«Беларусь, якая чакае»: Багацце і галеча Смальянаў. Частка 2 (ФОТА)
Мы працягваем фотасправаздачу з нашай вандроўкі ў невялікае мястэчка Смальяны — менавіта так кажуць мясцовыя жыхары. У першай частцы мы заўважылі, што Смальяны маюць ці не найвялікшую канцэнтрацыю помнікаў гісторыі на адзін не самы вялікі населены пункт. Але амаль усе гэтыя помнікі знаходзяцца ў жахлівым стане. Ці зменіцца гэтае ўражанне падчас другой часткі?
Зусім побач з рэшткамі замку знаходзіцца адзіны дзейны помнік гісторыі Смальянаў — Спаса-Праабражэнская царква. Драўляная царква пабудавана на пачатку 18 стагоддзя і мае не толькі верхні храм, але яшчэ і ніжні — «крыпту» ў сутарэнні. У савецкія часы гэты будынак выкарыстоўваўся як… спіртзавод. Магчыма, з гэтай нагоды ён добра захаваўся і зараз дзейнічае па прызначэнні. Трапіць унутр можна толькі падчас службы, якую па раскладзе праводзяць святары з Оршы. Таму аглядаем храм звонку.
Касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі. Яго бачна амаль з кожнай кропкі Смальянаў. Пабудаваны напрыканцы 17 стагоддзя на сродкі чальцоў ужо вядомага нам рода Сангушкаў, касцёл перажыў некалькі рэканструкцыяў. Побач з ім быў пазней адбудаваны кляштар, у якім у розныя часы месціліся манахі-дамініканцы, парафіяльная школа, плябанія і нават механа-трактарная станцыя падчас савецкай улады. Мясцовыя жыхары распавядаюць, што на пачатку 1980-х гадоў польскія суполкі выказвалі цікавасць у перадачы касцёла ім. Чаканая адмова, таму цяпер маем, што маем. Таксама адзін з вяскоўцаў паджылага ўзросту досыць упэўнена распавядаў, што касцёл і «Белы Ковель» былі звязаны падземным ходам, уваход у які засыпалі, а падчас працы ля замку затапілі вадой з рэчкі Дзярноўка, якая з’яўлялася яшчэ і крапасным ровам.
Мы добра ўжо стаміліся, але не наведаць яшчэ адзін помнік, які таксама як і касцёл бачны з шмат якіх кропак мястэчка, не маглі. Упэўнена крочым да рэшткаў Аляксееўскай царквы. Яна была часткова пабудаваная з цэглы замку «Белы Ковель». Хтосьці кажа, што нават цалкам, але пачатак будоўлі ўсе адносяць да 1864 года, калі ў замку ўладарыў ужо Цітоў, а не Сямёнаў, якога называюць спонсарам будоўлі царквы святога Аляксея. Таксама шмат хто з гісторыкаў схільны да думкі, што невялічкая капліца побач з царквой — своеасаблівы сямейны склеп Сямёнавых. Сумнеўна, бо яна досыць малая. Дарэчы, склеп разрабаваны і дзе зараз знаходзяцца рэшткі пахаваных у ім — невядома.
Таксама вяскоўцы распавядаюць, што на пачатку 1990-х былі спробы аднавіць царкву — нават змянілі дах, паставілі купалы і крыжы. Але цягам часу падчас «паляванняў на метал» крыжы і частку даху скралі, краты на вокнах таксама спілавалі. А потым усё зноўку пачало развальвацца. Не выратавала ані цэгла з векавога замку, ані «мураўёўскі» дызайн. Натуральны помнік чалавечаму вандалізму розных узроўняў.
Вельмі складана неяк падводзіць вынік. З аднаго боку, мы ўбачылі сапраўдныя, не рэстаўраваныя помнікі такімі, якія яны ёсць. З іншага боку, вельмі крыўдна, што на парады і дажынкі грошы знаходзяцца штогод і ў даволі вялікім памеры, а на падтрыманне сваёй гісторыі ў прыстойным стане... Не, не будзем паўтараць відавочнае і зразумелае. Лепей яшчэ троху пашпацыруем па вясновых Смальянах!
Калі вы хочаце, каб мы паказалі і вашы ўлюбёныя мясціны ў межах фотапраекта «Беларусь, якая чакае», напішыце нам. Распавядзіце, па якіх вуліцах, раёнах, гарадах і вёсках вы сумуеце, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.