«Беларусь, якая чакае»: Багацце і галеча Смальянаў. Частка 1 (ФОТА)
У чарговую фотавандроўку ў межах праекта «Беларусь, якая чакае» чытач запрасіў нас у цудоўнае, але малавядомае большасці беларусаў мястэчка Смальяны. Яно мае ці не найвялікшую канцэнтрацыю помнікаў гісторыі на адзін не самы вялікі населены пункт. Але амаль усе гэтыя помнікі знаходзяцца ў жахлівым стане.
Мы збіраемся наведаць немалую колькасць месцаў, а пачынаем з тэрыторыі былой панскай сядзібы і парку канца ХІХ — пачатку ХХ стст., пабудаванай тагачасным уладальнікам Смальянаў інжынерам Валяр’янам Цітовым. Будынак сядзібы згарэў у 1940-я, на ягоным месцы зараз аграрны каледж і інтэрнат. Былыя часы нагадваюць толькі стары флігель і некалькі дамоў за паркам.
Дарэчы, мясцовыя жыхары кажуць «Смальяны», а не «Смаляны», як досыць часта прыгадваецца гэтае месца, а яшчэ дагэтуль выкарыстоўваюць слова «панскі» агулам да ўсіх тагачасных будынкаў. Перасоўваемся да «панскай» кузні, якая звонку няблага захавалася, але ўнутры бруд і пагром. Яшчэ нядаўна можна было пабачыць вялікія мяхі, якія зараз валяюцца ў цёмным куце моцна пашкоджаныя. Каму яны перашкаджалі — невядома.
Другі вядомы тагачасны помнік — панскі млын. Трохпавярховы бервяновы будынак пабудаваны на пачатку ХХ стагоддзя, потым закінуты і зноў адноўлены. Мясцовыя жыхары памятаюць, як млын яшчэ працаваў з электрарухавіком і якасць мукі была найвышэйшая. Зараз, на жаль, млын стаіць зноў закінуты, але ўнутры яшчэ захаваліся магутныя жорны і частка абсталявання. Трэба быць вельмі ўважлівымі, бо падлога на другім паверсе месцамі зусім ніякая.
Канечне, ніяк нельга быць у Смальянах і не наведаць магілу Томаша Зана — вядомага паэта, чальца суполкі філаматаў, сябра Яна Чачота, Ігната Дамейкі і Адама Міцкевіча. Зан пісаў вершы, камедыі і балады. На старых каталіцкіх могілках побач з ім пахаваны яго жонка Брыгіда і сын Стась. На іх магілах стаяць такія ж помнікі. На мемарыяльнай пліце высечана: «Мілы Богу і людзям Тамаш Зан, памяць пра якога блаславенна. Жыў шэсьцьдзесят гадоў. Памёр 7 ліпеня 1855 года ў Кахачыне. Са Свентажэцкіх Брыгіда Зан пахаваная побач з сваім мужам 23 жніўня 1900 года ва ўзросце 81 год. Сын іх немаўля Стась памёр у 1854 годзе».
Рушым да галоўнага гістарычнага месца Смальянаў, дакладней таго, што ад яго засталося — рэшткі вежы замку «Белы Ковель». Замак быў пабудаваны ў 1620-я гады прадстаўніком вядомага роду Сангушкаў — князем Сямёнам, які ў той час быў віцебскім ваяводай. Гэта адзіны замак у Беларусі, які меў імя асобнае — «Белы Ковель». Менавіта з валынскага гораду Ковель паходзіць род Сангушкаў, а Смальянскі замак быў пабудаваны з буйной цэглы і камянёў і пафарбаваны ў белы колер. Па сваім памерам «Белы Ковель» быў адным з найбуйнейшых замкаў ВКЛ у XVII стагоддзі і нават больш вялікім за вядомы Мірскі замак. Гісторыя «Белага», ці як яшчэ яго называлі, «Малага Ковелю» досыць трагічная.
Падчас вайны 1654-1667 гадоў замак моцна пацярпеў ад маскоўскіх захопнікаў, а ўжо падчас Паўночнай вайны са шведамі вялікая частка «Белага Ковелю» была ўзарвана войскамі Пятра І. Пасля гэтага рэзідэнцыя Сангушкаў была перанесена ў Гародню, а замак павольна пачаў прыходзіць у заняпад. Амаль дабіў яго Васіль Сямёнаў — пад ягоную ўладу замак перайшоў пасля паўстання 1830-1831 гадоў і канфіскацыі маёмасці Сангушак. Сямёнаў наўпрост пачаў гандляваць цэглай, з якой быў пабудаваны «Белы Ковель». Толькі ў 1860 годзе ўладарства замкам перайшло да інжынера Валяр’яна Андрэевіча Цітова (на пачатку нашай вандроўкі мы яго ўжо прыгадвалі), які спыніў ганебны гандаль і нават правёў кансервацыю і ўмацаваў рэшткі вежы. Дзякуючы яму мы можам бачыць хоць нешта на месцы некалі славутага «Белага Ковелю».
Канечне, спадзявацца на аднаўленне гэтага помніка ў цяперашнія часы зусім не выпадае. Але ж, магчыма, калісьці здзейсніцца цуд. Мясцовы жыхар распавёў, што гадоў 5 таму на вежы пачалі гнездаваць буслы. Паказаліся яны і нам. «Белы Ковель» яшчэ жывы.
Працяг
Калі вы хочаце, каб мы паказалі і вашы ўлюбёныя мясціны ў межах фотапраекта «Беларусь, якая чакае», напішыце нам. Распавядзіце, па якіх вуліцах, раёнах, гарадах і вёсках вы сумуеце, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.