Выйшаў топ-100 гарадоў свету 2023 года. Беларусі ў ім няма
Міжнародная даследчая арганізацыя Euromonitor International склала рэйтынг 100 найлепшых гарадоў свету ў 2023 годзе. Еўропа стала самай прывабнай часткай планеты — у першую дваццатку трапілі ажно 12 мегаполісаў нашага кантыненту. Добрыя пазіцыі занялі і блізкія Беларусі суседзі, а вось месца для Мінска ці Горадні ў сотцы не знайшлося. «Новы Час» уявіў, як мог бы выглядаць такі рэйтынг у Беларусі будучыні!
![Дом Напалеона Орды ў Пінску. Ілюстрацыйная выява Дом Напалеона Орды ў Пінску. Ілюстрацыйная выява](/img/v1/images/belarus_pinsk_dom_ordy_2023_fota_novy_czas__2__logo.jpg.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Дом Напалеона Орды ў Пінску. Ілюстрацыйная выява
11 снежня вядомая аналітычная кампанія Euromonitor International, што з'яўляецца вядучым у свеце незалежным пастаўшчыком стратэгічных даследаванняў рынку, традыцыйна прадставіла свой спіс найлепшых гарадоў для вандровак, пераезду і вядзення бізнесу.
Трэці год запар лідарскую пазіцыю прысвойваюць Парыжу за найлепшае выкананне ўсіх неабходных для перамогі паказчыкаў. Сёлета горад наведалі больш за 15 мільёнаў замежных турыстаў, хаця ўнутраны турызм у краіне таксама збалансаваны. Вырашальным фактарам у наданні «кароны» французскай сталіцы сыграла выдатная падрыхтоўка горада да Алімпійскіх гульняў, якія пройдуць тут у наступным годзе.
![Падрыхтоўка Парыжа да Алімпійскіх гульняў-2024. Фота Independent Падрыхтоўка Парыжа да Алімпійскіх гульняў-2024. Фота Independent](/img/v1/images/padryhtouka_paryza_da_alimpijskih_hulnjau_2024.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Падрыхтоўка Парыжа да Алімпійскіх гульняў-2024. Фота Independent
Трэцяе месца аддалі Мадрыду, пераважна за экалогію: да 2050 года горад плануе стаць вугляродна-нейтральным, з цэнтрам без аўтамабіляў і лепшым у свеце транспартам. Берлін, дзякуючы яго новай кампаніі па развіцці турызму ў аддаленых раёнах і прыгарадзе, трапіў на шосты радок. А вось Лондан толькі на дзясяты: і гэта нягледзячы на тое, што горад прызнаны лепшым у свеце па турыстычнай інфраструктуры. У дзясятцы таксама размясціліся Амстэрдам, Рым і Барселона, за выдатнае выкананне ўсіх патрабаванняў.
У топ трапілі і нашы суседзі з усходнееўрапейскіх краін: сталіцы Польшчы надалі рэкорднае 44-е месца. Кракаў, адзін з нешматлікіх гарадоў, што не з’яўляюцца сталіцамі, увогуле знаходзіцца на 65-й пазіцыі. Талін аказаўся на 83-м месцы, Вільня — на 92-м. Euronews адзначае, што літоўская сталіца ўпершыню трапіла ў рэйтынг дзякуючы неверагоднаму паляпшэнню паказчыкаў у сферы турызму і транспарту за апошнія гады.
![Праспект Гедыміна ў Вільні. Фота Delfi Праспект Гедыміна ў Вільні. Фота Delfi](/img/v1/images/praspekt_hedymina_u_vilni.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Праспект Гедыміна ў Вільні. Фота Delfi
Агулам, згодна з рэйтынгам, на 100 найлепшых гарадоў планеты прыходзіцца ажно 63 гарады Еўропы, што сведчыць пра прывабнасць кантыненту па ўсіх параметрах.
Што да Расіі, у рэйтынгу не прысутнічае ніводнага горада краіны-агрэсаркі.
Гарады ранжыруюцца па 55 паказчыках у шасці ключавых катэгорыях, што дае агульны бал прывабнасці. Катэгорыі ўключаюць эканамічныя і бізнес-паказчыкі, турыстычную палітыку, якасць інфраструктуры і яе прывабнасць, насычанасць культурніцкімі і гістарычнымі каштоўнасцямі, клопат пра здароўе і бяспеку, а таксама ўстойлівае развіццё з эканамічнага і ўрбаністычнага пункту гледжання.
![Топ-20 гарадоў свету ў 2023 годзе. Выява Euromonitor International Топ-20 гарадоў свету ў 2023 годзе. Выява Euromonitor International](/img/v1/images/top_20_haradou_svetu_u_2023_hodze.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Топ-20 гарадоў свету ў 2023 годзе. Выява Euromonitor International
Балы налічваюцца за такія рэчы, як турыстычны попыт, даступнасць, выкарыстанне інтэлектуальных тэхналогій і экалагічныя праекты. У 2023 годзе арганізацыя дадала шэраг дадатковых важных крытэрыяў: зручнасць дыстанцыйнай працы, якасць высакахуткаснага інтэрнэта, гнуткае браніраванне апартаментаў і развіццё сеткі грамадскага транспарту.
Мы прааналізавалі гэтыя пункты і вырашылі «прымерыць» іх на Беларусь. Хаця, варта адзначыць, гэта хутчэй не рэйтынг, а наўпрост рэкамендацыя, якія рэгіянальныя гарады нашай краіны абавязкова варта наведаць у 2024!
Наваградак
![Замак у Наваградку Замак у Наваградку](/img/v1/images/_belarus_navahradak_zamak_2023_fota_novy_czas___1__logo.jpg.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Замак у Наваградку
Адзін з найбольш старажытных гарадоў краіны, першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага і найбагацейшая скарбніца гістарычнай спадчыны.
Галоўная асаблівасць Наваградка – амаль поўная адсутнасць забудовы часоў савецкай акупацыі, што пераносіць вандроўніка ў сапраўднае еўрапейскае асяроддзе. Слаўны град размешчаны ў надзвычай гарыстым рэгіёне Беларусі, дзякуючы чаму пейзажы тут надзвычайныя.
Глядзіце таксама
![Беларусь, якая чакае: Наваградак. Фота Беларусь, якая чакае: Веліч і заняпад сталіцы ВКЛ. Частка 1](/img/v1/images/_belarus_navahradak_paczatak_2023_fota_novy_czas_logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
На схілах узгоркаў усталяваныя беласнежныя ветракі, што сумяшчае сучаснасць з рэшткамі былой літоўскай велічы.
Браслаў
![Замкавая гара ў Браславе. Фота Braslaw.by Замкавая гара ў Браславе. Фота Braslaw.by](/img/v1/images/vokladka_39.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Замкавая гара ў Браславе. Фота Braslaw.by
Браслаў ляжыць сярод найбуйнейшага ў Беларусі масіву азёраў ледніковага паходжання. Ён размясціўся на пярэсмыку паміж азёрамі Дрывяты, Струста і Неспіш. Адсюль і нарадзілася назва — «brasla», што перакладаецца з латышскай як «брод».
Сэрца горада заўсёды білася на Замкавай гары, дзе калісьці з’явілася паганскае капішча, першыя драўляныя дзяцінцы, пазней — літоўскія замкі. Археолагам удалося адшукаць баявыя сякеры, касцяныя грабеньчыкі ды іншыя знаходкі, выраб якіх датуецца XI стагоддзем.
Цяпер на гарадзішчы стаіць кампазіцыя з вобразаў, што адсылаюць да паганскіх багоў.
Пінск
![_belarus_pinsk_manastyr_francyskancy_2023_fota_novy_czas__4__logo.jpg.webp _belarus_pinsk_manastyr_francyskancy_2023_fota_novy_czas__4__logo.jpg.webp](/img/v1/images/_belarus_pinsk_manastyr_francyskancy_2023_fota_novy_czas__4__logo.jpg.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Сталіца заходняга Палесся дакладна заваюе сэрца беларуса сваім гістарычным цэнтрам.
Закрытыя ад аўтамабіляў «пешаходкі», мноства годных рэстарацый ды кавярняў, намёкі на стылёвую сучасную архітэктуру, муралы, якаснае азеляненне ды ландшафтны дызайн. А яшчэ магутная Прыпяць з драўляным рачным вакзалам і грузавымі караблікамі!
Глядзіце таксама
![Шляхетны Пінск. Фотавандроўка з "Новым Часам" Беларусь, якая чакае. Шляхетны Пінск. Частка І (фота)](/img/v1/images/_belarus_pinsk_tuman_2023_fota_novy_czas__3__logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
У параўнанні з папярэднімі гарадамі Пінск мае зусім іншыя памеры, таму амаль усю астатнюю тэрыторыю горада займаюць савецкія жылыя масівы.
Слонім
![Канал Агінскага ў Слоніме Канал Агінскага ў Слоніме](/img/v1/images/slonim_21.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Канал Агінскага ў Слоніме
Прывабны горад на Гарадзеншчыне адрозніваецца асаблівай дагледжанасцю, акуратнасцю і, верагодна, найлепшым у краіне гарадскім асяроддзем. У Слоніме прысутнічае шмат брукаваных вуліц, добра адрэстаўраванай забудовы і безліч святынь розных эпох ды канфесій.
Цэнтр горада падзяляе легендарны Агінскі канал, вакол якога разбіты гарны сучасны парк з веласцёжкамі і каменнай набярэжнай.
Глыбокае
![Глыбокае, касцёл кармелітаў Глыбокае, касцёл кармелітаў](/img/v1/images/_belarus_hlybokae_kascjol_karmelitau_veza_2023_fota_novy_czas__1__logo.jpg.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Глыбокае, касцёл кармелітаў
Катакомбы з натуральнымі чалавечымі чарапамі, дэндралагічны сад, аглядная пляцоўка ў званіцы вышынёй 50 мэтраў, атмасферны магільнік і помнік вішні — гэты ўтульны горад на Віцебшчыне назапасіў у сабе ўнікальную капсулу гісторыі і культуры. Тут можна знайсці помнік Вацлаву Ластоўскаму, дом стваральніка нацыянальнага сцяга Беларусі Клаўдзія Дуж-Душэўскага і канешне ж фірмовыя наборчыкі з глыбоцкай згушчонкай!
Глядзіце таксама
![Глыбокае — не толькі згушчонка. Малавядомыя месцы горада (Фота) «Беларусь, якая чакае». Глыбокае малавядомае. Частка І (Фота)](/img/v1/images/_belarus_hlybokae_paczatak_2023_fota_novy_czas_logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Знаходжанне ў Глыбокім заўсёды выклікае надзвычай прыемная адчуванні. Яго аблічча — прыклад таго, як павінна выглядаць невялічкае беларускае мястэчка. Этнічна, дагледжана, аўтэнтычна.
Бабруйск
![Бабруйская крэпасць Бабруйская крэпасць](/img/v1/images/_belarus_babrujsk_krepasc_paczatak_2023_fota_novy_czas__2__logo.jpg.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Бабруйская крэпасць
Найвялікшы рэгіянальны горад Беларусі мае бязмежны турыстычны патэнцыял, бо колькасць славутасцяў у розных пунктах гэтага гіганта проста не можа не ўражваць. На жаль, цяпер амаль усе гісторыка-культурныя каштоўнасці тут знаходзяцца ў крытычным стане. Але, безумоўна, разбураныя ўсё ж значна лепей за знішчаныя.
Дом купчыхі Кацнэльсан, двор Порт-Артур ды Бабруйская крэпасць абавязкова стануць для вас вельмі цікавымі знаходкамі!
Глядзіце таксама
![Фота і гісторыя Бабруйска ў праекце "Беларусь, якая чакае" Беларусь, якая чакае: Бабруйскія скарбніцы. Частка 1 (ФОТА)](/img/v1/images/_belarus_babrujsk_port_artur_2023_fota_novy_czas__4__logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Спадзяемся, калі-небудзь і беларускі горад дасягне такога ўзроўню развіцця, каб нарэшце трапіць у сусветны рэйтынг. І тады «Лепей Брэста няма месца» прагучыць не толькі на Брэст, але і на ўвесь свет!