У МАРГ падлічылі свой «індэкс аліўе». Ці супадае ён з рэальнасцю?

Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў у праграме «Наш час» на тэлеканале АНТ распавёў, ці падаражэла салата «Аліўе» для беларусаў. Ён таксама адказаў на пытанні аб магчымасці інфляцыі і цэнавай палітыцы пасля Новага года.

Фота з ne-dieta.ru

Фота з ne-dieta.ru

«Калі аналізаваць цэны на інгрэдыенты, якія ўваходзяць у знакамітую навагоднюю салату, то частка з іх патаннела, а частка падаражэла. Напрыклад, вараная каўбаса падаражэла на 2,4% — гэта шмат ці мала? На кілаграм — гэта пара капеек. У цэлым на інгрэдыенты, якія выраслі [па цане] яны падаражэлі ад 2,5 да 5%. А, напрыклад, бульба патаннела па ўзроўні мінулага года на 17,6%. Таму баланс будзе захаваны па ўзроўні мінулага года», — распавёў Багданаў.

Але гэтая заява значна адрозніваецца ад таго, што беларусы бачаць у крамах. Зусім нядаўна незалежныя СМІ палічылі свой «індэкс аліўе», зыходзячы менавіта з цэн у буйных рытэйлераў. Выявілася, што з 2020 года інгрыдыенты да салаты падаражэлі амаль на 40%.

Таксама Багданаў заявіў, што сістэма дзяржаўнага рэгулявання і цэнаўтварэння «даказала сваю эфектыўнасць у гэтым годзе», а прагнозы аб тым, што ў Беларусі пасля Новага года «рване інфляцыя», назваў «смешнымі».

«Мы кантралявалі рост цаны штомесяц. Такая ж сістэма ўжо зробленая для прагнозу інфляцыі на 2024 год, які паказаны прэзідэнтам як 6%», — заявіў чыноўнік.

Ён расказаў, што па новай сістэме суб'ектам гаспадарання стане зразумела, на колькі можна павышаць цэны, калі гэта неабходна.

«Кіраўнік дзяржавы даручыў забяспечыць кіраванне сістэмай цэнаўтварэння на больш эфектыўным узроўні, гэта значыць развіваць тое, што мы сёння ўжо маем. Яшчэ грунтуючыся на тым, каб не было хаджэння па пагаджальным органам, каб усім суб'ектам гаспадарання было зразумела, на колькі можна павышаць, калі гэта неабходна, а калі ты хочаш вышэй планкі, тады трэба даказаць, што гэта неабходна», — сказаў міністр.

Тут Багданаў супярэчыць нават дзяржаўнай статыстыцы. Па афіцыйных даных, за лістапад інфляцыя склала 5,4%, і гэта амаль утрая больш, чым два месяцы таму. Відавочна, што «смешныя прагнозы» збываюцца ўжо цяпер.

Глядзіце таксама

І яшчэ міністр закрануў тэму беларускіх тавараў у прыкасавай зоне крам.

«Мы ўжо за гэтую тэму ўзяліся, тут важная сустрэчная праца як вытворцаў, так і суб'ектаў гандлю. У чым асноўная праблема? Трэба знайсці той тавар, які можна пакласці ў прыкасавую зону. Туды не пакладзеш тавар вялікага фармату. Гэта павінна быць рэч у добрай і якаснай упакоўцы, з адпаведнымі характарыстыкамі. Таму мы ўжо правялі сустрэчу з прадпрыемствамі канцэрна Белдзяржхарчпрам, паклікалі туды ўсе гандлёвыя арганізацыі і, так бы мовіць, злучылі два крылы гэтага бізнесу на адной пляцоўцы. Паказалі, што вытворцы нашы гатовыя і здольныя гэта выкладваць, азнаёмілі з гэтай прадукцыяй. Праца сёння ўжо ідзе», — заявіў Багданаў.

Атрымліваецца, беларускім прадпрыемствам проста няма чаго пакласці ў гэтую прыкасавую зону. Відавочна, што жуйкі, батарэйкі і вільготныя сурвэткі нашая прамысловасць не вырабляе, а аднымі шакаладнымі батончыкамі ад «Спартака» прыкасавыя зоны не напоўніш…

Паводле Reform.by