«Беларусь, якая чакае»: Наваградскія наваколлі. Частка ІІ (фота)

А мы працягваем вандраваць па замоўленых вамі месцах роднага краю і паказваць іх прыгажосць усім чытачам. Мінулым разам мы спыніліся на беразе Нёмана. Крыху адпачылі і пачынаем шлях да Наваградка!

belarus_navahradak_zamak_2023_fota_novy_czas__2__logo.jpg

Вы не паверыце, але мы таксама можам памыляцца — так здарылася, што наш кіроўца пераблытаў дарогі. Не, мы не накіраваліся да Вільні (а хацелася...), але ў Наваградак заехалі з іншага боку. Ведаеце, мы ані разу не пашкадавалі, што далі кругаля! А калі б яшчэ мы трапілі ва Уселюб? Тым больш, што ягоныя славутасці не вельмі вядомыя большасці беларусаў. Пачнем з самага старэйшага каталіцкага храма Беларусі, які знаходзіцца менавіта тут. 

Касцёл Святога Казіміра быў пабудаваны ў сярэдзіне XV стагоддзя на сродкі родапачынальніка шляхецкага роду Неміровічаў Яна Неміра — канюшага вялікага князя літоўскага Вітаўта. За сваё жыццё храм перажыў і пажары, і рабаванні, і пераходы ў іншыя канфесіі. Тут былі зернясховішча і спартовая зала (вы ж здагадаліся, пра якія часы гаворка?). Гэтае месца мае вельмі багатую гісторыю, і мы шчыра раім вам абавязкова з ёй азнаёміцца! Цяпер побач з касцёлам ёсць дом пілігрымаў, дзе можна заночыць, а ў кавярні пачаставацца мёдам, смачнай гарбатай і «фірмовымі» ўселюбскімі прысмакамі. Вельмі прыемнае месца.

Яшчэ адной выдатнай знаходкай ва Уселюбе сталіся рэшткі сядзібы О’Руркаў. Так, гэта вядомае ірландскае прозвішча насіў уладар сядзібы Ёсіф О’Рурк. Ягоны бацька некалі прыбыў у Расію і даслужыўся да чына генерал-маёра. У ХІХ стагоддзі Ёсіф пабудаваў ва Уселюбе сядзібу, разбіў парк і наладзіў гаспадарку. У 1939 годзе апошняга гаспадара Карла О’Рурка арыштавалі бальшавікі. Калі ён пад канвоем ішоў да возу, то прыпадняў капялюш і пакланіўся сялянам, развітваючыся назаўсёды. Сядзібны дом згарэў у 2012 годзе.


Да нашых часоў захаваліся рэшткі флігеля, свірана і часткі гаспадарчых будынкаў. Цікава, што на пачатку 2000-х Алег О’Рурк — спадчыннік рода О’Руркаў наведваў сядзібу свайго продка і нават прапаноўваў кіраўніцтву Наваградскага райвыканкама бізнес-план па адраджэнні сядзібы коштам да паўмільёна долараў. Але чынавенства палічыла інакш і выставіла сядзібу на аўкцыён. Алег прынцыпова адмовіўся ўдзельнічаць, бо лічыў што сядзіба незаконна канфіскавана бальшавікамі, а ягоны продак рэпрэсаваны. Прадказальна дом ніхто не набыў. Яшчэ некалькі разоў Алег О’Рурк наведваў радавое гняздо і наваградскія калідоры ўлады, але беспаспяхова. Потым ён у сваім лісце напіша:

«Лічу, што ў Наваградку праявілі поўную безадказнасць. Існуючая ўлада аднолькавая і ў Расіі, і ў Беларусі: яна клапоціцца толькі аб нябедным існаванні на нашыя падаткі. Пры гэтым задавальняюць свае амбіцыі і карыслівыя інтарэсы, не баючыся пакарання».


А мы яшчэ троху пашпацыруем і паглядзім на рэшткі некалі прыгожага сядзібнага комплексу О’Руркаў. Дарэчы, мясцовыя жыхары дагэтуль выкарыстоўваюць тое, што засталося ад тагачасных гаспадарчых будынкаў.



Вяртаемся да касцёла Святога Казіміра, бо побач з ім знаходзяцца могілкі, на якіх стаіць скляпенне рода О’Руркаў. Чакана, яно зачыненае, але мясцовыя жыхары кажуць, што ўнутры ўжо няма парэшткаў чальцоў сям’і вядомага роду — усё было выцягнута і знішчана «актывістамі» ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Тое ж самае мы ўжо бачылі ў Смальянах.


Накіроўваючыся да Наваградка, мы спыніліся ля яшчэ адной цікавосткі — Вялікага Каменя Літоўскага ў вёсцы Літоўка. На рэштках скандынаўскага госця часоў ледавіковага перыяду мы знайшлі грошыкі, пакінутыя наведвальнікамі з розных краін. Ну а мы што? Таксама пакінулі.


Канечне, першае, куды накіроўваюцца наведвальнікі Наваградка, — замак ці тое, што ад яго засталося. Зараз там на ўсю ідуць будаўнічыя і рэстаўрацыйныя работы, таму праход абмежаваны, але ж падыходы знайсці магчыма. Пакуль старажытныя фрагменты ўражваюць больш, але ж пачакаем заканчэння рэстаўрацыі.



Ніяк не магчыма абмінуць увагай і курган Адама Міцкевіча з краявідамі Наваградка і далёка навокал. Увогуле мы вырашылі, што Наваградак заслугоўвае асобнага наведвання, так што просім прабачэння ў тых, хто чакаў гэтай справаздачы. Мы абавязкова вернемся і больш грунтоўна распавядзем пра гэты цудоўны гістарычны цэнтр Беларусі.

Месца нашага наступнага прыпынку фармальна знаходзіцца ў Карэліцкім раёне. Рэшткі сядзібы «Обрына» знаходзяцца побач з пасёлкам Першамайскі, які раней быў фальваркам Обрына. Канчаткова пабудаваная сям’ёй Кашыцаў-Раеўскіх у 1839 годзе сядзіба мела трохпавярховы свіран, лядоўню, стайні, сыраварню. 



Цяпер ад сядзібнага дома засталіся толькі фрагменты фундаменту, да некаторых будынкаў мы дабрацца не здолелі, бо ўся тэрыторыя моцна зарасла дрэвамі і хмызняком. Месцамі на дарозе можна разгледзець частку былой брукаванкі.

Перад намі рэшткі былога свірану — самы вялікі з адносна захаваных будынкаў сядзібы. На адным з камянёў сцяны добра бачны год будавання «1839». Побач з ім стаялі кузня і лямус. Кажуць, што іх фрагменты яшчэ захаваліся, але ўлетку дайсці да іх амаль немагчыма.


Адносна нядрэнна захавалася і стайня, пабудаваная, як сведчаць лічбы на яе фасадзе, у 1912 годзе. Побач нешта познесавецкае бетоннае, але што таксама не выглядае дагледжаным. Унутры стайня чакана ператварылася ў сметніцу і, відавочна, лёс яе будзе падобным на іншыя сядзібныя будынкі.


Можна было б пашукаць дарогу да пахавальні гаспадароў Обрына, але досвед мінулых наведвальнікаў Обрына кажа, што далёка не ва ўсіх гэта атрымліваецца, да і надышоў час вяртацца дадому. Па дарозе любуемся краявідамі і пачынаем планаваць наступную вандроўку па вашых замовах. Не сумуйце! Хутка сустрэнемся!



Калі вы хочаце, каб мы паказалі і вашы ўлюбёныя мясціны ў межах фотапраекта «Беларусь, якая чакае», напішыце нам. Распавядзіце, па якіх вуліцах, раёнах, гарадах і вёсках вы сумуеце, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.