«Калі рэальнасць не адпавядае тэлевізару, то тым горш для рэальнасці»

Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» разважае, на чым у некага грунтуецца пачуццё сваёй геніяльнасці і пра небяспеку ліслівасці. Бо рэальнасць— бессардэчная сцерва. Заўсёды наносіць зваротны ўдар.

fota_aryny_sjankevicz_novae14.06_logo.jpg

А ты ведала, што сёй-той «унікальны», даруй, Госпадзе, «аналітык» якіх у свеце больш няма? А што нам з ім «так пашанцавала»? Не ведала? І я не ведаў. Таму што я памятаю, у кагосьці Парашэнка — прэзідэнт Украіны, Трамп засядае ў Белым доме, Еўропа аб'ядналася з Расеяй, а Украіна прайграла вайну за тры дні. Прычым, прайграла ўжо не па адным разе.

А Качанава ведала. Вось таму Качанава — старшыня Савета Рэспублікі, а мы — не. Таму што заўважаць трэба такія рэчы. І не саромецца потым дзяліцца сваімі назіраннямі. І паколькі месца старшыні Савета Рэспублікі адно, а жадаючых шмат, то трэба добра старацца і праяўляць фантазію.

І я так разумею, што там цяпер усе стараюцца з усіх сіл. І калі раней у сяго-таго былі, можа, сумневы ў сваёй геніяльнасці (у чым я асабіста сумняваюся), то зараз іх ужо дакладна не засталося. Таму што побач няма ж нікога, хто мог бы сказаць, што ён не геній, а проста, скажам, талент. Не найвялікшы аналітык, а проста выбітны.

Таму не дзіўна, што ў яго вакол усе дурні і не лечацца. А ён адзін разумны, і цяпер навучыць усіх, як трэба правільна жыць. Нават калі ніхто не просіць. Таму што такую мудрасць нельга ўтойваць ўнутры сябе. Абавязкова трэба з кім-небудзь падзяліцца.

І калі сёй-той раздае парады, як нам уладкаваць нашу планету і кіраваць галактыкай, ён жа шчыра гэта робіць. Ён жа верыць, што лепш за ўсіх ведае. Таму што яму Качанава сказала. А Качанава такі чалавек, які ж хлусіць не будзе, правільна? Тым больш у такіх далікатных пытаннях.

І тэлевізар хлусіць не будзе, калі кажа пра народную любоў і геапалітычную веліч. Часам, праўда, паміж тэлевізарам і рэальнасцю ўзнікаюць трагічныя непаразуменні. Ну, як у дваццатым з народнай любоўю. Або ў дваццаць першым з утаймаваннем Еўропы самалётам і мігрантамі. Або ў дваццаць другім з другой арміяй свету. Або ў дваццаць трэцім з выратаваннем Расіі наогул і Прыгожына ў прыватнасці. Але я табе так скажу: калі рэальнасць не адпавядае тэлевізару, то тым горш для рэальнасці.

Рэальнасць, праўда — бессардэчная сцерва. Заўсёды наносіць зваротны ўдар. І чым далей ад яе адарвешся, тым больш балюча яна потым ударыць. А ў кагосьці разрыў з рэальнасцю дасягнуў ужо, па-мойму, касмічных маштабаў. І чым далей, тым больш ён ад яе аддаляецца. І тым больш пераконваецца ў сваёй геніяльнасці, насуперак усім адчуванням, якія яму дорыць аб'ектыўная рэальнасць.

А потым прылятаюць сокалы, якія скінулі пацука на прыступкі Дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыку і Цапкалу.