У Бабруйску адкрылі помнік габрэйскаму пісьменніку й савецкаму дысідэнту

У цэнтры Бабруйску у рамках святкаванняў Дня гораду паставілі помнік славутаму земляку, пісьменніку й кінасцэнарысту Эфраіму Сэвэлу.

0a7fc3f5_3125_42f5_8d1c_302306790c3a_w987_r1_s.jpg


Эфраім Cэвэла (Яфім Драбкін) нарадзіўся ў 1928 г. на цалкам габрэйскай вуліцы Інваліднай (цяпер Энгельса), якую праславіў у сваёй першай кнізе «Легенды Інваліднай вуліцы». Падлеткам, «сынам палка» прайшоў вайну, потым вучыўся на аддзяленні журналістыкі філфака БДУ разам з іншым славутым земляком Алесем Адамовічам. Пераехаў працаваць на «Масфільм». Прымаў удзел у руху габрэяў за права выезду з СССР і ў 1971 з'ехаў у Ізраіль, пазней у ЗША.
У эміграцыі пачаў пісаць і выдаваць свае кнігі, многія з якіх, як і фільмы па ім, добра вядомыя: «Спыніце самалёт, я злезу», «Моня Цацкес — сцяганосец», «Папугай які гаворыць на ідыш», «Чаму няма раю на зямлі» ды іншыя. Збольшага творчасць прысвечаная жыццю габрэяў у 20-м стагоддзі — у Беларусі, у СССР, пад час вайны, і пасля эміграцыі савецкіх габрэяў на Захад. У 1990 Сэвэла атрымаў магчымасць здымаць свае фільмы ў Маскве і пераехаў туды. Там і памёр у 2010-м.

d0f830b6_d526_49a8_a317_67394a20a550_w610_r1_s.jpg


Планавалася што помнік з'явіцца ў Бабруйску яшчэ год таму, але справа зацягнулася. Грошы на помнік ахвяравалі бабруйчанін Аляксандар Прэсняцоў і ўжо амэрыканскія бабруйчане Генадзь Рабкін і Фэлікс Цупрун, скульптар Іван Данільчанка таксама мясцовы. На стадыі абмеркавання праектаў бабруйчанам спадабалася ідэя з папугаем на кінакамэры — у гонар «Папугая, які гаворыць на ідыш», дзяржаўная камісія зацвердзіла варыянт з галубамі, які вызваў крытычныя камэнтары мясцовых жыхароў. У выніку — ані галубоў, ані папугая. Кінакамэра засталася, і адразу стала любімым аб’ектам для здымкаў.

f8340c32_5571_4451_b9d1_9b07fe3f4de4_w610_r1_s.jpg


Яшчэ каля помніка ёсць цытата з «Легенд Інваліднай вуліцы», у якасці «падстаўкі» пад яе скарысталі вэнтыляцыйную трубу. Цытата ў ансамблі помніка замацоўвае сучасны стан былой вуліцы Інваліднай: «Цяпер яна перайменаваная ў гонар Фрыдрыха Энгельса — заснавальніка навуковага камунізму, і можна падумаць, што на гэтай вуліцы нарадзіўся ня я, а Фрыдрых Энгельс». Бо нягледзячы на помнік, на кнігі Сэвэлы ў бібліятэках гораду, на паказ ягоных фільмаў у гарадскім кінатэатры — вуліцы Энгельса не збіраюцца ані вяртаць гістарычную назву, ані надаваць імя Сэвэлы.
Паводле Радыё Свабода