Беларусь, якая чакае: Бабруйскія скарбніцы. Частка 2 (ФОТА)
Працягваем наш фоташпацыр па Бабруйску. Як вы ўжо зразумелі з першай часткі, гэты горад багаты на розныя цікавосткі, якія больш нідзе не знойдзеш. Рушым далей!
Такога дома ў Беларусі вы дакладна нідзе больш не сустрэнеце! Толькі ў Токіа ёсць падобная вежа «Накагін» аўтарства архітэктара Кісё Куракавы, творчасцю якога захапляўся і Уладзімір Галушчанка — аўтар бабруйскага аналагу японскага «цуду». У Бабруйску гэты дом называюць «дом-шпакоўня» ці «тэтрыс», ён складаецца, у асноўным, з аднапакаёвак, якія былі прызначаны для маладых спецыялістаў.
Безумоўна, ніяк нельга прамінуць скульптуру сімвала горада. Вядомы бабёр знаходзіцца ў самым цэнтры Бабруйска на скрыжаванні вуліц Сацыялістычнай і Карла Маркса побач з вялікім гарадскім рынкам. Пыса, пярсцёнак, лапа і зубы сімвалу так і ззяюць на сонцы — таму самі выбірайце, да чаго дакрануцца, каб шчасціла!
Варта адзначыць яшчэ адзін арт-аб’ект, што знаходзіцца побач з былой воданапорнай вежай, у якой зараз месціцца вельмі папулярная, па сведчаннях наведвальнікаў, рэстарацыя «Чырвоная вежа». Гэта своеасаблівы помнік герою бессмяротнага «Залатога цяля» Шуры Балаганаву. Цікава, што сродкі на гэтую скульптуру збіраліся жыхарамі горада — у рэстарацыі стаяла спецыяльная скрынка, куды кожны мог пакласці любую суму.
Яшчэ адзін яскравы помнік архітэктуры савецкіх часоў — гатэль «Бабруйск». Пабудаваны напрыканцы 50-х гадоў мінулага стагоддзя, пазнавальны будынак неўзабаве стаў адной з візітовак горада.
Бабруйск можа пахваліцца досыць неблагой пешаходнай зонай — вялікі кавалак вуліцы Сацыялістычнай у самым цэнтры і некалькі вуліц побач ствараюць вельмі ўтульны куток для гасцей і жыхароў. Тут шмат кавярняў, невялічкіх крамаў і іншых прыемных дробязяў для добрага адпачынку. Забудова канца ХІХ — пачатка ХХ стст. стварае ўнікальны архітэктурны ансамбль, які, на жаль, псуюць шматлікія велічэзныя рэкламныя шыльды на фасадах і ў вокнах, а таксама досыць забруджаныя двары. Будзем спадзявацца, што гэта будзе выпраўлена.
Кінатэатр «Таварыш» пабудаваны напрыканцы 1930-х гадоў. Падчас Другой сусветнай вайны ён не пацярпеў і нават не спыняў сваю дзейнасць ні на адзіны дзень з моманту адкрыцця. Побач з ім стаіць помнік вядомаму бабруйчаніну — пісьменніку, журналісту і рэжысёру Яфіму Драбкіну, больш вядомаму як Эфраім Севела. Ініцыятыва гэтага помніка належыць сябрам і аднакашнікам Севелы, якія зараз жывуць у ЗША. Яны ж сталі і спонсарамі праекта.
Вось яшчэ два помнікі зусім побач. Каля 200 метраў адзін ад аднаго. Здаецца, каментары тут залішнія.
Бабруйск нездарма называюць сталіцай беларускіх габрэяў. Кажуць, што напрыканцы ХІХ стагоддзя габрэі складалі да 70% насельніцтва горада! Да вайны ў Бабруйску было 47 сінагог. Зараз дзейная сінагога знаходзіцца па вул. Сацыялістычнай, 36, у будынку, якому больш за 100 гадоў. Спачатку тут знаходзілася іешыва — рэлігійная вучэльня, але ў 1937 бальшавікі адабралі будынак пад ваенны склад, а пасля вайны тут месцілася атэлье па пашыву адзення. Побач стаіць будынак былой сінагогі (Сацыялістычная, 34), у якім зараз спартовая секцыя барацьбы.
Зусім недалёка ад сінагогі яшчэ адное знакавае месца — «Габрэйскі дворык». Гэта рэшткі вялікай сінагогі, якая існавала да вайны. Па адных даных, гэта быў малельны дом для рамізнікаў, па другіх — да яго мелі датычнасць гандляры з рынка, які дагэтуль побач. Так ці інакш, але пасля вайны і наступных часоў ад сінагогі мала што засталося, і толькі ўвосень 2016 года намаганнямі габрэйскай суполкі пачалося аднаўленне. У жніўні 2019 года «Габрэйскі дворык» прыняў першых наведвальнікаў і вельмі хутка стаў улюбёным месцам турыстаў і бабруйчан. На сценах былой сінагогі — карціны Іехіэля Офнэра са сцэнкамі габрэйскага жыцця. У дворыку — помнік знішчаным падчас Халакосту габрэйскім супольнасцям Беларусі. Ёсць і свая «Сцяна Плачу», дзе ўсе жадаючыя могуць пакінуць запіскі са зваротамі для Усявышняга, пасля чаго яны рознымі шляхамі трапляюць у Іерусалім.
Напрыканцы нашай вандроўкі традыцыйна проста гуляем па горадзе. Завітвайце абавязкова, каб пабачыць усё на свае вочы. Бабруйск заўсёды рады добрым людзям!
Калі вы хочаце, каб мы паказалі і вашы ўлюбёныя мясціны ў межах фотапраекта «Беларусь, якая чакае», напішыце нам. Распавядзіце, па якіх вуліцах, раёнах, гарадах і вёсках вы сумуеце, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.