Беларусь, якая чакае. Шляхетны Пінск. Частка І (фота)

У гэты горад мы намагаліся паехаць даўно, але кожны раз перашкаджалі розныя абставіны. Некаторыя нашы чытачы ўжо пачалі здзіўляцца: як гэта дагэтуль мы не здолелі пабываць у такім прыгожым і цікавым месцы? І вось, нарэшце, зоркі сышліся і нашы боты павольна крочаць па пінскіх вуліцах. 

_belarus_pinsk_tuman_2023_fota_novy_czas__3__logo.jpg

Пінская раніца аднаго з апошніх прыгожых вераснёўскіх дзён сустрэла нас шыкоўным туманам. Мала каму з вандроўнікаў шанцуе пабачыць такую прыгажосць, а самі пінчукі, верагодна, ужо прывыклі да такіх відовішчаў і спакойна ідуць па сваіх справах.

Вырашыць, з чаго пачаць агляд горада, — даволі складаная справа. Вочы разбягаюцца, а ногі самі крочаць у розныя бакі. Але мы ж дасведчаныя вандроўнікі і загадзя падрыхтаваліся да такога. Пачнём з пачатку — дакладней, з месца, якое першым параіць вам наведаць любы пінчук. Будынак Езуіцкага калегіума XVII стагоддзя вельмі ўражвае, прытым што гэта рэшткі вялікага езуіцкага манастырскага ансамбля, ад якога застаўся толькі калегіум і пара невялічкіх флігеляў. Калісьці тут віравала жыццё: узарваны савецкай уладай касцёл Святога Станіслава быў самым высокім у ВКЛ, у калегіуме працавалі тэатр, аптэка, друкарня, а сам манастыр лічыўся найбагацейшым у Беларусі. Зараз у будынку калегіума працуе Музей Беларускага Палесся, які мае досыць цікавую экспазіцыю.

Зусім побач вельмі папулярны ў інстаграмшчыкаў стары драўляны рачны вакзал Пінска, які, дарэчы, раз-пораз выконвае свае непасрэдныя функцыі, і дот часоў Першай сусветнай вайны. Яшчэ зусім нядаўна побач з «новым» мастом знаходзіліся апоры старога, на якіх мясцовым мастаком Яўгенам Сасюрам у 2015—2016 гадах былі створаны муралы з выявамі старажытнага Пінска. У 2019 годзе гэты выдатны арт-аб’ект быў знішчаны. Мясцовыя ўлады патлумачылі вар’яцтва нібыта перашкодамі рэканструкцыі новага маста і «дрэнным станам апор па выніках інжынернага абследавання», чым выклікалі вялікае абурэнне пінчукоў, якое так і засталося толькі абурэннем.

А вось невялічкі будынак, у якім зараз месціцца шахматна-шашачны клуб (дзе яшчэ такія засталіся, га?), мае даволі цікавую гісторыю. Ад мінулага стагоддзя да прыходу савецкай улады тут быў самы папулярны публічны дом горада. Напрыканцы 70-х гадоў мінулага стагоддзя аварыйны будынак улады хацелі зруйнаваць, але пінчукам, нягледзячы (а можа, і дзякуючы) на такое гістарычнае мінулае, атрымалася яго адстаяць, і на пачатку 1980-х у новым, такім жа доме, адкрыўся шахматны клуб.  

Выказваем сваю глыбокую пашану Карэннаму Пінчуку-Палешуку. Збіральны вобраз, створаны берасцейскім скульптарам Аляксеем Паўлючуком, спачатку прыйшоўся не вельмі даспадобы ганарлівым гараджанам, бо на праменадзе, ля пачатка якога ўсталявана скульптура, на вечаровыя шпацыры збіраліся гарадскія жыхары, а не сяляне. Але ж літаральна за некалькі дзясяткаў метраў меўся быць пінскі рачны кірмаш, на які прыязджала вельмі шмат жыхароў навакольных і не толькі вёсак. У размове з кімсьці, хто ганарліва адкіне назад галаву, загне мезенец і пачне «Па-першае, я...», можаце працягнуць — «з Пінска!» і будзеце мець рацыю.

Літаральна побач з Пінчуком-Палешуком стаіць дом, у якім месціўся «Анёльскі гатэль» ці «Дом Шміта» з рэстаранам і кабарэ — калісьці ўлюбёнае месца сустрэч пінчукоў перад праменадам. А крыху далей — былы гатэль «Парыж» альбо дом Калодных ХІХ стагоддзя, нашчадак уладальнікаў якога Мошэ Коль (Калодны) стане вядомым ізраільскім дзяржаўным дзеячам. Падчас шпацыру тут можна часта сустрэць прыгожага белага ката, які трымаецца незалежна і ганарліва.

Троху збочым з праменаду і завітаем да Палескага драматычнага тэатра, які знаходзіцца ў нязвыкла малым для тэатра, нібыта лялечным, будынку першага пінскага кінатэатра, пабудаванага на пачатку ХХ стагоддзя. Дарэчы, кінатэатр зваўся таксама незвычайна — «Казіно». Тэатр на 110 месцаў адкрыўся тут у 2006 годзе пасля рэстаўрацыі, у працэсе якой былі захаваны і вонкавае, і ўнутранае аблічча. У невялічкім дворыку побач стаяць драўляныя скульптуры герояў вядомай «Пінскай шляхты». Цікавы факт — амаль на ўсе пастаноўкі тэатра квіткі трэба набываць задоўга да спектакля.

А зараз накіроўваемся да візітоўкі горада і аднаго з галоўных яго гістарычных месцаў — унікальнага комплексу былога кляштара францысканцаў. Адзін з найстарэйшых манастыроў ВКЛ быў заснаваны ў 1396 годзе вялікім князем Жыгімонтам, сынам Кейстута. Падчас шматлікіх войнаў і канфліктаў драўляныя манастырскія будынкі неаднаразова гарэлі. Цяпер цяжка дакладна вызначыць час узвядзення першых каменных пабудоў, хутчэй за ўсё гэта 1710—1730 гады, але зусім не выключана, што і да таго часу на тэрыторыі комплексу ўжо былі каменныя будынкі. Касцёл Унебаўзяцца Найсвяцейшай Панны Марыі быў асвечаны ў 1730 годзе. Гэта адзіны з трох храмаў на Беларусі, якія маюць ганаровы тытул «basilica minor», што прысвойвае асабіста Папа Рымскі. Побач з касцёлам узвышаецца пінская «пізанская вежа» — званіца, пабудаваная ў 1817 годзе з удзелам вядомага архітэктара-пінчука Івана Жалтоўскага, якая троху адхіляецца ад вертыкальнай восі.

Раскошны інтэр’ер касцёла ўразіць нават самага спрактыкаванага вандроўніка — золата, разьба, шматлікія фрэскі і барочныя драўляныя скульптуры. А вы ведаеце, што правобразам знакамітай «Пінскай Мадоны» Альфрэда Рамера, якую можна пабачыць у касцёле, была простая габрэйская дзяўчынка з Пінска? Яшчэ адна ўнікальная рэч Касцёла Унебаўзяцца Найсвяцейшай Панны Марыі — самы стары з дзеючых і другі па памерах арган у Беларусі, які складаецца амаль з 1500 металічных і драўляных труб. Яго можна не толькі пабачыць, але і паслухаць падчас урачыстых богаслужэнняў і канцэртаў.

Пасля такой прыгажосці трэба даць сабе адпачыць, і мы традыцыйна павольна шпацыруем па местачковых невялічкіх вулічках. Працяг хутка будзе!



Калі вы хочаце, каб мы паказалі і вашы ўлюбёныя мясціны ў межах фотапраекта «Беларусь, якая чакае», напішыце нам. Распавядзіце, па якіх вуліцах, раёнах, гарадах і вёсках вы сумуеце, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.