Адкуль растуць ногі дэдаларызацыі: што чакае эканоміку?
Напрыканцы 2023 года ў многіх эканамічных аглядах часта сустракаўся тэрмін «дэдаларызацыя». Паводле статыстычных даных, гэты працэс сёлета стаў вельмі актуальным для Беларусі. Мы паразважалі, чаму ў нашай краіне доўгі час існавала даларызацыя, чаму ўрад імкнецца яе зменшыць, і што нас чакае, калі вага долара ў структуры грашовай масы працягне змяншацца.
![_hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg _hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg](/img/v1/images/_hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Дэдаларызацыя — гэта працэс замяшчэння долара ЗША на іншыя валюты ў міжнацыянальных разліках і для аперыцый унутры краіны. Дэдаларызацыя падвышае аб’ём нацыянальнай валюты ў структуры шырокай грашовай масы. Гэта працэс, супрацьлеглы даларызацыі, якая існуе ў Беларусі з 1990-х.
Чаму ў Беларусі ўзнікла даларызацыя?
Даларызацыя знаёмая беларусам яшчэ з 1990-х, з перыяду эканамічнага крызісу: дэфіцыт тавараў, «згарэлыя» грошы на зберкніжках, высокая інфляцыя — тады доларамі гандлявалі на чорным рынку, афіцыйны курс моцна адрозніваўся ад рэальнага, а ўсе кошты, плацяжы, ашчаджэнні былі прывязаныя да валюты.
Асноўныя прычыны даларызацыі беларускай эканомікі: нестабільнасць палітычнага і эканамічнага стану ў краіне, інфляцыя, высокая валацільнасць (хісткасць) рубля, нестабільнасць валютнага курса і недавер насельніцтва да беларускіх грошай.
Лакальны беларускі максімум даларызацыі шырокай грашовай масы быў у лютым 2016 года, калі аб’ём валютнага кампанента дасягнуў 76,6%. Такая далёкая ад аптымальнай структура грашовай масы была абумоўлена значнай дэвальвацыяй беларускага рубля, якая адбылася ў 2014-2015 гг. і два першыя месяцы 2016-га.
З 2016 дзеянні ўрада і Нацбанка дазволілі пачаць выпраўленне сітуацыі. У выніку стартаваў працэс паступовага нарастання долі беларускага рубля ў структуры грашовай масы.
Па выніках 2016 года ўдзельная вага нацыянальнай валюты дасягнула 31,6%, 2017 — 33,8%, 2018 — 38,0%, 2019 — 43,8%, 2020 — 40,9%, 2021 — 45,5%, 2022 — 51,7%.
Са студзеня па лістапад 2023 года доля сродкаў у беларускіх рублях вырасла з 51% да 54% шырокай грашовай масы, значыць, долары займаюць 46%. Як можна заўважыць, вага нацыянальнай валюты ў агульным аб’ёме грашовай масы паступова становіцца болей.
Чаму ўлады праводзяць палітыку дэдаларызацыі?
Некалькі апошніх гадоў ва «Указе Об утверждении Основных направлений денежно-кредитной политики Республики Беларусь» ёсць мэты па ўмацаванні пазіцый і пашырэнні выкарыстання беларускага рубля: у крэдытаванні і пунктах макраэканамічнай палітыкі. А ў 2020 выйшаў закон «О Стратегии повышения доверия к национальной валюте до 2035 года», у якім пералічаныя кірункі падвышэння даверу да нацвалюты і мэты па сферах яе выкарыстання.
Імкненне ўладаў паменшыць даларызацыю — лагічная эканамічная задача.
Калі вага долараў у грашовай масе перавышае патрэбную, у эканоміцы з’яўляюцца негатыўныя наступствы. Даларызаваная краіна пачынае моцна залежаць ад ЗША, ад яе палітыкі і стану эканомікі, бо ЗША з’яўляюца адзіным эмітэнтам долара ў свеце. Зніжаюцца даходы дзяржаўнай казны ад эмісіі нацыянальных грошай, памяншаецца роля нацыянальных банкаў, падвышаецца недавер да нацыянальнай валюты. А яна — прыкмета дзяржаўнасці, і калі яна слабая, то ёсць пагроза суверэнітэту краіны.
А яшчэ тыя долары, якія ляжаць на «хатніх матрацных» дэпазітах, не ўдзельнічаюць у абароце, не інвестуюцца, а камерцыйным банкам іх можа не хапаць для выдачы валютных крэдытаў.
Пры гэтым даларызацыя не павінна быць нулявога ўзроўню: па даных са справаздачы МВФ, аптымальны ўзровень даларызацыі беларускай эканомікі павінен быць каля 20%.
Бо даларызацыя патрэбная для зніжэння інфляцыі, зніжэння рызыкі дэвальвацыі, магчымасці танна фінансаваць дэфіцыт дзяржаўнага бюджэту і для стабілізацыі макраэканамічнай сітуацыі, што неабходна для далейшага эканамічнага росту. Яшчэ яна патрэбна для стымуляцыі інвеставання і інтэграцыі нацыянальнай эканомікі ў сусветную сістэму.
Дадатковыя прычыны дэдаларызацыі ў Беларусі: складанасці разлікаў у доларах з-за санкцый, скарачэнне экспарту і валютнай выручкі з-за зніжэння фізічных аб’ёмаў паставак, зніжэння цэн і з-за аслаблення расійскага рубля ў параўнанні з доларам.
Адмаўляцца ад долара ў Беларусі пачалі ўвесну 2022 года, напрыклад, разлікі за энергарэсурсы, якія Расія пастаўляе нашай краіне, сталі праводзіць у расійскіх рублях, забаранілі вызначаць памеры арэнднай платы ў валютным эквіваленце (зрабіўшы выключэнне для лізінга).
Наступствы і рызыкі дэдаларызацыі ў цяперашніх умовах
З першага погляду, усё ідзе па плане: адбываецца паступовая дэдаларызацыя, якая імкнецца да аптымальных паказчыкаў. Але ў якіх умовах адбываецца гэты працэс у Беларусі?
- інфляцыя і яе штучнае стрымліванне;
- зніжэнне рэальных даходаў насельніцтва (як адно з пацверджанняў — у 2023 годзе фізасобы здалі банкам валюты больш, чым купілі, на 292,2 млн долараў, то-бок, людзі праядаюць ашчаджэнні);
- нізкі тэмп эканамічнага росту і яго невысокі патэнцыял у будучыні;
- адсутнасць уласных тэхналогій у многіх сферах вытворчасці.
Усе гэтыя фактары не дазваляюць назваць эканамічную сітуацыю ў Беларусі стабільнай ці перспектыўнай. Таму і бізнес, і фізасобы ўсё роўна больш спадзяюцца на долар, чым на беларускі рубель, нават нягледзячы на лічбы прыросту нацвалюты ў грашовай масе.
Яшчэ адзін цікавы фактар — змяненне структуры дэпазітаў у апошнія гады. Разгледзім даныя за 2022 (тэндэнцыю можна перанесці на 2023): пераводныя дэпазіты ў замежнай валюце ў доларавым эквіваленце выраслі на 16,6%, а іншыя дэпазіты скараціліся на 11,8%.
З пункту гледжання кліентаў банкаў пераводныя дэпазіты маюць істотна большую ліквіднасць, бо могуць быць аператыўна змешчаныя ў банк і гэтак жа аператыўна знятыя. Для банкаў лепш супрацьлеглае: знаходжанне грашовых сродкаў на тэрміновых і ўмоўных (іншых) банкаўскіх укладах значна больш прадказальнае і дазваляе больш эфектыўна кіраваць патокамі грашовых сродкаў у часе.
Парадокс, але атрымліваецца, што пры дэдаларызацыі мы маем большую валацільнасць валютнай грашовай масы з-за пераразмеркавання сродкаў на розных дэпазітах.
Рублёвая маса, якая павінна ўпэўнена замяшчаць валютную, таксама з’яўляецца валацільнай. Гэта даказвае рост наяўнай рублёвай масы: з 20% напачатку 2021 года і да 23% у цяперашні час. Таксама вырасла доля пераводных дэпазітаў — у разгляданым перыядзе з 30% да 33%. А вось доля тэрміновых дэпазітаў, крыніца крэдытавання, наадварот, знізілася з 44% да 38%. Гэта, як і ў выпадку з валютнымі дэпазітамі, не дазваляе банкам максімальна эфектыўна кіраваць сродкамі.
Вынік дэдаларызацыі на цяперашні момант: рост той часткі грашовай масы, якая з’яўляецца нестабільнай (рублі), і скарачэнне той, што з’яўляецца больш стабільнай (валюта). У такім выпадку павялічваецца нявызначанасць, якая перашкаджае Нацбанку прымяняць правільныя фінансавыя інструменты эканамічнай палітыкі і правільна прагназаваць сітуацыю.
І яшчэ некалькі вывадаў правядзення дэдаларызацыі, каб развеяць флёр усемагутнасці гэтага працесу:
- змяншэнне аб’ёму долараў у рэзервах паслабляе тыя самыя рэзервы;
- нават пры сусветнай тэндэнцыі дэдаларызацыі долар застаецца наймацнейшай і найбольш распаўсюджанай валютай, роўнай альтэрнатывы для яго на дадзены момант няма;
- дэдаларызацыя не павінна быць рэзкай альбо фарсіравацца, яна павінна быць плаўнай і адбывацца натуральна дзякуючы прадугледжаным зменам у фінансавай палітыцы і новым эканамічным умовам, такі працэс можа расцягнуцца на дзясяткі год;
- нават калі паказчыкі даларызацыі дасягнуць нормы, эфект ад гэтага працэсу будзе не імгненны — «дывідэнды» эканоміка атрымае на працягу наступных гадоў.