Беларусь, якая чакае: Бабруйскія скарбніцы. Частка 1 (ФОТА)
Большасць людзей на пытанне пра гістарычна знакавыя гарады нашай краіны пэўна назавуць Горадню, Полацк, Берасце, нават Мінск. І мала хто прыгадае Бабруйск. Насамрэч гэты горад не менш варты ўвагі тых, хто любіць падарожжы па роднай краіне і цікавіцца яе скарбамі і спадчынай. Паехалі!
Ужо на этапе падрыхтоўкі і пошуку інфармацыі пра вядомыя месцы Бабруйскa можна здзівіцца: чаму вы яшчэ тут не былі! Аднак не будзем скакаць як маладое шчаня ад захаплення і пачнем нашае чарговае падарожжа ў межах праекта «Беларусь, якая чакае» з самага буйнога мясцовага помніка — Бабруйскай крэпасці. Дзіўна, але зусім няшмат людзей ведае нават пра яе існаванне.
Плошча ўмоўнага комплексу Бабруйскай крэпасці не менш за нашмат болей вядомую і на 30 гадоў маладзейшую Брэсцкую. Цікава, што праектаваў і кіраваў будаўніцтвам абедзвюх ваенны інжынер Карл Апперман. Гарнізон Бабруйскай крэпасці складаў каля 8 тысячаў чалавек і меў больш за 300 гарматаў. Літаральна праз месяц пасля «здачы ў эксплуатацыю» крэпасць ужо сустракала войскі Напалеона і, па меркаваннях гісторыкаў, адыграла вялікую ролю ў той вайне, адцягнуўшы на сябе вялікую колькасць наступаючых войскаў.
Канечне, крэпасць гэта не толькі форты, башні і рэдуты, але і шматлікія казармы і гаспадарчыя памяшканні. Яны таксама захаваліся і знаходзяцца ў значна больш прыстойным выглядзе. У такіх будынках зараз размешчаны офісы, крамы і нават Бабруйскі міжраённы аддзел Следчага Камітэта і ваенная камендатура. Шмат у якіх жывуць людзі. Калі будзеце там, звярніце ўвагу на тое, як савецкія архітэктары і будаўнікі «злучылі хрушчобы» з помнікамі гісторыі...
Як мы ўжо маглі заўважыць, сярод руінаў крэпасці няблага пачуваецца досыць сучасны будынак. Па яго абрысах любы беларус зразумее, што гэта спартовая арэна, без якой у наш час амаль не можна ўявіць сабе больш-менш прыстойны горад. Магчыма, мы калісьці даведаемся аб значных поспехах беларускіх спартоўцаў, падрыхтаваных у гэтых сценах. Пытанне навошта было так па-вар’яцку псаваць гістарычны помнік гэтай «лятаючай талеркай» і яшчэ ганарыцца гэтым, мы пакуль пакінем без адказу.
Таксама рытарычным застаецца пытанне пра катастрафічны стан унікальнага гістарычнага помніка, з якога можна было б зрабіць выдатны турыстычны аб’ект з менавіта гістарычным ухілам. На арэну ж вось грошы знайшліся, і немалыя, а ўвага да гісторыі пакуль абмяжоўваецца закалочваннем вокнаў і праходаў ды маляваннем інвентарных нумароў з папярэджаннямі аб «адказнасці за прычыненне шкоды». Здаецца, што да адказнасці ўжо варта было б і прыцягваць, бо шкода ў наяўнасці дакладна. Для параўнання можна паглядзець, як выглядае адзіны з фортаў, што выкарыстоўваецца дзеля папулярных квэстаў «Форт Бобр Ярд». Гэта прыватная ініцыятыва, дарэчы. Каментары залішнія.
Але ж не крэпасцю адзінай! Дом купчыхі Кацнельсон — адзін з сімвалаў Бабруйска. У 1912 годзе падчас падарожжа па Балтыцы вядомай бабруйскай гандлярцы лесам і ўладальніцы лесапілак Прае Брайн Кацнельсон вельмі спадабаўся прыгожы мясцовы дом. Грошы былі, жаданне і веды таксама — дом быў набыты, разабраны, перавезены і Бабруйск і там зноўку сабраны. У розныя часы ў доме жыў равін, месцілася паліцэйская ўправа і рэвалюцыйны камітэт. Сучаснікам гэты будынак больш вядомы як Зялёная бібліятэка, якая пераехала напрыканцы 2014 года ў сувязі з рамонтам дома.
Наступны пункт нашага падарожжа — Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Гэта, безумоўна, унікальны будынак не толькі для Беларусі, але і для ўсяго свету! Зараз патлумачым. Касцёл быў пабудаваны на пачатку ХХ стагоддзя і меў звычайны для касцёлаў выгляд. У 1958 годзе яго фасад быў разбураны і на пачатку 1960-х гадоў да захаванай часткі касцёла наўпрост прыбудавалі «каробку» домабудаўнічага камбіната. Вось такі незвычайна-ўнікальны, не маючы аналагаў у Беларусі, а можа і ва ўсім свеце, фасад касцёла можна назіраць і дагэтуль. Домабудаўнічага камбіната ўжо няма, і кажуць, што вядуцца абмеркаванні па аднаўленні былога вобліку, але ж… Вы самі ўсё разумееце.
Здаецца, у Бабруйску ёсць практычна ўсё! Памятаеце дамы, што ствараюць двары-калодзежы, якімі вельмі ганарыцца Санкт-Пецярбург? Так вось, амаль такі ж ёсць і тут. Гэта дом пад назвай «Порт-Артур». Існуюць дзве версіі наконт такой экзатычнай назвы. Паводле першай, больш распаўсюджанай, дом быў пабудаваны ў 1904 годзе падчас разгару руска-японскай вайны і гераічнай абароны крэпасці Порт-Артур. Дарэчы, калі зачыніць два вузкіх прахода ў двор — дом сам ператварыцца ў сапраўдную крэпасць! Другая версія больш празаічная — нібыта ў доме калісьці было нешта прытону, гаспадаром якога быў мужчына з імем Артур. Кажуць, што ў гэтым доме сутарэнні па 5 метраў у вышыню і маецца ўваход у падземны ход за Беразіну, які зараз засыпаны.
Ну, а зараз час трошкі адпачыць перад другой часткай нашай вандроўкі і проста павольна пашпацыраваць па вясновым Бабруйску. Хутка працягнем!
Калі вы хочаце, каб мы паказалі і вашы ўлюбёныя мясціны ў межах фотапраекта «Беларусь, якая чакае», напішыце нам. Распавядзіце, па якіх вуліцах, раёнах, гарадах і вёсках вы сумуеце, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.