Бізнес і насельніцтва не схільны давяраць свае грошы беларускай банкаўскай сістэме

Па даных Нацыянальнага банка ў агульным аб'ёме грошай у эканоміцы на пачатак снежня 2023 года доля пераводных дэпазітаў і наяўных сродкаў склала 30%. На высокім узроўні паказчык трымаецца ўжо год. Пра што гэта кажа?

_hroszy___bank___infljacyja___depazit__fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas_logo_1.jpg

Раней (напрыклад, у 2021-ым і ў пачатку 2022 года) гэты паказчык складаў усяго 21%, адзначае праект «Вашы грошы».

Разгледзім асобна пераводныя дэпазіты. Гэта грошы на бягучых рахунках, скарыстацца якімі беларускае насельніцтва і бізнес могуць у любы момант.

Аб'ём сродкаў на бягучых рахунках фізічных асоб са студзеня бягучага года па пачатак снежня 2023 года вырас на 1 млрд 41 млн (з 4,5 млрд да 5,6 млрд рублёў). А грошы на бягучых рахунках юрыдычных асоб за гэты ж час павялічыліся на 257 млн рублёў (з 6,8 млрд да 7,1 млрд).

Рост назіраецца не толькі ў намінальным выражэнні. Доля пераводных дэпазітаў насельніцтва ў шырокай грашовай масе павялічылася сёлета з 7,4% да 7,8%. А для бізнесу сітуацыя адваротная — доля пераводных дэпазітаў юрыдычных асоб з пачатку года ўпала з 11,2% да 9,9%.

У 2021 годзе агульны аб'ём пераводных дэпазітаў бізнес і насельніцтва ў эканоміцы Беларусі падзялялі амаль пароўну. З канца пазамінулага года па іх аб'ёме лідзіруе бізнес. У пачатку снежня 2023 года на долю юрыдычных асоб прыпадае 56% сродкаў на пераводных дэпазітах, тады як у насельніцтва 44%.

Калі разгледзець не ўсю грашовую масу, а ўзяць толькі рублёвую, то тут хуткія грошы складаюць цяпер 56%, на долю наяўных прыпадае 22%, і яшчэ 33% — на сродкі на бягучых рахунках бізнесу і насельніцтва.

Пра што кажуць гэтыя змены? Мы бачым, што грашовая маса становіцца больш валацільнай, то-бок схільнай да зменлівасці. Грошы ў эканоміцы становяцца яшчэ больш рухомымі, што можа, у залежнасці ад навінавага фону, прыводзіць як да росту дэпазітаў, так і да спажывецкага ажыятажу. 

Усё больш сродкаў бізнес і насельніцтва хочуць трымаць пры сабе і не схільны даверыць іх банкам на доўгі тэрмін.

Глядзіце таксама