Эканоміка ўваходзіць у зону турбулентнасці: трэсці можа вельмі жорстка

Урад агучыў афіцыйны паказчык росту коштаў за лістапад. У праекта «Вашы грошы» з'явілася магчымасць падлічыць традыцыйны індэкс «чаршкварфляцыі», які ўжо шмат месяцаў запар аказваецца бліжэйшым да рэальных адчуванняў інфляцыі, чым лічбы, якія выдае Белстат.

Фота з pikabu.monster

Фота з pikabu.monster

Даведка: Пасля таго, як Лукашэнка калісьці сказаў, што нашаму народу трэба «чарка і шкварка», беларускія эканамісты распрацавалі індэкс «Чарка-шкварка». Гэты індэкс складаецца з кошту 100 грамаў свініны і 100 грамаў гарэлкі і разлічваецца на падставе звестак Белстата.

«Чаркшварфляцыя» вылічваецца наступным чынам: бярэцца дынаміка кошту 100 грамаў бескасцёвай свініны і 100 грамаў гарэлкі (чаркі і шкваркі) і параўноўваецца з афіцыйнымі паказчыкамі росту коштаў.

У першую чаргу адзначым, што пачынаецца перыяд, пра які мы і многія іншыя незалежныя аналітыкі папярэджвалі даўно — кошты пайшлі ўверх. Гадавая інфляцыя да пачатку зімы склала 5,4%. Пры гэтым крыху знізіўся ўзровень «чаршкварфляцыі» — да 11,3%. І каб зразумець, што адбываецца, трэба разабрацца ў дэталях.

Доўгі час, аж да пачатку 2022 года, звычайным было наступнае становішча: агульная інфляцыя заўсёды была крыху вышэйшай, чым «чаршкварфляцыя», гэта казала аб тым, што ўрад імкнецца стрымліваць цэны на такія сацыяльна значныя прадукты, як гарэлка і свініна, падтрымліваючы свой ядзерны электарат. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне сітуацыя ў корані змянілася.

Краіны-агрэсары трапілі пад значныя міжнародныя санкцыі, і іх эканомікі моцна пахіснуліся. Мы бачым, як інфляцыя рэзка пайшла ўверх, услед за ёй прадказальна пацягнулася і «чаршкварфляцыя». Але доўга ўтрымліваць цэны рынкавымі механізмамі не ўдалося. Пасля лістапада 2022 года крывыя інфляцыі і «чаршкварфляцыі» сталі ўсё мацней аддаляцца адна ад адной.

У той час як нам трубілі з усіх прасаў пра тое, што «інфляцыя на рэкордна нізкім узроўні», кошт камплекта чарка/шкварка ставіла пад сумнеў пераможныя рэляцыі. Розніца паміж афіцыйным поглядам на тое, што адбываецца, і індэксам ЧШ пачала скарачацца толькі з верасня 2023 года. Што ж здарылася?

image_32_1280x1279.jpeg

Па сутнасці, адбываецца тое, пра што мы папярэджвалі: было першапачаткова зразумела, што штучнае абмежаванне коштаў не можа доўгі час даваць ураду жаданы вынік. Мала таго, гэты папулісцкі крок пагражаў усё большым нарастаннем інфляцыйнага навеса. Мяркуючы па ўсім, улады ўсё ж прынялі непазбежнае і вырашылі прывесці да балансу, блізкага да таго, што быў у 2021 годзе, паказчыкі інфляцыі. Назіраючы за тэндэнцыяй, можна меркаваць, што прыкладна да канца снежня гэта можа адбыцца. Гэта значыць, мы ўбачым, што інфляцыя зноў крыху вышэйшая, чым «чаршкварфляцыя».

Здавалася б — выдатна, вярнулася горача любімая стабільнасць! Але ёсць адзін непрыемны нюанс.

Інфляцыя і «чаршкварфляцыя» знойдуць новы баланс, але адбудзецца гэта на значна больш высокім узроўні. Калі ў 2020-м і раней росту коштаў удавалася балансаваць у рамках 4-6%, то цяпер гэта ўжо бліжэй да 8-10%.

Праблема ў тым, што калі рэальная інфляцыя невысокая, утрымліваць яе ў зададзеным калідоры значна прасцей, бо ёсць немалая колькасць зразумелых і адпрацаваных інструментаў, але калі яна перавальвае за 10% і вышэй, утрымліваць яе стабільнай становіцца вельмі складана: у сілу законаў рынку можна чакаць як рэзкіх узлётаў, так і падзенняў. За кароткі прамежак часу інфляцыя можа паляцець «у космас», вярнуцца назад да 2% і падскочыць зноў. Жыхары краіны, назіраючы за гэтымі перападамі, вельмі нервуюцца, могуць пачаць скупляць, або, наадварот, здаваць валюту, або спусташаць паліцы крам, што ніяк не надае сітуацыі стабільнасці і прадказальнасці.

Таксама мы можам параўнаць «чаршкварфляцыю» з тэмпамі росту рэальных заробкаў (праўда, пакуль даныя па гэтым паказчыку ёсць толькі за кастрычнік). Як мы бачым, і тут крывая росту «чаршкварфляцыі» пачынае ісці насустрач крывой змены сярэдняга заробку.

image_31_1280x1280.jpeg

У выніку можна вобразна сказаць, што пры ўсёй бачнасці шчаснага палёту, авіялайнер беларускай эканомікі набліжаецца да фазы высокай турбулентнасці. Трэсці можа вельмі жорстка, а ўлічваючы, што большасць запчастак у самалёце зроблена па «праграме імпартазамяшчэння», становіцца асабліва трывожна.