«Аднойчы грамадства зразумее, што аднаўленне гістарычнай спадчыны патрэбнае ўсім»
Ці мог падумаць апошні канцлер Вялікага княства Літоўскага Іахім Храптовіч, што яго палац ранняй працы італьянскага архітэктара Джузэпэ Сака ў стылі позняга барока і ранняга класіцызму перажыве дзве сусветныя вайны, але будзе разабраны на цэглу ў 1950-я гады? А сабраная ім самая вялікая прыватная бібліятэка ў Беларусі пакіне радзіму?
Ці хоць на хвілінку магло прымроіцца графу, што не пройдзе і некалькіх стагоддзяў — і ў сённяшнім аграгарадку Шчорсы Навагрудскага раёна будуць фактычна знішчаны парэшткі яго ўладанняў: вінакурні, заводы па вытворчасці цэглы і дрэнажных труб, маслабойня, млыны, вадзяная лесапільня, верф і рыбныя сажалкі?
Вяндлярня. Альфрэд Мікус, 2017
Некалькі гадоў таму мінскі менеджар па продажах Ганна Булда прачнулася ад дзіўнага сну: жанчыне прымроілася, што яна павінна аднавіць старажытны палац. Гэты сюжэт больш падобны да сцэнарыя містычнага фільму, але ўсё адбывалася насамрэч. Ганна пачала шукаць «свой» палац. І праз некаторы час знайшла маёнтак Храптовічаў у аграгарадку Шчорсы.
— Як толькі трапіла на гэтае месца, яно як быццам адгукнулася. Калі я туды прыехала, надвор’е было жудаснае: хлюпаў вясновы снег, усё мела пануры выгляд, але ў мяне адразу з’явілася адчуванне — менавіта гэтым трэба займацца.
Пра пошук інвестараў
Ганна пачала шукаць інвестараў. Здавалася б, самы просты шлях: чалавек выдаткоўвае грошы, а потым атрымлівае прыгожы маёнтак. Аднак рэстаўрацыя патрабуе значных сродкаў. Ці гатовы хтосьці ахвяраваць іх, каб атрымаць дывідэнды праз некалькі дзесяцігоддзяў?
— Калі я зразумела, што інвестараў не знайду, узнікла ўражанне — трэба рабіць самой, а як дакладна — не ведаю. Так выйшла, я тады вучылася ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Там мне падказалі звярнуцца да члена фонду імя Міхала Клеафаса Агінскага Паўла Сапоцькі, які параіў адкрыць уласны фонд. Такім чынам якраз да абароны дыплома ў 2017 годзе я стварыла Мясцовы культурна-асветніцкі фонд «Шчорсы і Храптовічы». З таго часу жыву па прынцыпе: ставіш дэдлайн і адразаеш шляхі да адступлення. Потым проста падзецца няма куды — калі не так, то інакш, але задачу выконваеш.
Пра аўкцыён
Будынкі палацавага комплексу Храптовічаў знаходзяцца ў камунальнай уласнасці, а ўся сядзіба належыць чатыром уладальнікам. Булда, як кіраўнік грамадскай арганізацыі, не мае правоў валодання, таму ўплываць на справы можа вельмі апасродкавана.
Акрамя таго, ужо чацвёрты год мясцовыя ўлады выстаўляюць маёнтак на аўкцыён як «комплекс будынкаў, збудаванняў, інжынерных сетак (фрагменты ансамбля былога палаца Храптовічаў)». Спачатку кошт лота складаў 254 тысячы 297 рублёў 29 капеек (прыкладна 116,5 тыс. долараў), але з часам знізіўся. Цяпер сядзібу можна набыць за 50 тысяч 859 беларускіх рублёў 46 капеек (прыкладна 21,2 тыс. долараў). Кошт не мяняўся два гады.
— Пакуль аб’екты знаходзяцца на аўкцыёне, мы нічога не можам з імі рабіць. Яшчэ тры гады таму флігель, адзіны, які нядрэнна захаваўся, выглядаў прыстойна. Але за гэты час зліўная сістэма зусім парушылася: вада льецца па сценах, абвальваецца тынкоўка, псуецца фундамент, з’яўляецца цвіль. Сёлета сумесна з райвыканкамам падалі праект па рамонце вяндлярні на конкурс Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча — Беларусь — Украіна 2014—2020 гг.». Я знайшла партнёраў у Польшчы, усё ўзгаднілі. У працэсе падрыхтоўкі да конкурсу ў райвыканкаме мяне запэўнілі, што аб’екты знятыя з аўкцыёну. 15 студзеня мы падаем заяўку, а праз дзесяць дзён высвятляецца — ніхто нічога з аўкцыёну не здымаў. Кажуць: «Калі праект выйграе, тады здымем». Але калі на конкурсе правераць, што заяўленая для рэстаўрацыі забудова прадаецца, шанцаў на перамогу няма. Нават не ведаю, як на гэта рэагаваць: быццам бы выканкам зрабіў усё, каб мы ўзялі ўдзел у конкурсе, а потым... упс!
Пра бібліятэку
У Шчорсах знаходзілася легендарная бібліятэка, якую на працягу ўсяго жыцця збіраў апошні канцлер ВКЛ, прадстаўнік беларускага роду Храптовічаў Іахім Ігнаці Літавор. Граф літаральна паляваў на каштоўныя выданні: скупіў бібліятэку рымскага кардынала Іосіфа Імперыялі ў 1737 годзе; набыў рэдкія кнігі заснавальніка Варшаўскай публічнай бібліятэкі епіскапа Іосіфа Залускага — пасля таго, як Кацярына ІІ адправіла таго ў ссылку; выданні каталіцкіх манастыроў, што ліквідавалі ў Галіцыі пасля аб’яднання з Аўстрыяй. Кніжныя агенты Храптовіча набывалі каштоўныя экзэмпляры па ўсёй Еўропе.
Кніжніца была публічнай, а графскі маёнтак стаў своеасаблівым культурна-асветніцкім цэнтрам. У розныя часы там працавалі над сваімі творамі Яўхім Лялевель, Юзаф Ярашэвіч, Уладзіслаў Сыракомля. Адам Міцкевіч некалькі разоў на год прыязджаў, каб збіраць матэрыял для паэмы «Конрад Валенрод». У Шчорсах ён напісаў знакамітую паэму «Гражына». Ян Чачот увогуле працаваў у маёнтку бібліятэкарам. Пасля смерці Іахіма Храптовіча яго сын Адам працягнуў традыцыю бацькі.
Паводле этнографа і гісторыка Аляксандра Ельскага, кніжны збор налічваў 20 тысяч асобнікаў, куды ўваходзілі: ліставанне Багдана Хмяльніцкага з польскімі гетманамі, арыгінал маніфеста Хмяльніцкага з казакамі, дзённік польскага пасольства ў Маскве ў 1686 годзе, дзённік Марыны Мнішак, калекцыя каштоўных карт, падараваных Храптовічу апошнім каралём польскім і вялікім князем літоўскім Станіславам Аўгустам Панятоўскім... Лёс бібліятэкі сумны: адна частка кніг была спалена савецкай уладай у 1939 годзе, другая знаходзіцца ва Украіне. Узнаўленне бібліятэкі — справа ўрадавых перамоў.
— Асобнікі ў Нацыянальнай бібліятэцы Украіны імя Вярнадскага ў Кіеве ніхто нават не падлічваў. Праўда, частка кніг адлічбаваная (нібыта плануюць адлічбаваць і астатнія). Аднаўленне часткі збору тэарэтычна магчымае: кіеўская бібліятэка перанесла дзве эвакуацыі, кнігі хавалі падчас спалення ў Любчы ў 1939 годзе. То-бок, некаторыя экзэмпляры разышліся па прыватных калекцыях, нешта недзе пыліцца, і людзі нават не падазраюць пра іх каштоўнасць. Калі знойдуцца навукоўцы, якія захопяцца пошукам кніг з калекцыі Храптовічаў, можна будзе сапраўды сказаць — аднаўленню бібліятэкі быць!
Пра знойдзеныя кнігі
Тры кнігі са славутай бібліятэкі графаў Храптовічаў вярнуліся ў Шчорсы сёлета ў студзені. Іх ахвяравалі фонду Марыён Швезінгер і Гельмут Фікель, дачка і ўнук Германа Швезінгера — чалавека, які ўратаваў артэфакты.
Герман Швезінгер
Дзве кнігі на французскай мове: «Грамадзянская гісторыя каралеўства Неапаль у перакладзе з італьянскай П’ера Джанонэ» (са штампам Іахіма Храптовіча), «Расійскія палітычныя, літаратурныя, гістарычныя і некралагічныя дзённікі» (са штампам Адама Храптовіча), трэцяя кніга — білінгва, зборнік лацінскіх і нямецкіх одаў (штамп адарваны). Экспертызу каштоўных асобнікаў неўзабаве правядзе Нацыянальная бібліятэка Беларусі.
У час Першай сусветнай вайны Герман Швезінгер апынуўся ў Шчорсах. Ён схаваўся ад артабстрэлу ў разгромленым палацы Храптовічаў і там натрапіў на кнігі. Разумеючы іх каштоўнасць, пераправіў у Германію.
— Ён разумеў каштоўнасць кніг, бо быў адукаваным чалавекам, выкладаў філасофію ва ўніверсітэце. У свой час пацярпеў ад нацыстаў — быў у Бухенвальдзе. Перад смерцю завяшчаў дзецям перадаць кнігі тым, каму яны належаць. Цудам яго нашчадкі знайшлі і перадалі іх у дар фонду. Калі мне прыйшоў ліст, я думала, што гэта розыгрыш. Аднак усё аказалася праўдай!
Ганна Булда сустрэлася з нашчадкамі Швезінгера ў Германіі. Амбасада Рэспублікі Беларусь дала супрацоўніка для суправаджэння і перакладу.
— Асаблівая эпапея, як я збірала дакументы: звярталася ў Міністэрства замежных спраў, амбасаду, атрымлівала дазвол у Мінкульце на ўвоз. Але ўрэшце кнігі на радзіме. Спадзяюся, гэта паслужыць «штуршком» для кагосьці. Можа, у прыватных бібліятэках ляжаць асобнікі з кніжніцы Храптовічаў і людзі захочуць ахвяраваць іх фонду. Магчыма, калі-небудзь у нас атрымаецца сабраць некаторую частку бібліятэкі, абавязкова адкрытую для людзей. Бо граф Храптовіч хацеў, каб кнігі былі ў агульным доступе. У нашай амбасадзе вельмі сумняваліся, ці не схаваю я гэтыя кнігі ў сябе пад коўдрай, ці не прадам. Давялося даказваць адваротнае.
Пра мясцовых жыхароў
Стаўленне мясцовых жыхароў да аднаўлення сядзібы ў Шчорсах таксама неадназначнае і дэманструе ўсю парадаксальнасць беларускай душы. Часта можна пачуць ад іх: «Трэба было пачынаць рэстаўрацыю гадоў трыццаць таму, калі яшчэ нічога не развальвалася!», «Што ўжо з гэтымі руінамі рабіць, прасцей знесці!», «Што тут можна зрабіць — яно нікому непатрэбнае, калі б было неабходнае, то даўно адрадзілі б!».
Але ў той жа час, калі фонд індывідуальна просіць пра дапамогу, ніколі не адмаўляюць. Мясцовыя дапамагаюць прадуктамі: у час валанцёрскага летніка таемна прыносілі мяхі з гароднінай і іншай ежай, пакідалі на бачным месцы, тэлефанавалі і пыталіся, ці трэба нарыхтоўкі ў слоіках ці яшчэ што.
— Калі бачу вынікі зробленага, адчуваю сябе шчаслівым чалавекам. Як нядаўна пасля работ па ачыстцы Мураванкі (гаспадарчага двара — заўв. рэд.), калі людзі прыязджалі і казалі: «Ваў, цяпер тут можна хадзіць, нарэшце бачныя сцены і кармушкі, пра якія ніхто нават не падазраваў!» Хаця часам вельмі цяжка знайсці адчуванне шчасця, асабліва калі ў цябе ляцяць «гнілыя памідоры» з розных бакоў — няпроста ад іх ухіляцца. Адчую сябе бязмерна шчаслівай, калі дамовімся з раённай уладай пра падтрымку ўжо зробленага. Разумею, цяжка знайсці сродкі ў бюджэце. Але штогод можна планаваць маленькія сумы на пэўныя працы. Штосьці можа быць выдаткавана з абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў. Мы таксама збіраем сродкі праз плацёжную сістэму на сайце фонду і адсочваем усе конкурсы і гранты, у якіх хоць нейкім чынам можам паўдзельнічаць.
Пра валанцёрства
Каб перайсці да сур’ёзных даследаванняў парку, будынкаў, праводзіць батанічныя вышуканні і археалагічныя раскопкі, вельмі важна цалкам расчысціць тэрыторыю — гэтым і займаюцца валанцёры. На жаль, сродкі ў фонд паступаюць нерэгулярна.
— Каб перайсці да рэстаўрацыі, патрэбная грунтоўная і рэальная канцэпцыя. Да яе стварэння неабходна далучыць 15—20 спецыялістаў: гісторыкаў, эканамістаў, архітэктараў-рэстаўратараў, ландшафтнікаў, батанікаў... І толькі пасля складзенай і зацверджанай у Мінкульце канцэпцыі таго, як павінна выглядаць сядзіба, мы зможам паэтапна пачынаць рэстаўрацыю. Зноў-такі, усё ўпіраецца ў сродкі. Людзі, як правіла, не хочуць даваць грошы на прамежкавы вынік: ну, прыбралі вы тэрыторыю, а сцены ўсё роўна развальваюцца. Збоку можа падавацца, што за час дзеяння фонду мала што зроблена. А з пункту гледжання рэальных умоў, у якіх мы знаходзімся, зроблена вельмі шмат. У складаныя хвіліны, калі думаеш, а што ж рабіць далей, можа, гары яно ўсё гарам, я ўспамінаю: а як жа тыя людзі, якія ў мяне паверылі, уклалі ў фонд свае час і сілы? Таму не магу апусціць рукі, пакуль трымаюся.
У культурна-асветніцкім фондзе «Шчорсы і Храптовічы» на сталай аснове працуюць больш за дзесяць чалавек. Але калі палічыць усіх, хто дапамагаў фонду на тым ці іншым этапе, будзе некалькі соцень.
— Сёлета перад летнікам атрымалі дазвол у Мінкульце на працы ў парку. Зачысцілі з валанцёрамі вялікую дзялянку ў раёне Старога гасцінца і воднага канала. Дапамагала навагрудскае ЖКГ: перапрацоўвалі на дранку галлё, вывозілі вялікія бярвенні. Ачысцілі знешні контур Мураванкі, яна стала цалкам адкрытая. Цяпер асноўная мэта — накрыць дахамі вежы Мураванкі. З’явіўся мецэнат, які пажадаў ахвяраваць на гэта грошы.
Праўда, сродкаў хапае толькі на частку матэрыялаў, таму прыйшлі да высновы, што танней будзе рабіць не часовы дах, а падобны да аўтэнтычнага — адразу і кансервацыя, і частковая рэстаўрацыя. Мураванка нейкім цудам не ўключана ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў і аб’ектаў, што выстаўленыя на аўкцыён, — мы рэальна можам займацца яе рэстаўрацыяй. Па нашых падліках, каб накрыць дзве вежы, спатрэбіцца каля 15 тысяч беларускіх рублёў. Гэта не такая ўжо ахавая сума для краундфандынга, мы аптымістычна настроены.
Валанцёрскі летні лагер у Шчорсах працуе ў сярэднім два тыдні, то бок, за лета маёнтку дапамагаюць тры розныя групы.
— Валанцёры, акрамя таго, што працуюць бясплатна, укладваюць велізарную колькасць сіл і часу — сёлета нават на харчаванне скідваліся. Як ні стараліся, мы не сабралі такой сумы, каб забяспечыць ім хаця б міску супу, хапіла толькі на транспартныя выдаткі. Калі б такіх цудоўных хлопцаў і дзяўчын былі тысячы, а людзей, гатовых ахвяраваць пяць рублёў на месяц — мільёны, колькі б гістарычных аб’ектаў у Беларусі мы маглі б аднавіць нават без дапамогі дзяржавы! Спадзяюся, аднойчы наша грамадства зразумее, што аднаўленне гістарычнай спадчыны патрэбнае нам усім. Як эфект разбітай шыбы: калі адна пабіта, нехта неўзабаве разаб’е і ўсе астатнія. Калі ў памяшканні чыста і акуратна, то і людзі стараюцца смеціць менш.
Кожны з нас, хто заклапочаны зберажэннем нашай унікальнай спадчыны, можа дапамагчы Мясцоваму культурна-асветніцкаму фонду «Шчорсы і Храптовічы». Інфармацыю пра гэта вы знойдзеце на сайце www.chreptowicz.com.
Фота Ганны Булда, з сямейнага архіву Швезінгераў з сайта chreptowicz.com