Беларусь, якая чакае: Веліч і заняпад сталіцы ВКЛ. Частка 1
У адной з мінулых вандровак мы завіталі ў гэты горад. У захапленні ад ягонай прыгажосці і ролі ў гісторыі, тады далі абяцанне прыехаць сюды асобна. Тут нават кавалкі камянёў будынкаў, што захаваліся, наскрозь прасякнуты гісторыяй нашай зямлі. Першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага! Так — сёння мы ў Наваградку.
Знаёмства з Наваградкам звычайна пачынаюць з Замкавай гары з рэшткамі некалі вялікага замка. Але ён нікуды ад нас не падзенецца, і каб потым не вяртацца, адразу наведаем Курган Бессмяротнасці Міцкевіча — рукатворны пагорак, які быў створаны ў 30-я гады мінулага стагоддзя прыхільнікамі таленту славутага паэта. Прыняць удзел мог кожны жадаючы, і шматлікія тагачасныя турысты прывозілі ў Наваградак зямлю са сваёй радзімы і нават дасылалі па пошце. У чэрвені 1931 года адбылося ўрачыстае адкрыццё Кургана, а ў 1992 годзе непадалёк быў усталяваны помнік Адаму Міцкевічу. Абавязкова трэба падняцца на гэты пагорак, каб пабачыць шыкоўныя краявіды наваградскага ўзвышша.
Ну а зараз да замка! Па розных сведчаннях горад пачаў сваё існаванне з сярэдзіны Х стагоддзя, а замак — з першай паловы ХІV стагоддзя. Замак бачыў і крымскіх татараў, і крыжаносцаў, і валынцаў, меў ажно 7 вежаў супроць звыклых 5 у той час, але ж падчас шматлікіх войнаў былі амаль ушчэнт знішчаны спачатку расійскімі войскамі ў «Трынаццацігадовай вайне» (1654-1667) і канчаткова шведамі ў 1706 годзе, якія ўзарвалі тое, што заставалася. У 1802 годзе тагачасны губернатар Гродзеншчыны загадаў разабраць рэшткі замка дзеля таго, каб забрукаваць вуліцы мястэчка. Цяпер вядзецца актыўная праца па аднаўленні абрысаў замка, і складана сказаць, чым і як яна скончыцца. Час пакажа.
Замак у Наваградку. Фота «Новы Час»
Зараз мы накіроўваемся ўздоўж падэшвы Замкавай гары да Касцёла Перамянення Пана, больш вядомага як Фарны Касцёл, які быў пабудаваны ў 1395 годзе па загадзе і з фундацыі знакамітага Вітаўта. Адзін са старэйшых беларускіх касцёлаў быў сведкам шматлікіх гістарычных падзей. У 1422-м менавіта ў ім пабраліся шлюбам вялікі князь Ягайла і зусім яшчэ юная Соф’я Гальшанская, пачынальніца дынастыі Ягелонаў. А 12 лютага 1799 года тут быў ахрышчаны малы Адам Міцкевіч, аб чым сведчыць мармуровая дошка ў сцяне касцёла.
Фарны касцёл у Наваградку. Фота «Новы Час»
Адной з цікавостак Наваградка, да якой мы вельмі хацелі трапіць, з'яўляецца гара Міндаўга. Паводле летапісу, менавіта тут быў каранаваны заснавальнік ВКЛ, паводле іншых звестак — тут ён пахаваны. Невялічкі пагорак, зарослы дрэвамі і хмызняком, ля якога вельмі ўрачыста стаіць камень з тэкстам, што вось гэтае і ёсць тая самая Гара Міндаўга. Гэта больш нагадвае рэшткі кратару ад падзення дробнага метэарыту — так што цяпер гэта болей Кратар Міндаўга. Насупраць каменя нейкая стымпанк-асоба ў даспехах шалёна паглядае кудысьці ўбок — такім бачаць Міндаўга нашыя сучаснікі. За каменем бачым сцежку і ідзем. Пару крокаў і перад вачыма сляды адпачынку мясцовага бамонду — ад каго і як ахоўваецца дзяржавай Гара Міндаўга — застаецца загадкай. Дзесьці з XVII стагоддзя на гэтым пагорку былі могілкі, і сёння яшчэ бачныя шмат надмагілляў, якія знаходзяцца ў жахлівым стане. Дарэчы, падчас нашага візіту пара гуртоў моладзі свабодна бавілі час з алкагольнымі напоямі літаральна сярод гэтых нямых сведкаў руйнавання нашай свядомасці. Такія вось нашчадкі Міндаўга...
Гара Міндаўга ў Наваградку. Фота «Новы Час»
Было б вельмі недарэчна думаць, што ўсе дарогі Наваградка вядуць да замка. Насамрэч Наваградак — гэта не толькі замак, але і радзіма нашага знакамітага паэта Адама Міцкевіча, дом-музей якога наведаць проста неабходна.
Глядзіце таксама
Большасць экспанатаў разам з домам была знішчана нямецкай авіябомбай літаральна ў першы дзень Вялікай Айчыннай вайны — 22 чэрвеня 1941 года. Але і тое, што зараз атрымалася сабраць у экспазіцыі, канчаткова адноўленай у 1992 годзе, вельмі ўражвае. Дарэчы, дом-музей стаіць на сапраўдным падмурку дома бацькоў Адама Міцкевіча, дзе ён правёў дзяцінства і юнацтва. Дом, пабудаваны ў 1807 годзе, прыйшлося аднаўляць двойчы — пасля буйнога пажару напрыканцы ХІХ стагоддзя і пасля Другой сусветнай вайны.
Дом-музей Адама Міцкевіча ў Наваградку. Фота "Новы Час"
Выходзячы з музея, мы трапляем у невялічкі і досыць утульны сквер, у якім, апроч іншага, ёсць і алея ліхтароў ад розных устаноў Наваградка. Адразу прыгадалася падобная вялікая алея па вул. Гогаля ў Брэсце. Канешне, наваградская алея прайграе, і не толькі памерамі. Цікава, але на стварэнне брэсцкай цікавосткі, па сцвярджэннях датычных, не пайшло аніводнай бюджэтнай капейкі, а вось гледзячы на наваградскую, так не скажаш. Глядзіце самі. Не тое, каб нам зусім не падабалася, але некаторыя «элементы» выклікаюць пэўныя пытанні.
Алея ліхтароў. Фота «Новы Час»
Цікавосткі Наваградка на гэтым не заканчваюцца, але ж мы зараз параім трошку адпачыць, бо паход па гарах і пагорках Наваградка, канешне, выдатная кардыётрэніроўка, але запаволімся і проста пашпацыруем па горадзе. Працяг неўзабаве будзе!
Вуліцы Наваградка. Фота «Новы Час»