Першае месца ў свеце, якое мы заслужылі: рэйтынг алкагалізму

Беларусы — нацыя, якая больш за ўсіх співаецца. І афіцыйная статыстыка гэтага ніколі не прызнае.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) вядзе агляды па злоўжыванні псіхаактыўных рэчываў для кожнай з краін свету. Зусім нядаўна ёй удалося атрымаць даныя са 171 з 194 (88%) дзяржаў-членаў арганізацыі. Адной з мэтаў такой дзейнасці з'яўляецца скарачэнне шкоднага ўжывання алкаголю. І ў некаторых краінах гэта сур'ёзная праблема.

Асноўным паказчыкам ўжывання алкаголю з'яўляецца «колькасць спажываных літраў на душу насельніцтва ў год». Згодна з Alcohol.org, краіна, якая ўзначальвае спіс, — Беларусь з паказчыкам 14,4 літра. Гэта больш чым у паўтара раза перавышае ўзровень ЗША. Пры гэтым беларускія ўлады хаваюць праўдзівую статыстыку. 


Глядзіце таксама

Следам за Беларуссю ідуць Літва з паказчыкам 12,9 літра, Грэнада — 11,9 і Чэхія — 11,8. Паказчык Францыі таксама роўны 11,8. Трошкі ззаду застаецца Расія — у яе 11,5 літраў на душу насельніцтва. Паказчык у ЗША складае 8,7 літра, і гэта 25-е месца сярод усіх вымераных краін. 

Афіцыйная статыстыка за 2022 год сцвярджае, што ў Беларусі было зафіксавана крыху больш за 14 тысяч выпадкаў алкагалізму. Гэта на паўтары тысячы больш, чым у папярэдні, 2021-шы, год. Больш за ўсё ўжываюць алкаголь у Гомельскай вобласці (2566 выпадкаў), а самая «цвярозая» вобласць — Гродненская (1499). Пры гэтым, як сведчыць Белсат, усе папярэднія гады ў Беларусі назіраўся ўстойлівы спад узроўню алкагалізму, і толькі ў сусветных рэйтынгах гэтая карціна не мянялася: мы па-ранейшаму займаем верхнія пазіцыі.


Скрыншот «НЧ»

Скрыншот «НЧ»

Тым часам дзяржава спрабуе атрымаць сваб выгаду з гэтай праблемы, паступова павялічваючы цэны на алкаголь. Паводле звестак Белстата, за студзень – верасень 2023 года алкагольныя напоі ў Беларусі падаражэлі на 13,63% у параўнанні з аналагічным перыядам 2022 года.

Найбольшы рост цэе зафіксаваны ў беларускай сталіцы (+15,77%), а найменшы – у Мінскай вобласці (+10,34%), піша myfin.by.

У верасні бягучага года ў адносінах да снежня 2022 года алкагольныя напоі ў нашай краіне сталі даражэй на 10,84%, у тым ліку:

  • гарэлка — на 16,52%;
  • настойкі горкія моцныя — на 15,77%;
  • каньяк — на 7,28%;
  • віно вінаграднае мацаванае — на 15,60%;
  • віно вінаграднае сталовае — на 9,20%;
  • піва — на 1,57%;
  • шампанскае — на 4,98%.

У рэгіянальным разрэзе ў верасні 2023 года ў параўнанні са снежнем мінулага года гарэлка мацней за ўсё падаражэла ў Гродзенскай вобласці (+18,68%), каньяк – у Мінску (+10,0%), шампанскае – у Мінскай вобласці (+8,56%).


Глядзіце таксама

Пры гэтым за месяц (верасень 2023 года ў дачыненні да жніўня) алкагольныя напоі ў Беларусі падаражэлі нязначна (на 0,71%), а ў Віцебскай вобласці нават назіраўся адкат цэн (-0,41%).

У грашовым выражэнні сітуацыя выглядае так: у верасні гэтага года сярэдняя цана гарэлкі, якая рэалізуецца ў рознічнай сетцы, складала 22,86 руб. (у верасні 2022 года – 19,16 руб.), каньяку – 48,54 руб. (годам раней – 45,97 руб.), піва – 4,76 руб. (у 2021 годзе – 4,68 руб.). Праўда, варта ўлічваць, што Белстат лічыць цэны за літр прадукцыі.