Вынікі года для беларусаў Літвы
Для беларусаў, якія з'ехалі ў Літву, гэты год быў не самым спрыяльным.
У 2023 годзе беларусы ў Літве аказаліся ў новай рэальнасці. Нацыянальныя санкцыі, адмовы ў відах на жыхарства, спрэчкі аб літвінізме — усё гэта выбівала з-пад ног глебу і адчуванне бяспекі. «Delfi» згадвае падзеі года, якія сталі выклікамі для беларусаў.
Санкцыі для беларусаў абмяркоўвалі ўвесь год
2023 год для беларусаў у Літве прайшоў пад спрэчкі аб увядзенні нацыянальных санкцый супраць іх і грамадзян Расіі. 22 сакавіка Сейм Літвы ў першым чытанні ўхваліў законапраект з жорсткімі прапановамі: спыніць прыём заявак на візы, ВНЖ і грамадзянства, абмежаваць куплю нерухомасці. Ні адзін дэпутат не прагаласаваў супраць гэтага дакумента.
Падзея выклікала шырокі грамадскі рэзананс. Беларусы і расійцы, якія пражываюць у Літве, звярталіся ў Сейм асабіста і з калектыўнымі петыцыямі. У выніку палажэнні законапраекта змякчылі, а для грамадзян Беларусі частку абмежаванняў прыбралі. У красавіку закон «Аб абмежавальных мерах у сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны» прынялі з папраўкамі.
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа наклаў на закон вета, патрабуючы роўных санкцый для грамадзян Расіі і Беларусі, але Сейм гэтае вета пераадолеў. Закон уступіў у сілу 3 траўня і будзе дзейнічаць адзін год з магчымасцю падоўжыць абмежаванні.
Якія санкцыі закон увёў для беларусаў:
- нельга атрымаць візу, за выключэннем выпадкаў, калі гэта робіцца пры пасярэдніцтве МЗС Літвы;
- нельга атрымаць статус электроннага рэзідэнта тым, у каго няма віду на жыхарства ў Літве;
- нельга ўвозіць і вывозіць з Літвы наяўныя ўкраінскія грыўны.
Другое кола абмеркавання санкцый для беларусаў пачалося летам, пасля таго, як у Беларусь прыбыў Яўген Прыгожын з «вагнераўцамі». Гітанас Наўседа заявіў пра рызыку з'яўлення на мяжы з Літвой «узброеных людзей з беларускім грамадзянствам». Ён зноў прапанаваў зраўнаваць у правах грамадзян Расіі і Беларусі, аднак на восеньскую сесію ў Сейме гэтае пытанне не вынес.
Тэма зноў актуалізавалася напрыканцы года ў сувязі з выступам кіраўніка Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі Літвы Даруса Яўнішкіса. Ён заявіў, што ў Літве вырасла актыўнасць беларускага КДБ, а колькасць беларусаў пастаянна расце і хутка дасягне той мяжы, калі спецслужбы не змогуць справіцца.
4 снежня ў Сейме зарэгістравалі папраўкі, якія прадугледжваюць забарону на атрыманне ВНЖ беларусам «праз знешніх пастаўшчыкоў паслуг за мяжой». Меркаванні дэпутатаў з гэтай нагоды падзяліліся, канчатковае рашэнне не прынята.
Больш за тысячу чалавек не змаглі атрымаць від на жыхарства
У 2023 годзе беларускія эмігранты сутыкнуліся з цяжкасцямі пры афармленні відаў на жыхарства ў Літве — іх прызнавалі «пагрозай бяспекі». У СМІ перыядычна з'яўляліся навіны, як праз гэта давялося з'язджаць з краіны кіроўцам, айцішнікам, людзям іншых прафесій. Увесну LRT.lt са спасылкай на Дэпартамент міграцыі прыводзіў даныя аб адмовах у прадастаўленні ВНЖ замежнікам: у 2023 годзе гэтая колькасць вырасла больш, чым у 10 разоў.
Часцей за ўсё такія адмовы атрымлівалі беларусы (300 з 518 — паводле звестак на красавік). Усяго за год (з моманту ўвядзення спецыяльнай анкеты для эмігрантаў у лістападзе 2022 года) пагрозай нацыянальнай бяспекі прызналі 1644 грамадзяніна Беларусі. Такую статыстыку прывёў Дэпартамент міграцыі 22 лістапада. Усе гэтыя людзі атрымалі адмову на пражыванне ў Літве:
- 562 беларусам адмовілі ў выдачы часовага ВНЖ;
- 343 беларусам не працягнулі часовы ВНЖ;
- у 450 беларусаў раней выдадзеныя ВНЖ былі адкліканыя;
- двое беларусаў атрымалі адмову ў пастаянным ВНЖ;
- у 8 беларусаў пастаянны ВНЖ быў ануляваны;
- 279 беларусам адмовілі ў нацыянальнай літоўскай візе.
Таксама грамадзяне Беларусі сутыкнуліся з новай практыкай, калі пасля падачы дакументаў на падаўжэнне ВНЖ іх разгляд прыпыняўся. У выніку людзі аказваліся ў нявызначанай сітуацыі: тэрміны старога дакумента скончыліся, а новы яшчэ не выдадзены. Візы чакання, якія можна было атрымаць у такіх выпадках, перасталі выдаваць з 1 ліпеня.
Давялося даказваць у Сейме, што беларусы не падтрымліваюць «літвінізм»
Яшчэ адным выклікам у 2023 годзе для беларускіх грамадзян сталі публічныя спрэчкі аб «літвінізме». Трыгерам стала навіна пра інцыдэнт у адным з бараў Вільні, дзе адзін з удзельнікаў сцвярджаў, што Вільня — беларускі горад. Гэта спарадзіла цэлую хвалю дыскусій у літоўскай інфармацыйнай прасторы пра тое, што насамрэч беларусы думаюць пра гісторыю Вялікага Княства Літоўскага і як да гэтага ставіцца.
«Я не хачу, каб у нашай краіне з'явілася суполка, якая прапаведуе так званую "літвінісцкую ідэалогію", якая мала таго, што прысвойвае сабе Вялікае Княства Літоўскае, але таксама сцвярджае, што сапраўдныя літвіны — гэта беларусы, а мы дзесьці на перыферыі», — заявіў кіраўнік Камітэта па нацыянальнай бяспецы і абароне літоўскага Сейма Лаўрынас Кашчунас.
У выніку лідарцы беларускіх дэмакратычных сіл Святлане Ціханоўскай давялося выступаць перад Сеймам з афіцыйнай заявай аб тым, што грамадзяне Беларусі не маюць аніякіх прэтэнзій ні на тэрыторыю Літвы, ні на яе гістарычную самасвядомасць.
«Гэта падвешвае чалавека ў паветры»
Навіны і спрэчкі пра становішча беларусаў у Літве ў 2023 годзе карэнным чынам змянілі самаадчуванне эмігрантаў. Калі раней яны ўспрымалі Літву як надзейную краіну, дзе беларусы, нязгодныя з дзеяннямі ўладаў, могуць знайсці прытулак або нават другі дом, то цяпер людзі сталі часцей казаць пра няўпэўненасць, страту пачуцця бяспекі, немагчымасць планаваць будучыню. Частка эмігрантаў пачалі думаць пра чарговы — для некаторых ужо трэці па ліку — пераезд. З'явіліся навіны, што беларускія IT-кампаніі разглядаюць варыянты рэлакацыі з Літвы, паколькі ануляванне ВНЖ закранула іх супрацоўнікаў. Сябра рады «Беларускага дома правоў чалавека» ў Вільні юрыст Алег Агееў адзначае, што цяпер сярод беларусаў пераважае агульнае адчуванне трывогі і напружання.
«Людзі з беларускімі пашпартамі знаходзяцца ў напружаным чаканні, што іх прыраўняюць у плане абмежаванняў да грамадзян Расіі. І што за тыя агрэсіўныя дзеянні, якія здзяйсняе рэжым Лукашэнкі, будуць пакутаваць людзі, якія ў пераважнай большасці супраць і самога рэжыму, і таго, што ён робіць у дачыненні да дзяржаў-суседзяў — Літвы, Латвіі, Польшчы».
Акрамя магчымых абмежаванняў эмігрантаў турбуе рост колькасці адмоваў у відах на жыхарства. Незразумелыя крытэрыі, па якіх беларусаў прызнаюць «пагрозай». Паводле слоў Алега Агеева, яму невядомыя выпадкі, калі б гэта кранула людзей, легалізаваных па гуманітарных падставах. Але ёсць некалькі соцень адмоваў для тых, хто легалізаваны з эканамічных прычын. Праваабаронца тлумачыць, чаму гэта трывожыць усіх беларусаў: «Акрамя пачуцця салідарнасці з суайчыннікамі ёсць асцярогі, што рызыкі для эканамічных і палітычных мігрантаў зраўняюцца». Частка беларусаў, якія атрымалі адмовы ў відах на жыхарства, цяпер рыхтуюцца адстойваць свае правы ў Літве ў судовым парадку. Людзі, паводле слоў Алега Агеева, разлічваюць, што ў Літве, у адрозненне ад Беларусі, працуюць прававыя механізмы.
Юрыст адзначае, што да канца года асноўнай крыніцай напружання для беларусаў сталі прыпыненні ў разглядзе дакументаў на падаўжэнне віду на жыхарства: «Большасць тых, хто цяпер праходзіць працэдуру падаўжэння, сутыкаюцца з такой праблемай». [Паводле даных кіраўніцы Дэпартамента міграцыі Літвы Эвеліны Гудзінскайце, на канец снежня працэдуру прыпынілі па заявах каля 2000 грамадзян Беларусі. — Заўв. Delfi]. «На сённяшні дзень я не чуў, каб пасля прыпынення каму-небудзь адмовілі. Але гэта выклікае дадатковае хваляванне, паколькі фактычна на некалькі месяцаў падвешвае чалавека ў паветры».
Цалкам прачытаць пра тое, як беларусы ў Літве пражылі 2023 год, можна тут.