Калі ўрад Беларусі саспее да «наменклатурнага перавароту»?

Падобна, што Лукашэнка трапіў у пастку, якую сам доўгі час і ствараў. Мы прывыклі да таго, што перад (або пасля) знакавымі палітычнымі кампаніямі ён змяняе ўрад. Таму ён пазначае ўраду планы, якія падаюцца непад'ёмнымі — каб было за што звольніць. Але Галоўчанка, як аказалася, хутка вучыцца, і цяпер гэта ўжо не той старшыня Дзяржваенпрама, які стаў прэм'ерам у 2020-м.

_113912713_gettyimages_1224573493.jpg

Прычым Галоўчанка пацешна дзейнічае ў рамках усё той жа армейскай парадыгмы: галоўнае, каб на паперы ўсё было добра. А на паперы ў яго сапраўды ўсё добра.

«Раман Аляксандравіч, давайце публічна дамовімся так. Каб вы не крыўдзіліся. Не выканаеце сёлета паказчыкі, якія мы давялі, вы ўсё роўна, першымі вы і першы віцэ-прэм'ер, сыходзіце ў адстаўку. Вось, каб журналісты бачылі, людзі разумелі», — казаў Лукашэнка Галоўчанку ў чэрвені гэтага года. «Зробіце — дзякуй, ордэны, узнагароды. Не выканалі — трэба па-мужчынску паступіць. Таму давайце так і дамовімся, каб не было крыўды потым», — прапанаваў Лукашэнка прэм'еру.

«Добра», — пагадзіўся Галоўчанка.

Тады падбіваліся вынікі працы эканомікі за паўгоддзе, і рост эканомікі за той перыяд складаў 1%. Наўрад ці Лукашэнка меркаваў, што за паўгода можна «скокнуць» на 3%.

Афіцыйныя вынікі лістапада — рост ВУП 3,8% (тыя самыя прагнозныя паказчыкі), сярэдні заробак за кастрычнік — 1971,2 рубля ($582,8), афіцыйная інфляцыя ў лістападзе 5,4% (прагноз — 7-8%).

Ну і што, што сярэдні заробак насельніцтва краіны ў вочы не бачыла, а вышэй за 1500 рублёў зарабляюць толькі 12 працэнтаў ад усіх беларусаў. Ну і што, што рэальную інфляцыю насельніцтва адчувае не ў 5,4%, а 12%, а эканамісты на ўсю моц кажуць пра «інфляцыйны навес», які ўтварыўся ў выніку жорсткага рэгулявання коштаў. Ну і што, што ў нас закрываюцца рытэйлы, хоць, па сведчаннях урада, фіксуецца рост рознічнага тавараабароту на 8,2%. Галоўнае — паказчыкі выкананы. На паперы — усё добра.

І як пры гэтым Лукашэнка выставіць сябе «добрым панам», які клапоціцца пра народ, калі «дрэнныя баяры» пастаянна ўсё псуюць? На каго яму цяпер звальваць усе правалы, якія, па прагнозах эканамістаў, праявяць сябе ў будучым годзе? Нават калі не казаць пра тое, што гэтых «дрэнных баяр» ён прызначае сам, атрымліваецца ж, што Галоўчанка выканаў усе ўказанні Лукашэнкі. А хто будзе адказны за розніцу паміж лядоўняй і тэлевізарам? За тую ж афіцыйную сярэднюю зарплату, якую людзі ў сябе ў кашальках не бачаць?

Вось і даводзіцца цяпер Лукашэнку выкручвацца. То «малочную справу» прыдумаюць з «заступнікамі ва ўрадзе», то біятэхналогіі ў нас працуюць «крыху не так», а на апошняй нарадзе Лукашэнка і зусім абвінаваціў Галоўчанку ў правале... меліярацыі!

«Дамовіліся аб неабходнасці з 2023 па 2025 год аб'ёмы меліярацыйных мерапрыемстваў патроіць у адносінах да паказчыка 2021 года. Як мне дакладвае профільны віцэ-прэм'ер, патроілі сёлета. Але што мяне здзіўляе: усё паламана, усё зламана, ратаваць трэба меліярацыю як галіну... Хмызнякі, Раман Аляксандравіч, будзеце высякаць сякерай і рыдлёўкамі. Гэта павінны рабіць сельскагаспадарчыя прадпрыемствы — культуртэхнічныя мерапрыемствы. А меліярацыю будзем весці так, як належыць па навуцы», — сказаў правадыр Галоўчанку.

Дасталася і «Амкадору», які павінен быў забяспечыць вытворчасць тэхнікі. «Дзе гэта? Вы ж прыходзілі і плакаліся за «Амкадор» разам з Галоўчанкам: дапамагчы трэба, грошы выдаткаваць. Мы куды грошы вылучаем?» — абурыўся кіраўнік краіны.

Паводле слоў Лукашэнкі, з запланаваных да пастаўкі на 2023 год 188 адзінак «амкадораўскай» тэхнікі на 12 снежня пастаўлена 64 — траціна. Траншэекапальнікаў — толькі адзін з 14. Дык што ж робіць «Амкадор»?

Бяда-бяда! Калі б Лукашэнка, трымаючыся за ўладу пасінелымі пальцамі, не зладзіў «палітычную праполку» пасля 2020-га, не выгнаў бы і не задушыў усе незалежныя СМІ ў краіне, ён бы ведаў, куды знікаюць выдаткаваныя на «Амкадор» дзяржаўныя сродкі. Пра гэта пісалі, і ўжо не раз. Але ж кажуць, што свабодныя СМІ — гэта вартавы дэмакратыі, а дэмакратыяй у Сінявокай і не патыхае. І таму Лукашэнка не ведае важных для яго рэчаў.

Глядзіце таксама

А пасля разносу Галоўчанкі той жа Лукашэнка запатрабаваў ад урада... «выразную і зразумелую сістэму рэгулявання коштаў». Так-так, у кастрычніку мінулага года менавіта Лукашэнка вырашыў пакрасавацца перад народам і забараніў падвышаць кошты — аж да крымінальнай адказнасці. Сёння ён зноў заяўляе, што адступлення ад прынцыпу рэгулявання коштаў не будзе. «Ні налева, ні направа не будзе. Гэта пытанне маральнае, стратэгічнае. Але, галоўнае, гэта пытанне справядлівасці», — сказаў ён.

А вось урад павінен выкруціцца і зрабіць так, каб «ніякія вытворцы, бізнесмены і іншыя не бегалі ў МАРГ або ўрад і ўзгаднялі кошты. З першага студзеня павінна быць выразная і зразумелая сістэма».

Да першага студзеня засталося 10 дзён, і зрабіць за гэты час «выразную і зразумелую сістэму» можна двума спосабамі. Першы: напісаць справаздачу, што выразная і зразумелая сістэма гатовая. І другі: вярнуць усё, як было, аж да адмены рэгулявання коштаў. Тады было ўсё проста і зразумела.

Але адступлення ад прынцыпу рэгулявання цэн не будзе. Галоўчанку зноў прыйдзецца рабіць справаздачу.

Цікава, ці ўсведамляе Лукашэнка, што сваімі ідэямі і прыдзіркамі ён усё больш раздражняе тых, хто знаходзіцца побач з ім? Ва ўрадзе ўсё ж сядзяць жывыя людзі, і калі-небудзь ім надакучыць дзейнічаць у рэжыме «місія невыканальная», атрымліваючы за свае намаганні толькі папрокі і наганяі. Пры гэтым яны ж, ва ўрадзе, людзі недурныя, і не могуць не разумець, што асноўныя праблемы ў працы стварае ім менавіта Аляксандр Лукашэнка.

Калі яны вырашаць, што час пазбавіцца ад гэтага раздражняльнага фактару з яго вар'яцкімі ідэямі?

Ці далёка засталося Лукашэнку да «наменклатурнага перавароту»? Па-мойму, ён рухаецца да такога развіцця падзей сямімільнымі крокамі. І ад «нажа ў спіну» (можа, і ў літаральным сэнсе) ад найбліжэйшых, здавалася б, паплечнікаў яго не абароніць ніякі ГУБАЗіК.