Індэкс аліўе-2023: на колькі за 10 гадоў падаражэла навагодняя салата?
Спадчына СССР: на Новы год у кожнага на стале павінна быць салата «аліўе». Яна мае мала агульнага са стравай, якую прыдумаў французскі повар Люсьен Аліўе, і куды ўваходзілі птушыная дзічына, цялячы язык, ракавыя шыйкі і паюсная ікра. Але тым не менш…

Напярэдадні Новага года BGmedia паглядзела, як змяніліся цэны на інгрэдыенты для салаты, і склалі традыцыйны для выдання індэкс аліўе.
Для чысціні эксперыменту, як і кожны год, выкарыстоўваўся традыцыйны савецкі рэцэпт салаты з разліку на восем порцый. Гэта значыць, вараная каўбаса замест дзічыны і салёны гурок замест паюснай ікры. Цэны глядзелі на сайце «E-дастаўка». Вось што ў нас атрымалася.

У выніку раскашэліцца на аліўе ўласнага прыгатавання сёлета давядзецца мінімум на 9,76 BYN. Гэта на 39% больш, чым тры гады таму. Менавіта тады выданне апошні раз лічыла індэкс салаты аліўе, зыходзячы з коштаў у крамах. На той час яе кошт складаў 7,02 BYN.
У параўнанні з 2020-м больш за ўсё паднялася ў цане каўбаса. Гаворка пра 73% за тры гады. Таксама падаражэлі яйкі, морква, гарошак і маянэз. А вось бульба і марынаваныя агуркі, наадварот, патаннелі. Нязначна, але ўсё ж.
Для зручнасці і нагляднасці склалі параўнальную табліцу коштаў на інгрэдыенты салаты за 2020 і 2023 гады. Указаны мінімальныя цэны ў рублях, падгледжаныя ў адной з гандлёвых сетак Брэста 2 снежня 2020 года і з сайта «E-дастаўка» 12 снежня 2023 года.

Як змяніўся індэкс аліўе за 10 гадоў?
Мы знайшлі даныя ў сваім архіве. У 2013-м для падрыхтоўкі культавай салаты берасцейцу трэба было мінімум 4,82 BYN. Гэта ў два «з хвосцікам» разы танней, чым праз 10 гадоў.