«Беларусь, якая чакае». Глыбокае малавядомае. Частка І (Фота)

Вядомы па адвечным пытанні «глыбоцкая ці рагачоўская» горад Глыбокае нашмат болей цікавы за звычайнае месца вытворчасці папулярнага прадукту. Ён даў нам аўтара нацыянальнага сцяга Клаўдзія Дуж-Душэўскага, вядомага пісьменніка Тадэвуша Даленгу-Мастовіча. Натхняў Язэпа Драздовіча, Антонія Крумана, Лявонція Ракоўскага і нават даў трохі ўражанняў Чэславу Мілашу.

_belarus_hlybokae_kascjol_sv_trojcy_2023_fota_novy_czas___2__logo.jpg


Спецыяльна для нашага чытача, які замовіў гэту вандроўку, мы заехалі ў Глыбокае, даўшы невялікага кругаля з боку вёсак Крулеўшчына і Харашкі, каб убачыць той краявід, які яму вельмі падабаецца яшчэ з дзяцінства.

_belarus_hlybokae_paczatak_2023_fota_novy_czas_logo.jpg

Амаль з кожнай кропкі гэтага невялікага горада бачны дзве барочныя святыні Глыбокага — праваслаўны сабор, перабудаваны з касцёла айцоў кармелітаў, і каталіцкі касцёл Святой Тройцы. Яны знаходзяцца на плошчы адзін насупраць аднаго. Касцёл Святой Тройцы быў пабудаваны напрыканцы XVIII стагоддзя і істотна перабудаваны на пачатку ХХ стагоддзя. На калоне злева можна ўбачыць дошку з надпісам на лацінскай мове ў памяць асвячэння касцёла ў ліпені 1783 года. Каля алтара — звон 1882 года, які падчас нейкай з войнаў ХХ стагоддзя быў закапаны ў зямлю ў плябанскім садзе і знойдзены ў 2012-м.


З левага боку ад алтара — капліца Маці Божай Глыбоцкай. Гэта мясцовая варыяцыя рымскага абраза Маці Божай Снежнай. Калісьці яе атрымалі ў падарунак кармеліты ад кагосьці здалёк, з Віцебскага ваяводства (гэта толькі ў 1960 годзе Глыбокае саветы далучылі да Віцебскай вобласці, таму мясцовым краязнаўцам рэжа вуха, што Глыбокае называюць Віцебшчынай). Яго змясцілі ў капліцы пад хорамі ў кармеліцкім касцёле. Адтуль і мясцовая назва абраза — Маці Божая Падхорная. Абраз лічыўся цудадзейным, пра яго нават была складзена песня (на жаль, яе так і не пераклалі з польскай на беларускую). У рамах вакол абраза — воты, срэбныя ўпрыгожванні, якія пакідалі як сімвал падзякі людзі, што маліліся і атрымлівалі ад Бога тое, што прасілі.

_belarus_hlybokae_kascjol_sv_trojcy_kaplica_2023_fota_novy_czas_logo.jpg


Абрамляе абраз прыгожая рама. Можа здацца, што яна металічная, але насамрэч — драўляная, як і ўсё астатняе, пафарбаванае пад мармур. Нашы продкі ўмелі прыгожа працаваць з дрэвам: дрэва, якое імітуе аблокі, драўляныя вазы і фігуры анёлаў. Скульптура Хрыста, які пакутуе — таксама з кляштара кармелітаў. У 1763 годзе кляштарныя хронікі занатавалі дзіўнае здарэнне, што фігура нечакана пакрылася потам.

_belarus_hlybokae_kascjol_sv_trojcy_skulptura_hrysta_2023_fota_novy_czas_logo.jpg


Касцёл кармелітаў, адабраны ў каталікоў у 1864 годзе ў межах рэпрэсій супраць паўстанцаў, уражвае сваімі памерамі і веліччу. Віленскі архітэктар Абрагам Вюрцнер упрыгожыў яго ў XVIII стагоддзі вежамі, якія маюць у сабе рысы віленскага барока. Падняўшы галаву, можна ўбачыць розную пластыку, ляпніну, гзымсы, дэкаратыўныя калоны, галовы анёлаў. Стаяць пустымі нішы, у якіх некалі былі фігуры святых Тэрэзы Авільскай і Яна ад Крыжа, рэфарматараў ордэна кармелітаў.


Унутры касцёл быў распісаны фрэскамі і меў пятнаццаць алтароў і капліцу Маці Божай Глыбоцкай. (Як і ў кожным прыстойным горадзе, у Глыбокім быў свой шанаваны абраз Багародзіцы).


Цяпер ад той аздобы засталіся толькі дубовыя дзверы XVII стагоддзя з выразанымі на іх постацямі васіліскаў — істот з антычнай міфалогіі (прыклад таго, як еўрапейская мода на антычнасць дасягала Глыбокага).

_belarus_hlybokae_kascjol_karmelitau_dzvery_2023_fota_novy_czas_logo.jpg


Добра ў летні дзень, калі на вуліцы спякотна, а ў святыні прахалодна, разам з царкоўным экскурсаводам падняцца на вежу і ўрэшце, адкрыўшы акно на вежы, паглядзець з вышыні на Глыбокае. На плошчу, на сетку вуліц, якая адпавядае дарогам, што заклаліся яшчэ некалькі стагоддзяў таму, на глыбоцкія азёры.


А вось малюнак з відам на касцёл Святой Тройцы ад касцёла кармелітаў вядомага сына Глыбоччыны, Язэпа Драздовіча, і фота з таго месца ўжо ў нашы дні.


На вуліцы Вольнай (былая вуліца Юзафа Пілсудскага) стаіць непрыкметны дом. Але ў ім бываў нобелеўскі лаўрэат Чэслаў Мілаш. Ягоны бацька Аляксандр Мілаш быў у 1936—1939 гадах павятовым дарожным інжынерам. 17 верасня 1939-га ён быў так «уражаны» прыходам «вызваліцеляў», якія ішлі «ўз'ядноўваць», што ён, яго жонка і сын Андрэй, брат паэта, толькі апрануліся і захапілі скрынку з сямейным срэбрам, скочылі ў свой «Ford» — адзін з, можа, паўтара дзясятка аўтамабіляў у міжваенным Глыбокім — і паехалі на Вільню, а адтуль праз мяжу ў Ковенскую Літву. На Мілаша б усе забыліся, але напісанае ўсё ж застаецца. Удалося знайсці і ягоныя згадкі пра Глыбокае ў кнізе «Rok myśliwego» («Ніколі не апісаў гэтага мястэчка. Найбольш карэнная Беларусь навокал, а тут барока паезуіцкіх касцёлаў і пасярод штэтл, вядомы з габрэйскай літаратуры і мастацтва Шагала, але такой гушчыні драўляных крамаў ані перад тым, ані пасля не бачыў. Выглядала гэта як адзін драўляны кораб з падзелам на асобныя крамы») і ў лістах да ягонага сябра, паэта Яраслава Івашкевіча.


А зараз варта трошкі адпачыць перад працягам і павольна пагуляць па Глыбокім.


Працяг будзе.
Калі вы хочаце, каб мы паказалі і вашы ўлюбёныя мясціны ў межах фотапраекта «Беларусь, якая чакае», напішыце нам. Распавядзіце, па якіх вуліцах, раёнах, гарадах і вёсках вы сумуеце, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.