест
зладзейства.