Беларусь, якая чакае. Халодная вясна заходняй Віцебшчыны (ФОТА)

Вялікія выходныя напрыканцы красавіка і напачатку траўня нешта сапсавалі ў цэнтры кіравання надвор’ем настолькі моцна, што дагэтуль адрамантаваць не атрымліваецца. Але ж гэта не нагода сядзець па хатах, тым больш, што на вуліцы часам цяплей за кватэру. Да таго ж і новая замова ад чытача прыляцела. Так што час варушыцца і рыхтаваць новы маршрут, не забываючыся на тэрмасы ды швэдары. Заходняя Віцебшчына сама сябе не даследуе. Паехалі!

Травеньская шэрань прымусіла зранку паправаць скрабком над аўтамабільнымі вокнамі, уключыць ацяпленне ў салоне на полную моц і ўжо пасля гэтага выпраўляцца ў чарговую вандроўку. Цягам адной гадзіны мы паспелі паназіраць і за свінцовай шэрасцю нябёсаў, і за кароткай залевай, і за вокамгненнай зменай туч на амаль летнія аблокі. Забягаючы наперад скажам, што сёння вы ўбачыце ўсю палітру капрызнага мясцовага траўня. 

Дзякуючы надвор’ю сумаваць па дарозе не прыйшлося. Спыняемся ля першай кропкі нашай сённяшняй вандроўкі — кляштара францысканцаў у вёсцы Удзела ў Глыбоцкім раёне (згушчонка, прабач, але сёння мы па іншых справах!). Ордэн францысканцаў з’явіўся тут ў сярэдзіне XVII стагоддзя — першы драўляны касцёл быў пабудаваны ва Удзела ў 1642 годзе і праіснаваў больш за 100 гадоў. У 1766 годзе на яго месцы пачалося будаўніцтва цаглянага храму і комплекса з жылога і некалькіх гаспадарчых будынкаў. Францысканцы грунтоўна падышлі да справы — будаўніцтва касцёлу доўжылася 25 год. ХІХ стагоддзе было нешчаслівым для ўдзелаўскіх францысканцаў — пажар у 1809 і перабудова ў 1837, скасаванне кляштару ў 1851, потым сыход ордэну і пераход касцёла ў парафіяльны храм. За савецкім часам касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі быў закрыты і толькі ў 1989 годзе ізноў аддадзены вернікам. А ў 2000 годзе сюды павярнуліся і францысканцы.

Трэба адзначыць, што апроч касцёла сённяшні кляштар мае яшчэ некалькі цікавостак. Вельмі дагледжаны невялічкі парк, фотавыстава ў скляпенні касцёлу аб місіянерскай дзейнасці францысканцаў, музей у гонар Максіміляна Кольбэ і ўнікальная батлейка. На жаль батлейку, музей і скляпенне наведаць не атрымалася, бо нікога з персаналу знайсці, нават па тэлефоне, мы не здолелі. Робім нататку аб вяртанні і проста гуляем.

Немагчыма не адзначыць асобу Максіміляна Кольбэ, у гонар якога існуе музей на тэрыторыі кляштару. У 1922-1927 гг. ён служыў у Гарадзенскім кляштары францысканаў, а потым заснаваў у Польшчы францысканскі комплекс Непакалянаў, які з’яўляецца адным з найбуйнейшых у свеце.

Глядзіце таксама

Таксама Максімілян Кольбэ быў заснавальнікам і рэдактарам некалькіх каталіцкіх выданняў, займаўся місіянерскай працай у Кітаі ды Японіі. Напачатку 1941 году быў арыштаваны гестапа і ў жніўні таго ж году загінуў у канцлагеры Асвенцым (Аўшвіц), прапанаваўшы сябе замест чалавека, прызначанага да смяротнага пакарання за спробу пабегу. Гэтым падзеям прысвечана мастацкая стужка вядомага польскага рэжысёра Кшыштафа Занусі «Жыццё за жыццё». Максімілян Кольбэ быў далучаны да ліку святых пакутнікаў у 1982 годзе і лічыцца нябесным апекуном палітвязняў і журналістаў.

Развітваемся з Удзела і рухаемся да месца, якое вядома далёка за межамі нашай краіны. Унікальны выпадак, калі вёска стала вядомай дзякуючы свайму ксяндзу. Канешне ж, гэта Мосар! Касцёл Святой Ганны быў пабудаваны напрыканцы XVIII стагоддзя па фундацыі тагачасных гаспадароў Мосара — сям’і Бжастоўскіх. Цікавы факт — касцёл ніколі не закрываўся і працягваў сваю дзейнасць падчас усіх войн і  змен уладаў. Нават у савецкія часы тут ішлі набажэнствы. Але ж Мосар так бы і заставаўся адной з шэраговых вёсак Беларусі, калі б у 1990 годзе сюды не быў прызначаны пробашч Юзаф (Юозас) Булька, які змяніў усё.

Апроч таго, што менавіта дзякуючы намаганням Булькі мясцовае насельніцтва стала значна менш ужываць алкаголь, пробашч стаў ініцыятарам стварэння найпрыгажэйшага дэндрапарку з некалькімі алеямі і дзясяткамі скульптур і пляцовак ля касцёлу. Усё гэта зроблена рукамі жыхароў Мосару і вакольных вёсак, што лепш за ўсё пераконвае нас у неардынарнасці асобы Булькі і яго надзвычайных арганізатарскіх здольнасцях. 

Гэта вельмі яскравы прыклад таго, што можна зрабіць з самага звычайнага месца, калі ў цябе ёсць прага да стварэння, натхненне і адданасць улюбёнай справе. Насамрэч, нягледзячы на халоднае і непрыемнае надвор’е адсюль не хочацца сыходзіць, бо нават пад шэрым небам тут вельмі маляўніча. І не верыцца, што ты ў правінцыяльнай вёсцы, а не ў нейкім вядомым еўрапейскім парку. Мы ледзве расчапілі сінія пальцы фатографа, каб адабраць у яго камеру ды пасадзіць у машыну. І гэта было зусім не проста.

Як мы ўжо казалі, надвор’е сёння паказвае ўсе свае выбрыкі. Толькі мы выехалі з Мосару, літаральна за некалькі хвілін небасхіл амаль ачысціўся і сонца вырашыла асабіста паназіраць за змёрзлымі валацугамі. Мы зусім не супраць, тым больш, што зусім побач ужо Казлоўшчына з вядомай капліцай-пахавальняй роду Друцкіх-Любецкіх.

У 1842 годзе ўладар гэтых мясцінаў Ігнацій Станіслаў Юзаф Друцкі-Любецкі вырашаў пабудаваць на мясцовых могілках капліцу-пахавальню для прадстаўнікоў свайго роду. Ужо праз год будынак з бутавага камяню быў гатовы. У сутарэнні месцілася 12 пахавальных паглыбленняў, а на першым паверсе невялікае месца для набажэнстваў. У савецкі час капліца была разрабавана і пашкоджана. Але намаганнямі святароў Уладзіслава Завальнюкаі таго ж Юзэфа Булькі з дапамогай мясцовых вернікаў будынак быў адрамантаваны і цяпер тут дзейнічае невялічкі касцёл пад тытулам Святога Пятра. А вось крыпта, на жаль, пакуль у паўразбураным стане.

Пад кроплямі дажджу, што зноў пачаўся, рушым далей па невялічкім прасёлку, які ўпэўнена абраў наш навігатар. Магчыма, так і трэба, каб мы адчулі ўсю асалоду вандроўкі па гэтых мясцінах! Гэтая цётачка ў навігатары дакладна ведае больш за нас, бо акурат з апошнімі кроплямі з нябёсаў выводзіць нас да прыгожай старой царквы на ўзгорку. Гэта Свята-Пакроўская царква ў зусім невялкай вёсцы Ласіца, якая была пабудавана ў 1830 годе. Некаторыя лічаць яе архітэктуру тыпова-мураўёўскай, але ж так званыя «царквы-мураўёўкі» будаваліся значна пазней. Маляўнічае месца! 

Неўзабаве на даляглядзе з’яўляецца нашая наступная кропка прызначэння вёска Дунілавічы і касцёл Найсвяцейшай Тройцы, які ўваходзіў у склад колішняга кляштару дамініканцаў. Першы драўляны касцёл тут з’явіўся напачатку XVI стагоддзя, а ў 1683 годзе тагачасныя ўладары мясцовага маёнтка Кшыштаф і Эльжбета Белазор ахвяравалі частку сваёй маёмасці ордэну дамініканцаў, і ўжо ён у 1685 годзе пабудаваў новы касцёл, якому пані Эльжбета ахвяравала абраз Маці Божай Лаэртанскай з Фларэнцыі. У 1769 годзе дамініканцы пачалі будаваць на гэтым месцы новы мураваны касцёл і скончылі яго за 4 гады (не тое, што францысканцы ва Удзеле, так?). У 1778 годзе касцёл быў кансэкраваным у гонар Найсвяцейшай Тройцы.

Не абмінулі рэлігійныя рэпрэсіі ХІХ стагоддзя і дунілавіцкі храм. Спачатку забаранілі прыём новых кандыдатаў у ордэны, потым забралі маёнтак, а пасля здушэння паўстання 1863 году ўвогуле перадалі будынак касцёла ў праваслаўе і вянчалі яго «цыбулькамі» з візантыйскімі крыжамі. Кароткачасовае вяртанне 1919 году ў каталіцтва змянілася закрыццём і пераўтварэннем у сховішча ўгнаенняў. Толькі ў 1992 годзе касцёл Найсвяцейшай Тройцы зноў адкрыўся для вернікаў. На гэты раз нам вельмі пашанцавала і мы здолелі паглядзець на ўнутранае аздабленне храму. 

Дарэчы, той самы цудадзейны абраз Маці Божай Лаэртанскай XVII стагоддзя захаваўся і знаходзіцца ў цэнтры алтара. Падчас рэпрэсій і закрыцця яго хавалі ў сваіх хатах мясцовыя вернікі.

Рушым далей, назіраючы шыкоўныя краявіды, і нават не спрачаемся калі адагрэўшыся фатограф пачынае камандаваць, дзе спыняцца. З задавальненнем грэемся на сонцы і папаўняем нашу калекцыю прыгожых пейзажаў. 

Краявід за краявідам, кіламетры дарогі, і раптоўна за квітнеючымі дрэвамі з’яўляюцца дахі яшчэ аднаго выбітнага касцёла. Так, гэта знакаміты Лучай і касцёл Святога Тадэвуша. Калі раней мы завітвалі да францысканцаў і дамініканцаў, то тут з 1731 году месціліся ўжо езуіты. Лучай стаў вядомым у XVIII стагоддзі дзякуючы ягонай уладарцы Эльжбеце Агінскай, якая ў 1766 годзе і фундавала будаўніцтва езуіцкага касцёлу. Акрамя касцёлу, што будаваўся, на той момант у Лучаі ўжо был раскошны палац і нават абсерваторыя. На жаль, Эльжбета не дажыла да сканчэння будаўніцтва, яго працягнуў яе брат Тадэвуш, якому яна падарыла сядзібу. Ордэн езуітаў таксама не дачакаўся новага храму, бо быў скасаваны папскай булай у 1773 годзе. Такім чынам, касцёл Святога Тадэвуша, дабудаваны ў 1776 годзе, ёсць апошнім помнікам езуіцкай архітэктуры на Беларусі.

Падчас Другой сусветнай вайны касцёл даволі сур’ёзна пацярпеў і быў закрыты ў 1946 годзе. Склад, майстэрна, гараж для трактароў — усё гэта бачылі сцены храму. У 1985 годзе па ініцыятыве дырэктара мясцовага калгасу Алега Валадзько пачалася рэстаўрацыя будынка, а ў 1990 годзе ён быў вернуты каталікам. Ужо напачатку 2000-х святар МІкалай Ліпскі вырашыў зрабіць побач з касцёлам парк, які некаторыя называюць «Жывой Бібліяй». Ад храму адыходзяць 12 сцежак да фігураў 12 апосталаў. Шмат чаго яшчэ тут ёсць цікавага — нават макет палаца Агінскіх, які згінуў у полыме войнаў. Праца яшчэ вядзецца, але ўжо зараз гэта надзвычай прыгожа!

Нам шанцуе ў другі раз — касцёл адкрыты, і можна паглядзець на прыгажосць унутры. У храме захаваліся ўнікальныя роспісы аўтарства выбітнага мастака таго часу Казіміра Анташэўскага, ды ўвогуле інтэр’еры касцёлу вельмі цікавыя. Глядзіце самі!

Стаміліся ўжо? Мы таксама, але гэта яшчэ не фінішная кропка. Зусім побач Паставы, і мы ляцім туды, каб пабачыць касцёл Святога Антонія Падуанскага, які быў пабудаваны на мяжы XIX-XX стагоддзяў на месцы былога францысканскага (зноў яны!) кляштару. Папярэднікі існуючага касцёлу будаваліся, рамантаваліся і гінулі ў войнах і пажарах пачынаючы з 1522 году — менавіта да гэтага часу ёсць звесткі аб парафіяльных касцёлах у Паставах. Першая сусветная вайна істотна пашкодзіла храм, яго адрамантавалі толькі ў сярэдзіне 1920-х гадоў. Вядома, што ў 1942 годзе нацысты расстралялі мясцовага пробашча Браніслава Маціеўскага, але касцёл працягваў працаваць да 1959 году, калі яго перадалі пад завод радыёкампанентаў. Потым 1990-я, вяртанне, доўгая рэстаўрацыя і неагатычны прыгажун ізноў штодзённа прымае вернікаў і наведвальнікаў. 

Бог любіць Тройцу! Вы правільна зразумелі — нам шанцуе ў трэці раз і мы трапляем унутр касцёла Святога Антонія Падуанскага. Так што глядзіце на інтэр’еры разам з намі і тэрмінова нам зайздросціце!

На гэтым дазвольце развітацца і накіравацца на заслужаны адпачынак роўна да наступнага вашага ліста з замовай. Як толькі атрымаем — не будзем марнаваць аніводнай хвілінкі і адразу пачнем будаваць новы маршрут па, спадзяемся, ужо натуральна вясенняй Беларусі. Ну павінна калісьці ж скончыцца гэтая «зялёная зіма»! Бывайце здаровы — пішыце замовы!

Шаноўныя чытачы, мы вельмі хочам паказваць вам Беларусь: мясціны, па якіх вы сумуеце, ці тыя, якія вы, магчыма, раней не бачылі. Таму заклікаем вас замаўляць нам новыя маршруты вандровак па родным краі (гэта бясплатна :)). Раскажыце, якія вуліцы, раёны, гарады і вёскі вы хочаце ўбачыць, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.