«Беларусь, якая чакае». Наваградскія наваколлі. Частка І (ФОТА)

Нашае чарговае падарожжа ў межах праекта «Беларусь, якая чакае» — на Наваградчыну. Чытачы «Новага Часу» параілі нам тут шмат месцаў для наведвання. Вельмі багаты на гістарычныя месцы край, прыгожая прырода і спрыяльнае надвор'е — што яшчэ трэба? Паехалі!

_belarus_ljubcza_zamak_2023_fota_novy_czas__6__logo.jpg


Першы прыпынак нашай вандроўкі — Шчорсы. Сядзіба Храптовічаў многае бачыла за час свайго існавання і зараз перажывае не лепшыя часы. Пабудаваны ў другой палове XVIII стагоддзя тагачасным уладаром Шчорсаў Іаахімам Літаворам Храптовічам, палац быў вядомы далёка за межамі Наваградскага краю.


Падчас Першай сусветнай вайны палац згарэў, але да 1939 года Апалінарый Храптовіч-Буценёў намагаўся яго адрамантаваць. У 1939 годзе ўся маёмасць была канфіскавана, а Другая сусветная вайна і мясцовыя калгасы дабілі палац — у 1950-я ён быў разабраны на цэглу для кароўнікаў і ГРЭС. Сёння месца, дзе калісьці стаяў палац, выглядае так.


Дагэтуль захаваліся адзін з флігеляў сядзібы Храптовічаў і будынак корпуса для службоўцаў. Як паведаміў мясцовы жыхар, яны ці то прададзеныя, ці то будуць адданы ў арэнду прыватным асобам, якія будуць рабіць рэстаўрацыю. Нібыта пытанне ўжо вырашана. Насамрэч, бачна што смецце вывозіцца і штосьці рыхтуецца.


Корпус для службоўцаў таксама мае шанцы на адраджэнне. Па розных меркаваннях, тут калісьці месціліся казармы. Вельмі хочацца спадзявацца, што справа неўзабаве пачнецца.


Сядзіба Храптовічаў мела сваю стайню, дзе гадаваліся племянныя коні, а ў штучных сажалках вадзілася мноства рыбы. Усё гэта патроху руйнуецца і зарастае.


Бадай самай вялікай славутасцю сядзібы Храптовічаў, нават большай за будынак палаца, была ўнікальная бібліятэка, якую збіраў яшчэ Іаахім Храптовіч, дарэчы апошні канцлер Вялікага Княства Літоўскага. Сучаснікі заўважалі, што не было аніводнай паездкі без набыцця новых скарбаў для бібліятэкі. Шматлікія крыніцы сцвярджаюць, што бібліятэка месцілася ў «Белым Доме» (дом кіраўніка сядзібы), які захаваўся да нашых дзён, але іншыя кажуць, што ў самім палацы. Нам здаецца, што найбольш дакладным з’яўляецца меркаванне, што насамрэч бібліятэка знаходзілася ў палацы, а падчас ягонага пашкоджання ў Першай сусветнай вайне скарбы, якія захаваліся, былі перанесены ў дом кіраўніка, які амаль не пацярпеў. Адсюль і разыходжанні ў меркаваннях.


Бібліятэка налічвала да 20 тысячаў рарытэтаў — старажытныя мапы, рукапісы, дзённікі, рэдкія выданні. Сярод карыстальнікаў былі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, гісторыкі Ігнат Даніловіч і Іаахім Лелевель. Шматлікія сведкі кажуць, што менавіта тут нарадзіліся вядомыя «Гражына» і «Конрад Валенрод» Адама Міцкевіча. Пасля «нацыяналізацыі» маёмасці Храптовічаў у 1939 годзе калекцыя і архівы былі вывезены ў Маскву і Ленінград.


Адзіны помнік таго часу, які выглядае больш-менш прыстойна, — вяндлярня. Яе здолелі звонку неяк адрамантаваць.


Развітваемся з сядзібай Храптовічаў з невялікай надзеяй, што праз пэўны час здолеем пачуць пра гэтае месца штосьці добрае і жыццесцвярджальнае. Можа хопіць ужо дзяржаве абмяжоўвацца таблічкамі аб нейкай ахове помнікаў і зрабіць нешта сапраўды карыснае?


Наперадзе нас чакае месца, якое часта блытаюць з сядзібай. Гэта «Мураванка Храптовічаў» альбо гаспадарчы двор. Нават руйнуючыся ён выглядае досыць крута і праехаць міма няма ніякай магчымасці. Завітваем!


Канечне, назваць гэты, без перабольшвання, агракомплекс звычайным гаспадарчым дваром нельга. Пабудаваная ў другой палове XIX стагоддзя ў замкавым стылі «Мураванка Храптовічаў» вырабляла сыры па швейцарскіх тэхналогіях, піва, хлеб. Працавалі некалькі млыноў, вінакурня, маслабойня. Вырабы шлі ў Літву, Польшчу, Германію.


Іаахім Храптовіч фактычна адмяніў у сваёй гаспадарцы прыгоннае права. Для сялян дзейнічалі касы ўзаемадапамогі, школы і лякарні. Маладыя хлопцы 18-24 гадоў служылі ў сядзібе, дзе атрымлівалі грошы за працу, адзенне і практычныя навыкі сельскай гаспадаркі еўрапейскага ўзроўню. Калі маладзёну спаўнялася 25 гадоў ён атрымліваў «пад’ёмныя» — дом, участак і карову. Сялянам было дазволена рассяляцца з вёсак у асобныя сядзібы і працаваць на мануфактурах. У той час сярод сялян іншых гаспадарак хадзіла прымаўка «Жыць бы як у Шчорсах».


Цікава, але ў гэтым комплексе мы нідзе не заўважылі «ахоўных» таблічак. Усё проста — гэты выбітны помнік не ўваходзіць у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Вы штосьці разумееце? Я не!



Можна было б і адпачыць, але ж мы не маглі прамінуць Любчу, якая месціцца ў некалькіх кіламетрах і не праверыць, што там рэканструкцыяй вядомага замку. Хутка даязджаем і хадзем глядзець!


Канечне, праца яшчэ вядзецца, аб чымсьці сур’ёзна казаць яшчэ рана. Глядзіце, разважайце — сёння гэта мае вось такі выгляд. Дарэчы, замак з’яўляецца дзяржуласнасцю, але ж аднаўленне яго фінансуецца выключна сродкамі валанцёраў з дабрачыннага фонду «Любчанскі замак». Цікава, калі дзяржава «ўспомніць» пра свае скарбы?


А вось зараз час адпачыць перад другой часткай нашай вандроўкі і троху прагуляцца па беразе Нёмана побач з замкам, падыхаць летнім паветрам і ў чарговы раз зразумець, што няма на свеце лепей кутка, чым наша Беларусь.


Працяг будзе.
Калі вы хочаце, каб мы паказалі і вашы ўлюбёныя мясціны ў межах фотапраекта «Беларусь, якая чакае», напішыце нам. Распавядзіце, па якіх вуліцах, раёнах, гарадах і вёсках вы сумуеце, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.