Беларускі Чырвоны Крыж праз прыпыненне членства ў міжнароднай федэрацыі пазбавіцца больш за 4 млн рублёў
Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) пазбавіцца фінансавання на больш чым 50%. Прыкладаная сума стратаў — больш за 4,2 млн рублёў. Такі вынік прыпынення з 1 снежня 2023 года членства ў Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (МФТЧКіЧП).
У распараджэнні расследавальніцкага цэнтра «Бюро Медыя» трапілі 40 тысяч файлаў унутранай дакументацыі БТЧК, паведамляе «Позірк». Згодна з імі, у 2022 годзе БТЧК атрымаў ад міжнародных донараў амаль 13 млн рублёў, што складае 57,2% усяго бюджэту арганізацыі.
На долю МФТЧКіЧП прыпадае 34% усіх замежных паступленняў, адзначаецца ў расследаванні. Такім чынам, пры захаванні такога ж аб’ёму фінансавання арганізацыя магла атрымаць у 2024 годзе, але пазбавілася 4,42 млн рублёў.
«Бюро Медыя» адзначае, што ў пачатку 2023 года БТЧК атрымаў ад ЮНІСЕФ 210 тыс. долараў на праект «Выяўленне, асноўныя паслугі, матэрыяльная дапамога і інтэграцыя сем’яў з дзецьмі з Украіны ў Рэспубліцы Беларусь». З названай сумы 124 тыс. выдадзены грашыма, астатняе — таварамі.
«Для таго, каб асвоіць 124 тыс. долараў, ад БТЧК у праекце прадугледжаны 21 пазіцыя розных каардынатараў праекта і 8 сацыяльных работнікаў. Дадамо псіхолагаў, фінансавых менеджараў, кіроўцаў, валанцёра, інфармацыйных прадстаўнікоў — і атрымаем 59 чалавек у праекце», — адзначаюць расследавальнікі.
У асобным артыкуле бюджэту на забеспячэнне «эфектыўным упраўленнем» праекта прадугледжана 58,25 тысячы долараў, на аплату штата супрацоўнікаў — каля 80 тысяч долараў.
Таксама ў расследаванні згадваецца некалькі камандзіровак кіраўнікоў БТЧК, на якія былі выдаткаваныя значныя сумы.
Сцвярджаецца, што ў траўні 2022 года дзевяць супрацоўнікаў Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа наведалі Турцыю, на квіткі было выдаткавана каля 4,3 тысячы долараў. У расследаванні адзначаецца, што запрашэнне ў Стамбул было на пяць дзён, але дэлегацыя знаходзілася там дзевяць. Паводле падліку «Бюро Медыя», прыкладныя выдаткі на пражыванне і харчаванне склалі з улікам авіябілетаў больш за 15 тысяч долараў.
Паездка ў Стамбул аплачвалася на дваіх супрацоўнікаў з грошай МФТЧКіЧП, на астатніх — з уласных сродкаў БТЧК (ахвяраванні, спонсарская дапамога і сяброўскія складкі).
У матэрыяле згадваецца паездка пяці супрацоўнікаў арганізацыі ў Рым. Квіткі абышліся прыкладна ў 6,4 тысячы еўра, пражыванне амаль у 5 тысяч. МФТЧКіЧП пакрыла выдаткі на суму не больш за 7,5 тысяч еўра, астатнія сродкі БТЧК вылучыў з уласных сродкаў.
Пры гэтым у расследаванні адзначаецца: «БТЧК парушыў пастанову Саўміна па дапушчальных выдатках на жыллё. Павінна быць 135 еўра за ноч, а ў аднаго з членаў дэлегацыі — нумар прэміум коштам амаль 1200 еўра за шэсць начэй, або 235 еўра за ноч. Гэта значыць, выдаткі на пражыванне больш чым у паўтара разы вышэй за норму. Каму дастаўся гэты нумар — застаецца толькі здагадвацца. Але і іншыя нумары даражэйшыя за ўстаноўленую норму».
Нагадаем, 1 снежня МФТЧКіЧП прыпыніла сяброўства БТЧК праз невыкананне кастрычніцкага патрабавання федэрацыі вызваліць ад пасады генеральнага сакратара Дзмітрыя Шаўцова, які абвінавачваецца ў дачыненні да вывазу дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны, а таксама адзначыўся рэзананснымі заявамі аб размешчанай у Беларусі расійскай ядзернай зброі.
«Адхіленне азначае, што БТЧК губляе свае правы члена МФТЧКіЧП. Любое новае фінансаванне ў дачыненні да Беларускага Чырвонага Крыжа таксама будзе прыпыненае, — паведаміла міжнародная федэрацыя. — Акрамя таго, БТЧК не зможа ўдзельнічаць у Генасамблеі МФТЧКіЧП, а таксама галасаваць або быць абраным на якіх-небудзь статутных сходах МФТЧКіЧП».
БТЧК можа быць адноўлена ў правах, як толькі «выканае рашэнне праўлення» і адхіліць дзеючага генеральнага сакратара ад пасады.
Прэтэнзіі да генеральнага сакратара арганізацыі ўзніклі праз ягоныя візіты ў акупаваныя РФ украінскія гарады Луганск і Данецк, заявы аб перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый і інш.
Беларускі бок не адмаўляе факту вывазу ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый, заяўляючы, што гэта робіцца для іх аздараўлення і са згоды іх законных прадстаўнікоў.
20 ліпеня ў эфіры дзяржканала АНТ Шаўцоў заявіў аб магчымасці выкарыстання размешчанай у Беларусі расійскай тактычнай ядзернай зброі.
Удакладніўшы, што ён «ні да чаго не заклікае», генеральны сакратар БТЧК сказаў: «Можа быць, варта ўсё ж такі людзям [на Захадзе] намякнуць, што мы не проста вам кажам і папярэджваем, а мы гэта канкрэтна можам зрабіць, калі вы не супакоіцеся. Я разумею, што гэта будзе суперэскалацыя. Але рана ці позна да гэтага прыйдзе. Прыйдзецца проста даць трошкі па зубах».