Помнік літары Ў абяцалі, але не аднавілі
Помнік быў пашкоджаны ўжо некалькі год таму, да полацкіх уладаў неаднаразова паступалі звароты — што неахайны выгляд помніка псуе рэпутацыю горада ў вачох турыстаў.
Сёлета ў красавіку стала вядома, што адчынены адмысловы рахунак для збору сродкаў на рэстаўрацыю. Але прадстаўнікі райвыканкаму запэўнівалі: калі неабходныя 80 мільёнаў ня ўдасцца сабраць за кошт дабрачынных ахвяраванняў, будуць знойдзены іншыя фінансавыя магчымасьці і ў чэрвені помнік будзе адноўлены. Дакладней, ягоная асноўная частка і стане новай, бо адрэстаўраваць пакрышаныя літары на ім не магчыма тэхналагічна.
З дабрачынным рахункам адразу ж пачаліся праблемы: мясцовыя ўлады чамусь не парупіліся, каб банкаўскія рэквізіты былі надрукаваныя ў СМІ. Гэтага ўдалося дамагчыся толькі дзякуючы ініцыятыве незалежных журналістаў і актывістаў, якія «засыпалі» выканкам пісьмовымі патрабаваннямі перастаць рабіць з банкаўскіх рэквізітаў таямніцу. Аднак высветлілася, што гэта агульны рахунак «дзеля ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы прадпрыемства КУП "ЖКГ" г.Полацка». Інакш кажучы, сродкі з яго могуць пайсці на розныя мэты.
Тым часам чэрвень скончыўся, аднак помнік так і стаіць у неахайным стане, нягледзячы на абяцанні Полацкага райвыканкаму. Ніякіх прыкметаў падрыхтоўкі да рэстаўрацыі не відаць.
У такім стане ён знаходзіцца ўжо два з паловай гады, нягледзячы на тое, што Полацк наведвае шмат турыстаў, і ўсе яны бачаць сапраўднае стаўленне да захавання ў гістарычным цэнтры культурнай спадчыны.
Адзіны ў Беларусі помнік літары «Ў» быў усталяваны ў цэнтры Полацка ў 2003 годзе, калі тут праходзіў Дзень беларускага пісьменства. На яго пастаменце — цытата з верша Рыгора Барадуліна «Ад Эўфрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет». Сілумінавыя літары гэтых радкоў пашкоджаныя. Нехта лічыць, што тут «пагаспадарылі» вандалы, іншыя — што сілумінавыя літары пацярпелі ад дажджу і снегу, а хтосьці вінаваціць дворнікаў, што неахайна чысцілі помнік. Грамадскасць ня раз звярталася да мясцовых уладаў з просьбай адрамантаваць помнік, але адказы былі выключна пра тое, што сродкаў на рамонт няма.
Паводле Радыё Свабода