Медыя — тая сіла, якую беларусы могуць падтрымліваць самі

Пісьменнік і публіцыст Севярын Квяткоўскі для партала «Наше мнение» разважае над тым, як беларускім СМІ выжыць у ценю расійскіх праектаў. І прыходзіць да цікавай высновы.

Беларусы самі могуць падтрымліваць любімыя медыя. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Беларусы самі могуць падтрымліваць любімыя медыя. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Людзям патрэбнае шоу. Шоу — гэта тое, ува што не ўмеюць гуляць беларусы ў медыйнай прасторы. Калісьці беларусы добра выступалі на постсавецкай прасторы як КВЗшчыкі, цяпер мы бачым генерацыю стэндапшчыкаў, якія вандруюць па Польшчы і сумежных еўрапейскіх краінах. То-бок патэнцыял ёсць. Няма і не было запатрабаванасці ў менеджараў беларускіх медыя.

Шоу мусіць доўжыцца

З шоу не склалася, бо ў грамадска-палітычных медыя мусіць быць сатыра. Расійскія паліттэхнолагі ведаюць, што людзям трэба выпускаць пару, таму там дагэтуль можна асцярожна пасмяяцца з Пуціна. Лукашэнка ж вельмі хутка забараніў любы намёк на смех з сябе персанальна і з улады як такой. Таму нават камерцыйна паспяховыя медыйныя праекты Tut.by i Onliner у шоу гуляць не сталі.

Датацыйныя праекты мелі і маюць сатырычныя рубрыкі, але гэта не пра шоу, так — карыкатура на апошняй старонцы газеты, як калісьці. Дый якое можа быць шоу з пераследу за іншадумства і наогул адрознасць ад стандартаў аўтарытарнай сістэмы? А ў незалежных медыя ўсе віды тэрору рэжыму адносна жыхароў Беларусі — тэма нумар адзін. А толькі пра адмоўнае глядзець і чытаць немагчыма.

Таму беларусы будуць глядзець расійскі медыйны прадукт.

Пад словам «шоу» я маю на ўвазе не толькі ўмоўны «Comedy Club». А пад словам «расійскі» — не толькі крамлёўскі прадукт. YouTube — гэта таксама пра медыя і пра шоу. А за словам «расійскі» можа быць цалкам сабе антыпуцінскі і нават антыімперскі спікер. Але пры гэтым не факт, што прабеларускі.

Беларусы глядзяць расійскі ютуб з дзвюх асноўных прычын. Першая — згаданае ўжо шоу. Двухмільённы блогер Марк Фейгін — шоумен. Не палітычны аналітык. Прынамсі, у кадры ён артыст-самавук. А яго нядаўні дуэт з Аляксеем Арэстовічам — яскравы прыклад ютуб-шоу, калі гледачам, па вялікім рахунку, не важна, што і як ёсць насамрэч, важны настрой, які дораць артысты ў кадры.

У беларускім ютубе інтуітыўных шоуменаў ад аналітыкі пакуль няма.


Глядзіце таксама

А таксама ў беларускім сегменце аналітычнай публіцыстыкі няма спецыялістаў па Расіі. Кожнаму чалавеку, здатнаму самастойна шукаць інфармацыю і больш-менш безэмацыйна яе аналізаваць, зразумела, што чым больш праблем у Крамлі, тым больш шанцаў у беларусаў і, вядома, украінцаў. Таму беларусы і ўкраінцы глядзяць тых, хто расказвае як кепска ў Расіі.

Трэба быць вельмі вузкім спецыялістам, каб ведаць імя лукашэнкаўскага прэм’ер-міністра і цікавіцца, што ён там сказаў. Гэта тое, што прапануе беларускаму гледачу беларускі палітычны аналітык. Шырокую публіку цікавіць простае пытанне: калі ж Пуцін, а разам з ім Лукашэнка, накрыецца медным тазам? І шоумены ад аналітыкі штодня адказваюць на названае пытанне. Толькі не ў беларускім сегменце інтэрнэту.

Дэ-факта шоумены ад палітычнай аналітыкі гандлююць надзеяй.

Беларусы-спікеры ў медыя не могуць цынічна граць на самых тонкіх пачуццях людзей. І ў гэтым беларусы малайцы. Толькі глядзець беларусы-спажыўцы будуць удалых гандляроў па-за Беларуссю.

Шырокай аўдыторыі не патрэбная праўда сама па сабе. Той жа Фейгін ва ўкраінскім рэйтынгу ютуб-аглядальнікаў стаіць на другім месцы. Трэці — расіец з амерыканскім пашпартам Андрэй Піянткоўскі. Далей крыху ніжэй у спісе яшчэ мноства расійцаў, хай сабе апазіцыйных да ўлады. Усе яны расказваюць украінцам, як трашчыць крамлёўская ўлада. Праўда, ютуб-шоумены не ўдакладняюць, што імперыі распадаюцца значна больш марудна за чалавечае жыццё.

Як прыклад з украінскага рэйтынгу — Віталь Портнікаў, які ставіць вельмі дакладныя дыягназы як на блізкую, так і на аддаленую перспектыву. Тонкай аналітычнай арганізацыі палітычны публіцыст, які дзесьці бліжэй да пяцідзясятага месца ў спісах тых, каго слухаць украінцы. Над Портнікавым радкі рэйтынгу моцна займаюць большыя ці меншыя папулісты, а часам і адкрытыя шарлатаны ад палітычнага аглядальніцтва.

Беларускія аналітыкі — прыблізна побач з Віталём Портнікавым па шанцах выйсці на шырокую публіку.

Назад да распаду СССР

Беларусы будуць глядзець расійскі медыйны прадукт, таму што вонкавае фінансаванне будзе ісці на калектыўных «расійскіх дэмакратаў». Тут удакладню, што агучваю версію з кулуараў незалежных медыя, якія вымушана пакінулі Беларусь.

Самі зарабляць беларускія медыяпраекты не могуць, бо асноўная аўдыторыя жыве ў Беларусі, а данаціць з Беларусі — гэта гуляцца ў рулетку «сядзеш-не сядзеш». Застаюцца рознага кшталту фундацыі.


Глядзіце таксама

Ні ў ЗША ні ў вядучых краінах Еўрасаюза няма палітычнага рашэння па Расіі: валіць — не валіць? Мы назіраем адгалосак 1991 года, калі «калектыўнаму Захаду» было б выгадна бачыць перад сабою Савецкі Саюз, толькі дэмакратызаваны, чытай — без пагрозы ядзернай вайны. А не вось гэта вось усё з пятнаццаццю новымі краінамі, з нацыянальна-адраджэнскімі рухамі ды іншымі незразумеласцямі, а таму незручнасцямі.

Фінансавацца будуць «дажджы», бо беларусаў прыляпляюць да расійцаў. Маўляў, навошта распыляць сродкі.

Толькі «дажджы» не ёсць аўтаматычна абаронцамі Беларусі.

Выхад з тупіку выпадкова намацала калядная гісторыя з рэдакцыяй выдання Reform.by. Напярэдадні новага 2024 года стваральнік праекта Фёдар Паўлючэнка агучыў сітуацыю, калі яму з калегамі адмовілі ва ўстойлівым фінансаванні.

Мы са свечкай не стаялі, але не давяраць Фёдару няма падстаў. Ён сказаў, што нядаўнія фундатары Reform.by звінавацілі праект у нездатнасці рэагаваць на выклікі часу, ці штосьці кшталту таго.

Фёдар не прасіў у чытачоў і слухачоў грошай, але праз двое сутак рэдакцыя мела на рахунках 17 000 еўра. Цуд на Каляды? А можа, дэманстрацыя новай тэндэнцыі.


Глядзіце таксама

Беларусы, пачынаючы ад 2020 года (насамрэч, раней), навучыліся падтрымліваць палітзняволеных і вымушаных эмігрантаў. Магчыма, надышоў час прызвычайвацца фінансаваць медыйныя прадукты, якім давяраеш і якім жадаеш развіцця.

А там, глядзіш, і падаткі можна будзе плаціць у электронны ўрад Новай Беларусі, і мець з тых падаткаў электронную «сацыялку». Але гэта ўжо іншая — і не такая ўжо фантастычная — гісторыя.