Эксперт: Жорсткае рэгуляванне цэн не спыняе інфляцыю

Старшы навуковы супрацоўнік BEROC — пра прычыны росту інфляцыі ў Беларусі.

_hroszy___rubli___kapejki__fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas_logo_1_logo.jpg.webp

У лістападзе гадавая інфляцыя ў Беларусі паскорылася да 5,4%, у кастрычніку яна складала 3,7%. Аналітыкі ЕАБР адзначаюць, што паскарэнне росту коштаў назіраецца па ўсіх ключавых катэгорыях: харчовыя і нехарчовыя тавары, а таксама паслугі.

Сярод прычын росту гадавой інфляцыі называюць выхад з разліку нізкіх узроўняў лістапада 2022 года, высокі рост унутранага попыту і павышаны інфляцыйны фон у Расіі.

— У цэлым я згодна з асноўнымі прычынамі росту інфляцыі ў Беларусі, пра якія пішуць эксперты ЕАБР, — кажа старшы навуковы супрацоўнік BEROC Анастасія Лузгіна ў каментары «Салідарнасці». — Па-першае, гэта эфект таго, што летась было ўведзена жорсткае рэгуляванне коштаў. У лістападзе 2022 года цэны зафіксаваліся пасля ўвядзення рэгулявання. Калі ў кастрычніку мінулага года яны яшчэ раслі, то ў лістападзе гэты рост прыпынілі, адпаведна, дынаміка ў адносінах да бягучага года больш актыўна дае аб сабе ведаць.

Па-другое, адзначае эканаміст, сапраўды ўплывае павышаны інфляцыйны фон у Расіі. Цяпер расійскі Цэнтрабанк прымае меры па ўзмацненні жорсткасці грашова-крэдытнай палітыкі, падвысіўшы сваю ключавую стаўку да 16%. У Беларусі ж стаўка рэфінансавання — 9,5%.

У гэтым лістападзе інфляцыя ў Расіі склала 7,5% да лістапада мінулага года. Гэта больш высокі ўзровень, чым у Беларусі. Натуральна, цэны, якія ўсталяваліся ў Расіі, у пэўнай ступені ўплываюць на цэны ў Беларусі, таму што цяпер ідзе актыўная ўзаемасувязь эканомік Беларусі і Расіі — многія тавары з РФ імпартуюцца ў нашу краіну.

Адпаведна, павышаныя кошты ў расійскіх рублях таксама павышаюцца ў беларускіх, калі канвертаваць. Тым больш што цяпер запаволілася дынаміка зніжэння расійскага рубля да беларускага. Гэта значыць, цэнавы ціск у Расіі ўплывае і на агульны ўзровень цэн у Беларусі.

Трэці фактар — гэта высокі ўнутраны попыт. Лузгіна лічыць, што ён з'яўляецца адным з самых важных. Насельніцтва больш актыўна купляе. Расце попыт на спажывецкія тавары і паслугі, а таксама на інвестыцыйныя тавары ў прадпрыемстваў.


Глядзіце таксама

— Гэта адбываецца, бо ў нас мяккая эканамічная палітыка. З аднаго боку, бачны рост у рэальных заробках — з улікам інфляцыі плюс каля 16% год да года. Зарплата павышаецца, ствараецца попыт на тавары.

Тут трэба адзначыць, што попыт на тавары расце, а прапанова тавараў абмежаваная. У нас вырабляецца нейкі аб'ём, а нарасціць яго максімальна хутка немагчыма — вытворчыя магутнасці растуць не так хутка, як попыт.

Акрамя росту заробкаў, мае ролю крэдытаванне насельніцтва і прадпрыемстваў. У нас цяпер танныя крэдыты — спажывецкія ўзраслі ў насельніцтва з пачатку года на 30%, а гэта вельмі шмат. Дадамо да гэтага рост заробкаў, і гэта выліваецца ва ўнутраны попыт, які не заўсёды можа пакрыцца прапановай з боку вытворцаў.

Да таго ж, калі адбываецца рост заробкаў, растуць выдаткі вытворцаў, што таксама адбіваецца на інфляцыі. Не павышаць зарплаты часцяком немагчыма — прадпрымальнікі вымушаны іх павышаць, таму што хочуць альбо захаваць людзей, альбо прыцягнуць.

І вось атрымліваецца сітуацыя, калі нават з улікам дзяржаўнага жорсткага рэгулявання рос цэн пачынае паскарацца.

Калі прагназаваць сітуацыю па выніках снежня, то, хутчэй за ўсё, мы ўбачым дадатковы рост, лічыць эканаміст. Як мяркуецца, ён ўпішацца ў рамкі прагнозу на гэты год — максімум 6-7%. Што будзе ў наступным годзе, казаць складаней.

— Усё будзе залежаць ад таго, ці будзе працягнута мяккая эканамічная палітыка. У Расіі інфляцыю паспрабуюць збіць, над гэтым працуе Цэнтрабанк. Адпаведна, гэты фактар не будзе дзейнічаць на беларускі рынак.

А вось што тычыцца ўнутранага попыту, то тут пытанне. У нас на наступны год зноў запланаваны рост ВУП — 3,8%. Дасягнуць яго, хутчэй за ўсё, будуць старацца ранейшымі метадамі — стымулявальнай эканамічнай палітыкай.

Цяпер Нацыянальны банк прымае пэўныя крокі, напрыклад, хоча крыху зрабіць больш жорсткай грашова-крэдытную палітыку. Але гэта касметычныя меры. Рэальнымі мерамі, якія б спрыялі зніжэнню інфляцыі, было б павышэнне стаўкі рэфінансавання, як робіць Цэнтрабанк Расіі. Але пакуль мы не бачым, каб Нацбанк Беларусі на гэта ішоў.

Не думаю, што з улікам жорсткага рэгулявання цэны падскочаць да 20% у наступным годзе, але вышэй, чым у гэтым годзе, яны цалкам могуць быць.

Калі эканамічная палітыка, якая праводзіцца сёння, працягнецца, то, хутчэй за ўсё, выйдзем за рамкі прагнознага паказчыка інфляцыі на наступны год, г. зн. за рамкі росту на 6%.