Трэба больш піць. Чаму рэжым Лукашэнкі пачаў падштурхоўваць беларусаў да алкаголю

Беларусы шмат і няправільна п'юць: аддаюць перавагу моцнаму, перавышаюць разавую дозу. У выніку — ранняя смяротнасць у мужчын, рэгулярныя п'яныя злачынствы, бытавы гвалт, траўмы, хваробы.

img15801257184110.jpg

Многія гады дзяржава планамерна закручвала гайкі, абмяжоўваючы ў тым ліку рэкламу гарачыльнага. Цяпер, падобна, кранік гатовыя адкруціць. Бюджэту патрэбныя грошы, а народу — прыемныя адчуванні і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Цвярозаму такога не відаць, піша planbmedia.io.

Рэклама — рухавік гандлю

У Беларусі прапануюць абмежаваць рэкламу безалкагольнага піва і піўных напояў, але пры гэтым зрабіць паслабленні для звычайнага піва і алкаголю. Reform.by звярнуў увагу на праект змяненняў у закон «Аб рэкламе», які з'явіўся ў базе даных законапраектаў Нацыянальнага прававога інтэрнэт-партала.

Праектам прапануецца скараціць працягласць перыяду забароны на рэкламу піва і слабаалкагольных напояў на радыё і тэлебачанні. У дзеючай рэдакцыі закона такая забарона прапісаная з 7 да 22 гадзін. У праекце прапануецца ўсталяваць забарону з 7 да 21 гадзіны.

Больш сур'ёзнае паслабленне мяркуецца зрабіць для рэкламы алкагольных напояў. Цяпер рэклама алкаголю на радыё і тэлебачанні забароненая цалкам. У праекце прапісаная забарона на яе толькі з 7 да 21 гадзіны.

П'юць і б'юць

Лабісты вытворцаў алкаголю гадамі змагаліся за паслабленне рэкламных забаронаў. Але ім супрацьстаяла, у першую чаргу, МУС, якое адзначала, што траціна злачынстваў у краіне здзяйсняецца ў стане алкагольнага ап'янення, гвалтоўныя злачынствы на глебе спажывання алкаголю дасягаюць 70-80%.

Сур'ёзныя прэтэнзіі былі і ў Міністэрства аховы здароўя. Беларусь нейкі час узначальвала рэйтынг краін па ўзроўні спажывання алкаголю, і цяпер трымаецца ў першай дваццатцы.

Паводле дадзеных нарколагаў, якія прыводзіць «Эканамічная газета», спажыванне алкаголю на душу насельніцтва ў краіне складае 10,8 л. Апошнія 7-8 гадоў адзначаецца няўстойлівая тэндэнцыя да зніжэння гэтай лічбы, але тэмпы яго недастатковыя. Спажыванне алкаголю ў Беларусі ўсё яшчэ істотна перавышае рэкамендацыі СААЗ — да 8 л на чалавека ў год. Пры гэтым мы застаемся сусветным лідарам па спажыванні моцнага спіртнога — 6 літраў на чалавека.

СААЗ лічыць аптымальным, калі моцны алкаголь складае каля 15% спажывання, натуральныя вінаградныя віны — 35%, піва — 50%. У Беларусі ж доля моцных напояў перавышае 45%, а на другім месцы — больш за 20% — танныя пладова-ягадныя віны. У выніку ў краіне на ўліку стаяць 158 тысяч алкаголікаў з пацверджаным дыягназам. Яшчэ каля 95 тыс. знаходзяцца пад прафілактычным наглядам.

У выніку мы маем дэмаграфічныя праблемы, пра якія шмат гавораць апошнім часам. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын на 14 гадоў ніжэй, чым жанчын, і чым сярэдняя працягласць жыцця мужчын у ЕС (64 гады супраць 78-80 гадоў).

Выдаткі на барацьбу з наступствамі алкагалізму ацэньваюць у больш чым 2% ад ВУП. Прычым на ўсю ахову здароўя краіна расходуе каля 4,4% ВУП у год — так што сума больш чым вялікая.


Глядзіце таксама

Заробім у моманце

Але ў кароткатэрміновай перспектыве рост спажывання алкаголю дзяржаве выгадны. Гэта і паступленні ў бюджэт за кошт падаткаў і акцызаў, і прыбытак вытворцаў, і рост заробкаў дзяржСМІ на рэкламе.

У прыватнасці, дзяржаву ў 2024 годзе чакае рост паступлення ад акцызаў на 15% — 2,505 млрд рублёў. Для параўнання — галоўны артыкул даходаў, ПДВ, плануецца на ўзроўні 16,1 млрд рублёў, падатковыя даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці — 7,2 млрд.

Рост акцызаў адбудзецца ў тым ліку за кошт павелічэння ставак: Беларусь узяла на сябе абавязацельствы выраўноўваць стаўкі з краінамі ЕАЭС. Так што эпоха таннага алкаголю і цыгарэт паступова сыходзіць у мінулае.

У прыватнасці, на 2024 год запланаваны рост ставак акцызу на піва з 45 да 48 капеек за літр гатовай прадукцыі. Стаўкі на пладова-ягадныя віны крэпасцю да 13 градусаў падымаюць на 9,5%, а больш за 13 — на 6%.

Ва ўмовах драматычнага росту разрыву паміж даходамі і выдаткамі бюджэту ад пітушчага чалавека ўладзе суцэльная карысць.