Спраўдзілася мара аб дэдаларызацыі? Рубель працягвае выцясняць валюту ў эканоміцы

Даўняя мара фінансавага і эканамічнага блока ўрада аб дэдаларызацыі эканомікі Беларусі цяпер аказалася блізкая да рэальнасці. Яшчэ ў канцы 2022 года рублёвы складнік у агульным аб'ёме сродкаў у эканоміцы перавысіў валютны, а ў 2023 годзе доля нацыянальнай валюты ў шырокай грашовай масе дасягнула 54%.

_belarus_hroszy_ekanomika_kurs_infljacyja_fota_novy_czas__2__logo.jpg

Зрэшты, дасягненне гэта вельмі спрэчнае — дакладней, спосаб вырашэння праблемы і ўмовы, пры якіх дасягнуты жаданыя паказчыкі, піша праект «Вашы грошы».

Са студзеня па лістапад 2023 года доля сродкаў у беларускіх рублях вырасла з 51% да 54% шырокай грашовай масы (усіх сродкаў у эканоміцы). У намінальным выражэнні рублёвая грашовая маса за 11 месяцаў павялічылася з 31,1 млрд рублёў да 38,8 млрд.

Прырост склаў 7,7 млрд або 25%.

Відавочна, што прырост на чвэрць рублёвай грашовай масы пры стрымліваемай інфляцыі выклікае назапашванне дысбалансаў у эканоміцы. На руках у насельніцтва стала значна больш рублёў, іх аб'ём вырас таксама на рахунках прадпрыемстваў. З-за таго, што цэнам расці забараняюць, інфляцыйны навес ацэньваецца ў дадатковыя 10% прыросту коштаў.

Напампоўванне рублямі эканомікі ідзе па розных каналах. Таму структура рублёвай грашовай масы ў канцы 2023 года змянілася адносна той, што была ў пачатку 2021 года.

За апошнія тры гады відавочны рост долі наяўных з 20% рублёвай грашовай масы ў пачатку 2021 года да 23% у цяперашні час. Таксама вырасла доля пераводных дэпазітаў — у разгляданым перыядзе з 30% да 33%. А вось доля тэрміновых дэпазітаў, крыніца крэдытавання, наадварот, знізілася з 44% да 38%.

Доля іншых сродкаў у беларускіх рублях застаецца нязначнай і вагаецца каля адзнакі 5-6%.

У выніку цяпер мы маем больш рухомую грашовую масу, што павялічвае нявызначанасць і ўскладняе для Нацбанка рэгуляванне фінансавага рынку.

Глядзіце таксама