«Палякі ходзяць часцей». Беларуска ў Беластоку вывучылася на масажыстку і адкрыла бізнес

Людміла Падмазка прыехала ў Польшчу з дарослым сынам пасля падзей 2020 года. Тады здавалася, у вымушанай эміграцыі сям'я прабудзе месяцы тры, таму працу беларуска не шукала. Сын працаваў аддалена, а Людміла чакала вяртання. Але вяртанне зацягвалася, і стала зразумела, што ў Польшчы трэба наладжваць новае жыццё, піша «MOST».

Фота: «MOST»

Фота: «MOST»

Людміла ўзгадала пра беларускае хобі — масажы, атрымала новую спецыялізацыю ў гэтай сферы і адкрыла ў Беластоку свой масажны кабінет.

У Беларусі ў мужа Людмілы быў свой бізнес, а яна дапамагала яму весці справы. Масаж не быў асноўнай крыніцай даходу: кліентамі былі галоўным чынам сям'я і сябры жанчыны. У мужа былі праблемы з хрыбетнікам, так што Людміла назапашвала веды аб тым, як дапамагаць людзям з падобнымі праблемамі.

— А тут зразумела, што масаж — гэта маё выратаванне, — кажа Людміла. Асвоіць новую прафесію было прасцей.

У Польшчы Людміла скончыла паліцэальную школу. Заняткі ўключалі вялікі аб'ём практыкі. Кожны дзень па 1,5 гадзіны студэнты працавалі ў медыцынскіх установах, а потым вярталіся ў школу. Так, за час практыкі жанчына паспела папрацаваць і з дарослымі пацыентамі, і ў дзіцячай бальніцы.

Людміла прызнаецца, што працаваць з маленькімі дзецьмі з родавымі траўмамі, ДЦП, траўмамі пасля аварый псіхалагічна цяжка, але сама праца — цікавая.

Пасля паліцэальнай школы Людміла вырашыла скончыць яшчэ профільныя курсы.


«Стала лягчэй — і заканчваюць»

Спачатку Людміла сама ездзіла да кліентаў. У асноўным гэта былі беларусы, якія таксама вымушана апынуліся ў Польшчы. Працавала сарафаннае радыё, гэта дазваляла напрацоўваць кліентуру.

А потым вырашыла адкрыць масажны кабінет. Вялікіх інвестыцый не спатрэбілася. Просты масажны стол каштаваў 600 злотых, арэнда абыходзіцца ў тысячу злотых у месяц. З інтэр'ерам, купляй дапаможных матэрыялаў і іншымі выдаткамі на адкрыццё кабінета сышло некалькі тысяч злотых. Людміла кажа, адкрыць бізнес і весці дакументацыю ў Польшчы аказалася прасцей, чым у Беларусі.

Цяпер да Людмілы ходзяць не толькі беларусы, але і палякі.

— Палякі ходзяць часцей, але ніколі не замаўляюць поўны курс. Стала лягчэй — і заканчваюць. Нашы ставяцца больш адказна: 10 сеансаў праходзяць, а потым прыходзяць па меры неабходнасці, — дзеліцца назіраннямі Людміла.

Польскую мову жанчына пакуль асвоіла недастаткова, але моўнага бар'ера ў яе няма. Да яе прыходзяць у асноўным людзі ва ўзросце. А палякі старэйшыя за 50 гадоў, як правіла, ведаюць рускую.

— Калі б планавалі пераезд, нам было б камфортна. А паколькі апынуліся тут вымушана, то хочацца дадому, — кажа Людміла.