Беларусь, якая чакае. Веліч і заняпад сталіцы ВКЛ. Частка 2
Звычайны чарговы лістапад з ягонымі дажджамі, часам падобнымі на снег, канчаткова запанаваў на прасторах Беларусі, а мы працягваем нашу вандроўку па першай сталіцы ВКЛ, у якую выправіліся падчас «залатой» восені. Таму атрымліваем асалоду ад горада і цешымся ўспамінамі пра прыгожае надвор’е.
Бачная здалёк прыгожая царква св. Барыса і Глеба была пабудавана ў XVI стагоддзі на месцы старажытнага храма ХІІ стагоддзя, які, у сваю чаргу, стаяў на месцы паганскага капішча. З 1620 па 1839 гады храм належаў уніятам, быў часткай базыльянскага кляштара. Пасля перабудовы ў 1636 годзе кіеўскі ўніяцкі мітрапаліт Іосіф Руцкі заснаваў тут мужчынскі базыльянскі кляштар, а граф Храптовіч — жаночы, які праіснаваў да 1840 года. Дагэтуль захаваўся адзін з жылых будынкаў, які сціпла стаіць за некалькі дзясяткаў метраў ад царквы і пазначаны «ахоўнай» таблічкай. Храм перажыў болей за дзясятак перабудоў і рэканструкцый, пасля Другой сусветнай вайны тут месціўся філіял архіва, а ў 1996 годзе царква была вернута праваслаўным вернікам. Трапіць унутр нам не ўдалося, бо толькі пачалася жалобная служба, таму глядзім звонку.
Яшчэ адзін даволі адметны храм знаходзіцца ў самым цэнтры Наваградка — гэта сабор св. Мікалая. Мураваны касцёл пабудаваны ў 1780 годзе на месцы драўлянага касцёла францысканскага кляштара, які быў заснаваны ў Наваградку яшчэ ў XIV стагоддзі. У 1831 годзе пасля паражэння паўстання кляштар быў ліквідаваны, а ў 1839 годзе (зноўку гэты год!) касцёл быў перададзены праваслаўнай царкве і пасля перабудовы ў 1846 годзе стаў царквой св. Мікалая. Адзначым, што гэта літаральна адзінкавы выпадак, калі нам дазволілі фотаздымкі ў праваслаўным саборы!
Цікавая рэч — падчас хады па вуліцах Наваградка часам складана сказаць, у якім часе ты знаходзішся. Падчас першага візіту гэта не так заўважна, але вось калі ты быў тут і 5, і 10 гадоў таму ці ўвогуле маеш мясцовыя карані, то розніца заўважная і, збольшага, не вельмі прыемная. Як сказаў мне адзін сябра, які бываў тут і больш за 20 год таму, «калі тады Наваградак быў больш падобны на еўрапейскую правінцыю, то зараз гэта больш савецкая правінцыя брэжнеўскага часу». Верагодна, ён, на жаль, мае рацыю.
У такіх невясёлых разважаннях мы досыць нечакана трапілі да месца, якое здзьмула шэрыя думкі і запаліла ў нас святло надзеі. Гэты своеасаблівы міні-музей пад адкрытым небам стварылі вучні і настаўнікі розных устаноў адукацыі горада. «Страчаная спадчына» (а менавіта такую назву мае інсталяцыя) — гэта макеты архітэктурных помнікаў Наваградчыны, якія не дажылі да нашага часу праз войны, пажары ці проста людское вар’яцтва. Тут ёсць макеты наваградскай сінагогі, палаца Храптовічаў, сядзібы О`Руркаў і шмат чаго іншага. Хтосьці можа казаць аб прымітыўнасці, але гэта вельмі добрае пачынанне, якое мае ўсе шанцы перарасці ўва штосьці большае. А «Страчанай спадчыне» хочацца пажадаць большай увагі да стану макетаў, якія паволі пачынаюць разбурацца, як і іх правобразы.
Апроч ужо наведанага намі Фарнага касцёла, Наваградак мае яшчэ і вельмі прыгожы касцёл Найсвяцейшага Міхаіла Архангела, які немагчыма абмінуць, бо ён таксама знаходзіцца ў самым цэнтры горада. У 1624 годзе на гэтым месцы быў пабудаваны драўляны храм у складзе дамініканскага кляштара, але праз стагоддзе яго змяніў ужо мураваны будынак. На жаль, храм моцна пацярпеў ад пажару 1751 года і быў адбудаваны толькі ў 1805 годзе. Пасля аднаўлення і адбылося ягонае асвячэнне ў імя Міхаіла Архангела, які лічыцца апекуном Наваградка. Пры дамініканскім кляштары з 1751 па 1831 гады дзейнічала школа, вучнямі якой у свой час былі Адам Міцкевіч і Ян Чачот. У 1831 годзе, які намі ўжо не раз згадваўся, школу зачынілі, а кляштар невядомым чынам яшчэ праіснаваў да 1853 года. Набажэнствы ў храме ішлі да 1948 года, але потым савецкая ўлада вырашыла выкарыстоўваць яго ў якасці склада для збожжа, і толькі ў 1992 годзе ў напаўразбураным стане ён вярнуўся да вернікаў. Рэстаўратары максімальна захавалі ўнутранае аблічча храма, святыя абразы і фрэскі. Абавязкова для наведвання!
Шкада, але надышоў час развітвацца з гэтым некалі славутым горадам. Але пэўныя спадзяванні на адраджэнне ёсць. Гэты вельмі прыгожы край абавязкова зойме сваё адмысловае ганаровае месца ў сузор’і адноўленых гістарычных каштоўнасцей нашай краіны. А пакуль па дарозе дадому захапляемся краявідамі і ў чарговы раз ганарымся прыгажосцю роднага краю!