Былы вагнеравец заявіў аб гатоўнасьці сьведчыць па справе аб вывазе ўкраінскіх дзяцей у Беларусь
Ігар Салікаў зьвярнуўся ў Міжнародны крымінальны суд з заявай аб жаданьні даць сьведчаньні аб ваенных злачынствах Расеі.
Ігар Салікаў, колішні палкоўнік расейскай арміі, які ваяваў у прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр», прыбыў у Нідэрлянды, каб даць сьведчаньні ў Міжнародным крымінальным судзе аб ваенных злачынствах Расеі ва Ўкраіне.
Нідэраляндзкі тэлеканал «EenVandaag» паведаміў, што мае пісьмовую заяву Ігара Салікава ў Міжнародны крымінальны суд аб жаданьні даць сьведчаньні. Перад гэтым тэлеканал запісаў зь ім інтэрвію праз Skype, заўважыла «Свабода».
Ігару Салікаву 60 гадоў. Ён паведаміў, што каля 25 гадоў служыў у расейскай арміі і мае званьне палкоўніка. Пасьля ваяваў у Сірыі, Афрыцы і ва Ўкраіне ў складзе ПВК «Вагнэр».
У сваёй заяве ў Міжнародны крымінальны суд колішні расейскі вайсковец паведаміў, што загады ПВК «Вагнэр» звычайна прыходзілі непасрэдна зь Міністэрства абароны Расеі, а часам «нават з адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна».
Тэлеканал паведаміў, што Ігар Салікаў расказаў аб апэрацыях «пад чужым сьцягам» у Данецку, калі на мінах гінулі цывільныя грамадзяне і дзеці. У той жа час, паводле яго, сэпаратысты абстрэльвалі горад Данецк, каб потым абвінаваціць у гэтых злачынствах украінскую армію.
«Я быў сьведкам зьверстваў супраць мірнага насельніцтва», — сказаў Ігар Салікаў. Паводле яго слоў, з палонных вайскоўцаў таксама зьдзекаваліся і расстрэльвалі.
«Я бачыў, як людзі з спэцслужбаў вывозілі вялікую колькасьць дзяцей без бацькоў празь мяжу ў Беларусь», — дадаў ён. Паводле яго слоў, у перамяшчэньні дзяцей у Беларусь удзельнічалі «цэлыя калёны супрацоўнікаў ФСБ на легкавых машынах і невялікіх мікрааўтобусах».
Расейскі вайсковец паведаміў, што хоча зьвярнуцца да Міжнароднага крымінальнага суду, бо «страціў веру ў справу Расеі», а таксама дадаў, што летась ён адмовіўся выконваць загад аб расстрэле цывільных.
Паводле афіцыйных дадзеных украінскіх уладаў на сьнежань 2023 году, з 24 лютага 2022 году з Украіны ў Расею дэпартавалі 19 546 дзяцей. Гэта толькі тыя выпадкі, якія ўдалося зафіксаваць афіцыйна. Расейскі бок, у сваю чаргу, заяўляе аб 700 тысячах вывезеных дзяцей.
Міжнародны крымінальны суд у Гаазе 17 сакавіка 2023 году выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна і расейскай упаўнаважанай па справах дзяцей Марыі Львовай-Бяловай. Ім ставяць у віну адказнасьць за незаконную дэпартацыю дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Расею.
Варта дадаць, што аб вывазе дзяцей з акупаваных
тэрыторыяў адкрыта кажуць і прадстаўнікі беларускага рэжыму, уключаючы
Лукашэнку. Але яны настойваюць на тым, што гэта адбывалася са згоды афіцыйных
прадстаўнікоў дзяцей. Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне на чале з Паўлам
Латушкам дамагаецца таго, каб ордэр на арышт Міжнародны крымінальны суд выдаў і
на Лукашэнку.