Львоўскі: У тым, што наша эканоміка ператварылася ў стагнуючую, галоўную ролю адыгрывае Лукашэнка

Акадэмічны дырэктар BEROC, доктар эканамічных навук кажа, што жыць у Беларусі сапраўды стала лепш — гледзячы з чым параўноўваць. Але чаму беларускія прапагандысты параўноўваюць стан краіны не з апошнім дзесяцігоддзем, а з перыядам 30-гадовай даўніны?

_krama_handal_pustyja_polki_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1_.jpg

— Ніякага скажэння няма, жыць сапраўды сталі лепш! Можна параўноўваць не з 1990-мі, а з пачаткам XX стагоддзя, з XVI стагоддзем, — з іроніяй кажа эканаміст у эфіры «Звычайнага ранку». — У Беларусі адсутнічае тыф, людзі могуць карыстацца пеніцылінам і іншымі навамоднымі вынаходствамі. Людзі не жывуць у зямлянках.

Беларусы больш не гінуць на войнах з Маскоўскім княствам, не трэба змагацца з Тэўтонскім ордэнам. Таму ў цэлым усё даволі нядрэнна.

Калі параўноўваць з такімі вялікімі гарызонтамі, сапраўды ўсё добра. Мы жывем лепш, чым 30 і 100 гадоў таму. Ёсць тэхналагічны прагрэс у свеце, ёсць ён і ў Беларусі. Таму такія параўнанні выглядаюць даволі выгаднымі.

Вось параўноўваць з тым, што было 10 гадоў таму, у нас чыноўнікі не любяць. Таму што аказваецца, што за гэты час мы асабліва нікуды не выраслі. А калі параўноўваць з тым, што было 30 гадоў таму, то ўсё і нядрэнна.

Львоўскі лічыць дзіўным, што беларускія чыноўнікі сёння прыводзяць параўнанне з ужо даволі далёкім мінулым. Паводле яго, звычайна такія параўнанні пачынаюцца, калі ўсё ўжо вельмі дрэнна.

— Здаецца, цяпер не час рабіць такія параўнанні, таму што ўсё не так ужо і дрэнна. Таму ёсць некалькі варыянтаў. Першы — просты, ён заключаецца ў тым, што няма ніякай тэорыі змовы, проста чыноўнікі знайшлі нейкую прыгожую лічбу, што ў параўнанні з 1990-мі мы жывем у сем разоў лепш. Вось і пачалі бегаць з гэтымі лічбамі і піярыць іх.

Другі варыянт — яны пачынаюць рыхтавацца да новай выбарчай кампаніі і хочуць паказаць людзям: маўляў, глядзіце, як папрыгажэла Беларусь пры Лукашэнку. Але папрыгажэць без Лукашэнкі ў нас не было магчымасці, мы не можам паглядзець альтэрнатыўнае развіццё гісторыі.

Эканаміст адзначае, што сучасную эканамічную гісторыю Беларусі можна падзяліць на тры этапы:

— Першы — з атрымання незалежнасці і да 1995 года. У гэты перыяд эканоміка падала з-за перабудовы сістэмы.

Другі, ён жа самы лепшы перыяд з пункту гледжання эканомікі, — з 1995 па 2008 год. Гэта быў аднаўленчы і даганяючы рост. Мы раслі вялікімі тэмпамі, паколькі былі канкурэнтаздольнымі на сусветным рынку: можна было купіць працу высокаадукаванага беларуса за капейкі.

І вось тут важны момант: калі вы даходзіце да сярэдняга даходу, то далей рост магчымы, калі праводзіць дэмакратызацыю і лібералізацыю. Да сярэдняга даходу не важна, што ў краіне з правамі чалавека, інфраструктурай — калі ваша праца занадта танная, любы завод будзе рады адкрыцца ў вас і працаваць у парушэнне ўсіх нормаў, паколькі ўсе рызыкі будуць пакрывацца таннай працай.

Але пачынаючы з сярэдняга даходу вы ўжо не настолькі прывабныя. Цяпер трэба нешта рабіць са сваёй галавой: вырошчваць людзей з прадпрымальніцкім, вынаходлівым патэнцыялам, людзей, якія думаюць. І каб іх вырошчваць, патрэбны лібералізацыя і дэмакратызацыя.

У нас гэтага не адбылося, і мы запалі ў стагнацыю. Таму перыяд з 2008 года можна назваць страчаным дзесяцігоддзем, калі мы адсталі ад усіх еўрапейскіх суседзяў.

З 2008 года ў нас не адбываецца ніякага росту, паколькі сярэдні рост у 1% лічыцца стагнацыяй. І ў тым, што наша эканоміка ператварылася ў стагнуючую, адыгрывае галоўную ролю Лукашэнка.

Паводле «Салідарнасці»