Вяртанне ў Беларусь і затрыманні на мяжы. Як спрацавала «камісія па вяртанні»

Усенароднага пакаяння не адбылося, затое рэжым у чарговы раз паказаў сваё аблічча.

1544460_338988_756x425_logo.jpg.webp

Пакуль адны спакойна ездзяць у Беларусь, іншыя баяцца перасякаць мяжу. Улады то завабліваюць тых, хто з'ехаў, праз «камісію па вяртанні», то затрымліваюць тых, хто вярнуўся і прысуджаюць велізарныя тэрміны.

Як спрацавала камісія, што кажуць беларусы, якія ездзяць праз мяжу, колькі затрыманых пасля пашпартнага ўказу Лукашэнкі і як ацаніць рызыкі пры вяртанні на радзіму, піша «Deutsche Welle».

У «камісію па вяртанні» звярнуліся адзінкі

Праславутая камісія працуе апошнія дні — да 31 снежня 2023 года. Афіцыйна яна з'явілася ў лютым, так што ўжо можна зрабіць выснову: «каяцца і паўзці на каленях», як патрабаваў Лукашэнка, беларусы, якія з'ехалі пасля пратэстаў, не збіраюцца. За пяць месяцаў працы камісіі туды звярнулася 16 чалавек, паведамілі «Кіберпартызаны» ў ліпені 2023 года. Калі тэмпы захаваліся, за амаль год у камісію напісалі некалькі дзясяткаў чалавек. 

Першы запыт адправіла рэдактарка сайта «Белсат» Вольга Ярохіна: «Вырашыла праверыць іх працу. Напісала, што раскайвацца мне няма ў чым, але хачу ведаць, ці ёсць на мяне крымінальныя або адміністрацыйныя справы. Смешна было, калі ўжо назаўтра прэс-сакратар Генпракуратуры адчыталася пра першую "мінчанку 35 гадоў", — расказала Вольга DW. — Потым мне даслалі адказ, папрасілі растлумачыць прычыну ад'езду і што, на маю думку, я дрэннага зрабіла. Гэта значыць, самой на сябе данесці! Я не адказала».

На ліпень з 16 заявак ухвалілі дзве — маці Рамана Пратасевіча Наталлі і 25-гадовага Філіпа Давыдава, які выходзіў на мітынгі і з'ехаў у Польшчу. Абодвух паказалі ў прапагандысцкіх матэрыялах на дзяржТБ.


Глядзіце таксама

Лёс некаторых з тых, хто напісаў, вядомы. Брэстаўчанін Ігар Неміровіч з'ехаў у 2022 годзе Польшчу, але ўвосень 2023-га звярнуўся ў «камісію па вяртанні». Як паведаміў набліжаны да сілавікоў Telegram-канал, ён не дачакаўся адказу камісіі і паехаў у Беларусь. Яго затрымалі і прысудзілі да года калоніі за «абразу Лукашэнкі».

Пры вяртанні затрымліваюць усё часцей, і праверкі ўзмоцняцца

Праверкі на межах і затрыманні пасля вяртання — гэта новае ў рэпрэсіях, кажуць праваабаронцы. 

Апошняя гучная справа — 30-гадовай Аляксандры Каско, якую затрымалі 9 лютага 2023 года пры вяртанні з Польшчы, завялі крымінальную справу і ў снежні асудзілі на 10 гадоў калоніі паводле васьмі артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за «ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні», «паклёп», «абразу Лукашэнкі».

«У 2022 годзе пасля вяртання з-за мяжы ў Беларусі было затрымана каля 60 чалавек. А ў гэтым — ужо не менш за 125, абсалютная большасць — пасля праверкі тэлефонаў на мяжы. У асноўным, на мяжы з Літвой, аднак затрыманні адбываюцца на ўсіх пунктах пропуску, у тым ліку на мяжы з Расіяй», — расказала DW юрыстка праваабарончага цэнтра «Вясна» Святлана Галаўнёва.


Глядзіце таксама

Часцей за ўсё людзей прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Каля 20 чалавек з затрыманых у 2022-2023 гадах асуджаныя па крымінальных справах.

«125 чалавек — гэта дакладна вядомыя нам факты, насамрэч іх больш, — кажуць у «Вясне». — Затрыманні адбываюцца кожны тыдзень».

Улічваючы выбары ў лютым 2024 года ў Беларусі, варта чакаць узмацнення праверак, лічаць праваабаронцы «Вясны». І нагадваюць, што дыяспара і яе актывісты — таксама група рызыкі.

«Часам людзям здаецца, што лепш адседзець»

Пытанне, якое часта гучыць ад мігрантаў: чаму ў Беларусь едуць людзі, якія ведаюць пра рызыкі для сябе?

«Лічыць, што чалавек здольны да чаго-небудзь падыходзіць з халоднай галавой, вельмі саманадзейна, — папярэджвае псіхолаг Ірына Шумская. — Рашэнні абапіраюцца на інтуіцыю і эмацыйны вопыт. Спадзявацца на логіку ў моманце немагчыма».

«Як прымаюцца рашэнні? Уплываюць асацыяцыі, асяроддзе. «Мы ведаем, што арыштавалі 100 чалавек, але праз мяжу ездзяць тысячы. Статыстыка — далёкая і халодная. А вось калі ўсе сябры з'ездзілі і вярнуліся — і я паеду. Калі частка з'ездзіла, астатнія не адважыліся, буду збіраць інфармацыю. А калі кагосьці знаёмага затрымалі — не паеду», — тлумачыць псіхолаг.

«У кожнага ёсць набор эмацыйных фактараў, якія робяць рашэнні «лагічнымі». Нешта, звязанае з сям'ёй, або няшчасце на новым месцы, або стрэс. Або для чалавека важна давяраць інтуіцыі, а яна кажа, што ўсё будзе нармальна. Людзі схільныя верыць у сваю выключнасць: "Я праскочу", — тлумачыць Ірына Шумская. — Бывае, сваякі ў Беларусі злуюцца, лічаць, што іх "кінулі", і не ўсе могуць вытрымаць такі эмацыйны ціск».

Суразмоўца DW Антон (імя змененае) ездзіць у Беларусь, хоць удзельнічаў у пратэстах. «Рызыкую, што сказаць! Асноўная прычына — там мама, і прыехаць яна не можа. Так, страшна. Але ў нейкі момант рашэнне спее, і псіхіка пачынае падкідваць аргументы, маўляў, не так ужо ўсё і дрэнна, ствараецца ілюзія, што я "прымальна рызыкую"».


Глядзіце таксама

Уплывае і сацыяльная ізаляцыя, кажа псіхолаг. «Нават айцішнікі, якія шчасна пераехалі, пазбаўляюцца звыклага асяроддзя, пагроза страціць працу бачыцца канцом свету. Часам людзям здаецца: лепш адсяджу, чым буду кожны дзень думаць, як я тут выжыву», — кажа псіхолаг.

Тым, хто з'ехаў, важна сацыялізавацца

У сацсетках часам сустракаюцца ледзь не абвінавачанні ў бок тых, хто паехаў (ці заставаўся ў Беларусі) — і быў затрыманы.

«Гэта вельмі чалавечая гісторыя — сказаць потым "я ж гаварыў" і "гэта было зразумела". У моманце — ніколі не зразумела! Чалавек заўсёды прымае рашэнні, зыходзячы са сваіх інтарэсаў. Людзі, якія прынялі памылковае, не дурныя. На іх погляд, гэта было ўзважанае рашэнне. І кожны з нас можа быць на гэтым месцы, не варта сябе пераацэньваць», — нагадвае Ірына.

Настальгія, паводле яе слоў, будзе ўзмацняцца. «Гэта адзін з самых простых псіхалагічных законаў: забарона нараджае цягу, прымус — адмову. Плюс ва ўсіх назапашаны стрэс. Беларусы — малайцы, доўга спраўляліся, але эмацыйныя магчымасці вычэрпваюцца. Хочацца паехаць да сваіх успамінаў, туды, дзе расслабляешся. І гэта праўда так, мозгу падабаецца знаёмае асяроддзе», — тлумачыць псіхолаг.


Глядзіце таксама

Што рабіць? «Мая парада: каб быць больш адэкватным пры прыняцці рашэнняў, трэба быць больш сацыялізаваным, — кажа Ірына Шумская. — Важна за мяжой быць у нейкай супольнасці, адчуваць, што вас падтрымаюць. Гэта дае ўпэўненасць, што атрымаецца справіцца з цяжкасцямі». 

У прыватнасці, гэта тычыцца тых, у каго ёсць ці будуць за мяжой праблемы з пашпартамі, а замена дакумента ў Беларусі — рызыка. «Калі чалавек адзін, то большая імавернасць, што паедзе яго мяняць. Чым большае кола зносін — тым лепш ведаеш, як людзі выблытваюцца», — прыводзіць прыклад псіхолаг.