Дакладна катастрофа? Што не так у прапагандысцкім параўнанні цэнаў у Беларусі і Літве

У сярэдзіне снежня малады інтэрнэт-партал «Точка» апублікаваў артыкул «Рыхтуемся накрываць навагодні стол у Мінску і Вільні — дзе танней». Прачытаўшы яго, беларусы, якія рэдка бывалі за мяжой, жахнуліся: розніцу ў коштах можна без перабольшання назваць драматычнай не на карысць Літвы. А вось суайчыннікі, якім даводзіцца жыць у Вільні, вельмі здзівіліся.

img_0288_1_logo.jpg

Праект «Вашы грошы» вырашыў спраўдзіць цэны ў Вільні, спрабуе растлумачыць прычыны гэтага здзіўлення і падбіць навагоднюю бухгалтэрыю яшчэ раз.

Маніпуляцыі з малюначкам жыцця ў суседняй краіне — любімы занятак прапагандыстаў. Пры жаданні, займаючыся гэтай няхітрай справай, можна адштурхоўвацца адразу ад жаданага выніку: хочам, напрыклад, расказаць пра тое, як няшчасныя літоўцы купляюць кансерваваны гарошак па цане чырвонай ікры, і шукаем адпаведныя цэны ў адпаведнай краме. У краіне, дзе эканоміка жыве паводле правілаў свабоднага рынку, кошты могуць быць вельмі рознымі. Робім фатаграфію, факт задакументаваны — не прычапіцца!

У артыкуле «Точкі» сцвярджалася, што многія прадукты ў літоўскіх крамах даражэйшыя чым у Беларусі ў разы. Часам нервы ў журналіста здавалі, і ён сканчаў параўнанне клічнікам, падкрэсліваючы цяжкую долю ў Літве «тых, хто з'ехаў».

Напрыклад, кілаграм варанай каўбасы ў Беларусі (піша аўтар выдання) каштуе 9,93 рублі, а ў Вільні — цэлых 36,7 рублёў! (усе кошты будзем прыводзіць у беларускіх рублях па курсе Нацбанка, каб не было блытаніны). Мы таксама зайшлі ў некалькі крамаў літоўскай сталіцы, паглядзелі на прылаўкі і вось што ўбачылі: у сеткавай IKI «Доктарская» каштуе 18 рублёў, у Norfa — 13 рублёў, а ў Rimi — цэлых 22 рублі. Так, гэта даражэй, але пагадзіцеся 13 рублёў — гэта далёка не 36.

Пры жаданні, вядома, можна знайсці і такія кошты, але мы гаворым пра звыклыя кошты, па якіх робяць пакупкі жыхары і госці літоўскай сталіцы.

Далей мы пойдзем па спісе, параўноўваючы і каментуючы. А высновы вы рабіце самі.

Пазіцыя «зялёны гарошак» — гаворка ідзе пра кансерваваны гарошак, а яшчэ дакладней — пра марку Bonduelle. У Віленскай Maxima журналіст знайшоў яго коштам 14 рублёў 25 капеек за кілаграм, а ў Беларусі — 11 рублёў 83 капейкі. Мы даследавалі яшчэ тры літоўскія крамы і знайшлі там падобны прадукт па наступным кошце: IKI — 17 рублёў 6 капеек, Lidl — 5 рублёў 59 капеек, Rimi — 17 рублёў 43 капейкі. Як вы бачыце, можна знайсці цэны нават вышэй, а можна — у тры разы ніжэй. Паўторымся, што гаворка ідзе пра кошты за кілаграм прадукту, а не за адзін слоік, таму што ён бывае ў рознай фасоўцы, напрыклад, у Літве звыклыя нам банкі Bonduelle на 20 грамаў лягчэйшыя.

Цяпер — яйкі. Журналіст знайшоў іх у Беларусі па 4 рублі за дзясятак, а ў Літве па 10 рублёў, пры гэтым у Мінску глядзелі памеры С1, а ў Вільні X і L. Мы прайшліся па чатырох літоўскіх крамах: у IKI яйкі каштавалі 7 рублёў 52 капейкі, у Norfa — 6 рублёў 86 капеек, у Lidl — 4 рублі 77 капеек, а ў Rimi 7,86 рублёў. Як бачыце, кошты, калі ведаць дзе глядзець, адрозніваюцца зусім не ў 2,5 разы.

Наступнай вывучым кошт бульбы. Нашы калегі знайшлі яе ў беларускіх крамах па 86 капеек, а ў літоўскіх — па 2 рублі 71 капейцы. Для пачатку нагадаем, што ў краіне, дзе бульбу некаторыя лічаць нацыянальным здабыткам, якасць гэтай гародніны настолькі нестабільная, што яе адмовіліся закупляць у McDonald's (дарэчы, новы дзіўны брэнд, адкрыты на руінах сусветна вядомай сеткі, неяк змяніў сваю пазіцыю ў дачыненні да айчынных прадуктаў? Пішыце, калі нешта пра гэта ведаеце). Разам з тым, вывучыўшы крамы Вільні, мы ўбачылі, што ў IKI бульба каштуе 1 рубель, у Lidl — 2 рублі 6 капеек, а ў Rimi — 2,57 капеек. Гэта значыць, знайсці амаль такую ж дарагую бульбу ўдалося, але прыйшлося прыкласці да гэтага намаганні.

Глядзіце таксама

Сур'ёзныя пытанні ў нас і да выбару маянэзу. У артыкуле пазначана, што ў Мінску яго кошт 14 рублёў 7 капеек за кілаграм, а ў Вільні — 27 рублёў 87 капеек. І трэба сказаць, што ў Літве знайшоўся вельмі дарагі прадукт. Мы пастараліся і знайшлі яшчэ даражэй — у Lidl адна з прэміяльных марак каштуе 31 рубель 79 капеек. Але, разам з тым, цалкам можна знайсці маянэз у IKI за 17 рублёў 13 капеек, у Rimi за 16 рублёў 89 капеек, а ў Norfa і зусім за 8 рублёў 56 капеек — атрымліваецца нават значна танней, чым у Беларусі.

Вельмі дзіўныя метамарфозы мы заўважаем і ў падліку кошту селядца. У Мінску яго кошт, мяркуючы з фота, складае 17 рублёў 28 капеек за кілаграм, а ў Вільні знайшлі прадукт з «падобнай назвай» за 40 рублёў 60 капеек і ахрысцілі яго «залатым». Гэта трэба было сапраўды пастарацца, каб такі дарагі прадукт знайсці. Згодны, выглядае як «залаты» і купляецца далёка не ўсімі. А вось рэальныя кошты з крамаў: IKI — 22 рублі, Norfa — 14 рублёў 72 капейкі, Lidl — 23 рублі 20 капеек, Rimi — 21 рубель 38 капеек.

Яшчэ адно сцвярджэнне, якое прымушае знаходзіцца ў здзіўленні, тычыцца кошту крабавых палачак. У Беларусі, на думку журналістаў, яны каштуюць 19 рублёў 70 капеек за кілаграм, а ў Літве цэлых 54 рублі 74 капейкі. Верагодна, такія кошты сапраўды дзесьці ёсць, але мы іх не знайшлі. Беглы погляд па прылаўках наведаных намі крам паказаў, што ў IKI крабавыя палачкі каштуюць 18 рублёў 19 капеек, Norfa — 19 рублёў 15 капеек, Lidl — 10 рублёў 12 капеек, Rimi — 26 рублёў 1 капейка.

Як вы бачыце, нават самы дарагі са знойдзеных намі прадуктаў каштуе ўдвая менш названага прапагандыстамі, а самы танны — амаль удвая таннейшы за беларускі аналаг.

Што тычыцца кансерваванай кукурузы, мы гатовыя пацвердзіць, што цэны, названыя ў артыкуле, пераклікаюцца з рэальнасцю. Пазначана, што ў Мінску яна каштуе 12 рублёў 12 капеек за кілаграм, а ў Вільні — 22 рублі 9 капеек. Мы знайшлі наступныя цэннікі: IKI — 22 рублі, Norfa — 14 рублёў 72 капейкі, Lidl — 23 рублі 20 капеек, Rimi-21 рубель 38 капеек. Гэта значыць, у большасці крам цэны нават вышэй, чым пазначаны ў артыкуле, але ўсё ж можна знайсці і прадукт танней.

Наступнай у спісе значыцца курыца. У Мінску яе знайшлі коштам 6 рублёў 80 капеек за кілаграм, а ў Вільні — за 18 рублёў 84 капейкі. Вельмі вялікая разбежка. Мы праверылі, і зноў выявілася, што ў Літве можна знайсці кошты ніжэйшыя: у IKI курыца каштуе 11 рублёў 12 капеек, хоць у Rimi — ужо 18 рублёў 84 капейкі.

Глядзіце таксама

Цяпер невялікае лірычнае адступленне. Усе тавары, якія мы тут разглядаем, можна падзяліць на дзве катэгорыі. Першая — гэта проста прадукты: каўбаса, маянэз і да таго падобнае. Відавочна, што ёсць мноства вытворцаў, якія канкуруюць адзін з адным, з вельмі рознымі коштамі і якасцю, а значыць, разбежка ў кошце паміж гэтымі прадуктамі можа быць вельмі вялікай.

А вось з другой катэгорыяй усё нашмат прасцей, гэта — канкрэтныя брэнды. Пэўная марка кавы, цукерак або алкаголю вырабляецца адным вытворцам, і стартавая цана ў іх больш-менш аднолькавая для ўсіх. Гэта ўжо потым да яе дадаюцца падаткі, акцызы або маржа кантрабандыстаў (для некаторых краін). І вось у гэтым сегменце прадуктаў мы бачым зусім іншую карціну.

Цукеркі Raffaello, мяркуючы па інфармацыі журналіста, каштуюць у Беларусі 117 рублёў 50 капеек за кілаграм, у той час як у Літве кошт адчувальна меншы — 91 рубель 29 капеек. Мы знайшлі яшчэ больш нізкі цэннік — у IKI Raffaello можна купіць за 77 рублёў 64 капейкі.

Папулярная марка кавы Lavazza ORO прадэманстравала дзіўную стабільнасць цэны ў дзвюх краінах. У Беларусі, як пішацца ў артыкуле, кілаграм молатага каштуе 82 рублі 92 капейкі, а ў Літве — 82 рублі 23 капейкі. Пацвярджаем, мы ўбачылі наступныя кошты: IKI — 82 рублі 23 капейкі, Rimi — 89 рублёў 9 капеек.

У артыкуле «Точкі» мы можам убачыць, што Martini Asti каштуе ў Беларусі 46 рублёў 99 капеек, у той час як у Літве — 28 рублёў. Мы знайшлі нават крыху танней, у IKI і Rimi напой каштуе цяпер 27 рублёў 42 капейкі.

Мы бачым, што большасць еўрапейскіх брэндаў у Літве каштуюць хоць трохі, але танней, і гэта цалкам апраўдана, бо вырабляюцца гэтыя тавары на тэрыторыі Еўрасаюза, што значна скарачае выдаткі на лагістыку, выключае некаторыя падаткі і пошліны.

«Ці варта беларусам ехаць у суседнюю краіну дзеля эканоміі на святочным стале?» — такім пытаннем задаецца журналіст «Точкі». Відавочна, што ў сваім артыкуле ён спрабуе наглядна прадэманстраваць, што сэнсу адпраўляцца на пераднавагоднія закупкі ў Літву ніякага няма. Мала таго, паглядзеўшы на фатаграфіі цэннікаў «беларус непадрыхтаваны» і зусім можа зарачыся ад паездак у суседнюю краіну: як яны там наогул выжываюць у гэтай вар'яцкай дарагоўлі?

Спадзяемся, у нас атрымалася даказаць, што ўсё далёка не так страшна, як нам спрабуюць прадставіць. Ці паедуць беларусы за доктарскай каўбасой і гарошкам у Літву? Вядома не, у нас у краіне яна адчувальна танней. Але яны па бульбу і маянэз у Літву і раней не ездзілі.

А вось з канкрэтнымі брэндамі справы ідуць інакш. Эканамічная і палітычная ізаляцыя, у якую цяпер трапіла краіна, значна падвысіла кошты на розныя радасці «заходняга свету», такія як добры шакалад, алкаголь, якасную каву. Менавіта за гэтым беларусы ездзілі ў Літву, і многія з гэтых тавараў дагэтуль выгадна везці ў Беларусь.