Беларускія трактары, БелАЗы і Купала на грошах іншых краін
На грашовых купюрах і манетах усіх краін свету адлюстроўваюцца звычайна найбольш вядомыя славутасці або дзеячы гэтых краін. Грашовая «сімволіка» дазваляе краіне папулярызаваць свае гістарычныя і культурныя каштоўнасці. Аднак бываюць і выпадкі, калі на банкнотах або манетах размяшчаюцца дзеячы або дасягненні іншых краін, хоць гэта досыць рэдкая з’ява. Будзьма распавяла, якія беларускія сімвалы і якім чынам трапілі на грашовыя наміналы іншых краін.
Беларускія трактары і самазвал на в’етнамскіх банкнотах
На в’етнамскай банкноце ў 200 донг 1987 г. намаляваны трактар «Беларус». І з’явіўся ён невыпадкова.
Пасля в’етнама-амерыканскай вайны краіна была ў стане крызісу. Тэхналогіі адсутнічалі, а вырабляць машыны было вельмі дорага. Адмысловую дапамогу тады аказаў СССР, які пастаўляў у краіну неабходную для сельскай гаспадаркі тэхніку. У гады правядзення праграмы механізацыі сельскай гаспадаркі В’етнам атрымаў беларускія трактары, якія вельмі добра сябе зарэкамендавалі.
Трактар «Беларус» дагэтуль папулярны ў В’етнаме. Наогул аўтарытэт айчыннай сельскагаспадарчай тэхнікі ў гэтай краіне настолькі высокі, што навучальныя дапаможнікі для механікаў і трактарыстаў напісаны на прыкладах беларускіх трактароў. У трактароў, якія працавалі на в’етнамскіх палях, кабіны былі прыстасаваны да мясцовых кліматычных умоў, а яшчэ ўнесены спецыяльныя змены ў канструкцыі радыятараў і тэрмастатаў.
Купюра 200 донг з выявай трактара «Беларус» была ўведзена ў абарачэнне ў 1987 годзе, але ходзіць дагэтуль, праўда, ужо даўно паспела сур’ёзна абясцэніцца і не ўяўляе асаблівай каштоўнасці.
Аднак гэта не адзіны выпадак размяшчэння беларускіх прамысловых вырабаў на в’етнамскіх грашовых знаках. Першы раз банкноты В’етнама з выявай беларускага трактара выйшлі амаль на дваццаць гадоў раней — у 1969 годзе.
У 1957 годзе трактары «Беларусь» былі мадэрнізаваны, сталі больш моцныя і атрымалі серыю МТЗ-5. І вось адзін з такіх мадэрнізаваных трактароў з гусенічным ходам быў выяўлены на в’етнамскай банкноце ў 20 донг узору 1969 года.
Такім чынам, беларускія трактары сталі для В’етнама ўвасабленнем прагрэсу ў аграрнай сферы. Менавіта таму было вырашана выкарыстоўваць выяву перадавой па тых часах беларускай агратэхнікі на в’етнамскіх грошах: 20 донг узору 1964 года і на купюры ў 200 донгаў 1987 года. Фактычна трактар «Беларусь» у В’етнаме стаўся сімвалам земляробчага духу таго часу.
Прыстасоўваць сваю прадукцыю да ўмоў трапічнага клімату Паўднёва-Усходняй Азіі давялося і іншаму беларускаму прадпрыемству, якое даўно ўмацавала свае пазіцыі на в’етнамскім рынку, — БелАЗу. Яго самазвалы дагэтуль запатрабаваны на вугальных кар’ерах В’етнама непадалёк ад горада Халонг. Прычым некаторыя машыны, як і трактары, знаходзяцца ў вельмі сталым узросце: ім больш за 25 гадоў. Тым не менш яны працягваюць паспяхова працаваць.
Выяву БелАЗа в’етнамцы змясцілі на грашовай купюры вартасцю 1000 донг узору 1987 года, падкрэсліваючы заслугі ў развіцці народнай гаспадаркі сваёй краіны гэтага беларускага цяжкавагавіка.
Айчынны трактар на мазамбікскай манеце
Сельскагаспадарчую тэхніку за савецкімі часамі адпраўлялі не толькі ў азіяцкія краіны, але і ў Афрыку. Шматгадовая савецкая прысутнасць у Мазамбіку мела свае асаблівасці: савецкія ваенныя спецыялісты рыхтавалі кадры для мазамбікскага войска і пагранічнай службы. Савецкі Саюз пастаўляў у Мазамбік узбраенне і баявую тэхніку. Аднак не шмат хто ведае, што, акрамя ваеннай падтрымкі, Мазамбік атрымліваў і сельскагаспадарчую тэхніку беларускай вытворчасці. Прамым сведчаннем гэтага факту з’яўляецца выява мінскага трактара з плугамі на мазамбікскай манеце вартасцю 5 метыкалей, што выходзіла ў афрыканскай краіне на працягу 1980-1986 гг.
Колас і Купала на расійскіх манетах
У Расійскай Федэрацыі ў 1992 годзе выйшла дзве юбілейныя медна-нікелевыя манеты наміналам у адзін рубель з нагоды 110-гадовага юбілею класікаў беларускай літаратуры — Якуба Коласа і Янкі Купалы.
Натуральна, цяпер гэта моцна здзіўляе, бо ўявіць на сённяшні дзень нешта падобнае проста немагчыма. Мусіць, пачатак 1990-х быў часам нявызначанасці і абсалютнай дэзарыентацыі пасля развалу Савецкага Саюза. Гэтым можна патлумачыць размяшчэнне на расійскіх манетах беларускіх творцаў, якія выступалі за самавызначэнне беларускай нацыі без рускага «братэрства».
Яшчэ адна прычына размяшчэння класікаў беларускай літаратуры на расійскіх манетах у тым, што за імі на пэўны час быў замацаваны вобраз прасавецкіх творцаў, што культываваўся дзясяткамі гадоў.
На манеце наміналам адзін рубель з Якубам Коласам творцу можна ўбачыць ў сталым узросце. Твар пісьменніка на аверсе манеты сведчыць, што, хутчэй за ўсё, копію бралі з пасляваеннай выявы пісьменніка, калі яму ўжо было больш за 60 гадоў. Выява твару Коласа спалучана з элементам кашулі з беларускім арнаментам, што надае рублёвіку Расійскай Федэрацыі пэўнай адметнасці. Твар Коласа на манеце выяўлены ў анфас з паваротам галавы на тры чвэрці ўправа.
А вось аверс рублёвіка з Янкам Купалам ужо аформлены па-іншаму. Твар аўтара славутых «Тутэйшых» і «Раскіданага гнязда» выяўлены ў профіль, пры гэтым адназначна бачна, што апрануты ён у касцюм з гальштукам — выгляд, у якім часцей за ўсё адлюстроўваюць беларускага творцу. Рублёвік з Янкам Купалам адметны і тым, што пад выявай пісьменніка знаходзіцца яго аўтограф, упрыгожаны раслінным арнаментам. На манеце з Коласам такога аўтографа няма, а псеўданім творцы пададзены проста буйнымі літарамі.