Новы год як у кіно. Колькі сёння каштуе накрыць стол з «Іроніі лёсу»

Мы вырашылі падлічыць, колькі ў 2023 годзе будзе каштаваць сентыментальны навагодні стол па матывах фільма «Іронія лёсу». Мы выбралі стравы, якія ўзгадваюцца ў кінастужцы альбо наўпрост стаяць на сталах галоўных герояў.

original__2__3.jpg

Прадукты будзем выбіраць на сайце e-dostavka.by. Прынцып выбару — даступныя, але святочныя. Не самыя танныя, але і не самыя дарагія. 

Соль, перац, маянэз мы купляем (уяўна) упакоўкамі і дзелім кошты на тую колькасць страў, дзе яны будуць выкарыстоўвацца. Соль (0,83 BYN за 1 кг) і маянэз (4,79 BYN за 820 гр) нам спатрэбяцца 4 разы, перац (2,25 BYN за 20 гр) — 2 разы. Кошт аднаго яйка разлічваем, сыходзячы з кошту дзясятка, нам іх спатрэбіцца шмат!

Для прадуктаў, якія ўжываюцца ў невялікай колькасці, але якія прадаюцца ў тары пэўнага аб’ёму (напрыклад, алей ці салёныя агуркі), мы пазначаем кошт за бутэльку (банку). 

Паехалі!

Першым у фільме згадваецца крабавы салат — Галя прапаноўвае Лукашыну застацца святкаваць Новы год разам і гатуе яго любімы крабавы салат.

  • Крабавыя палачкі — 240 г (2,08 BYN)
  • Кансерваваная кукуруза — 1 банка (3,12 BYN)
  • Свежыя агуркі — 2 шт. (2,9 BYN)
  • Курыныя яйкі — 3 шт. (1,08 BYN)
  • Маянэз — 5 ст. лыжак (1,20 BYN)
  • Соль (0,20 BYN)

Крабавы салат = 10,58 BYN

Пяройдзем да навагодняга стала Надзі. Без гэтай стравы не абыходзіцца ніводнае 31 снежня — аліўе.

  • Каўбаса доктарская — 200 гр (2,50 BYN)
  • Морква — 1 шт. (0,30 BYN)
  • Салёныя агуркі — 2 шт. (4,31 BYN)
  • Бульба — 3 шт. (0,28 BYN).
  • Яйкі — 3 шт. (1,08 BYN)
  • Цыбуля — 1 шт. (0,18 BYN)
  • Гарошак кансерваваны — 1 банка (1,54 BYN)
  • Маянэз — 5 ст. лыжак (1,20 BYN)
  • Соль (0,20 BYN)
  • Перац чорны (1,12 BYN)

Аліўе = 12,71 BYN

Мы яго не бачылі, але ён ёсць! Гэта не Дзед Мароз, а ростбіф, які Надзя на выбар з салатам прапаноўвае Лукашыну.

  • Ялавічына — 1 кг (22,63 BYN)
  • Часнок — 50 гр (0,58 BYN)
  • Размарын — 15 гр (1,35 BYN)
  • Алей (3,97 BYN)
  • Соль (0,20 BYN)
  • Перац чорны (1,12 BYN)

Ростбіф = 29,85 BYN

914e4376_1465_11ec_bb8f_00155d00fb0d_1.jpg

На святочным Надзіным стале мы можам заўважыць салату з буракамі — давайце лічыць, што гэта селядзец пад футрам.

  • Селядзец — 400 г (5,54 BYN)
  • Бульба — 2 шт. (0,20 BYN)
  • Морква — 2 шт. (0,60 BYN)
  • Бурак — 1 шт. (0,18 BYN)
  • Цыбуля — 1 шт. (0,18 BYN)
  • Яйкі — 2 шт. (0,72 BYN)
  • Маянэз — 200 г (1,20 BYN)

Cелядзец пад футрам = 8,62 BYN

Страва з фільму, якая стала часткай фразеалагізму, — заліўная рыба. Дарэчы, рэплікі «Какая гадость эта ваша заливная рыба!» не было ў сцэнары, гэта імправізацыя, якая атрымалася вельмі ўдалай.

  • Гарбуша — 1 рыбіна (11,69 BYN)
  • Цыбуля — 1 шт. (0,18 BYN)
  • Лаўровы ліст (1,75 BYN)
  • Жэлацін — 10 г (2,25 BYN)
  • Яйка — 1 шт. (0,36 BYN)
  • Зялёная цыбуля (1,36 BYN)
  • Соль (0,20 BYN)

Заліўная рыба = 17,79 BYN

1663724059_59_mykaleidoscope_ru_p_zalivnoe_iz_ribi_yeda_pinterest_68.jpg

Калі ўважліва прыгледзецца да дэталяў, можна заўважыць некалькі талерак з мяснымі далікатэсамі — гэта, хутчэй за ўсё, сервелат і адварны язык (або бужаніна). Замест бужаніны возьмем больш даступную вяндліну.

  • Сервелат — 400 гр (7,10 BYN)
  • Вяндліна — 400 гр (6,90 BYN)

Мясная нарэзка = 14 BYN

Яшчэ адна простая закуска з кінастужкі — яйкі з маянэзам.

  • Яйкі — 10 шт (3,60 BYN)
  • Маянэз — 1,20 BYN

Яйкі з маянэзам = 4,80 BYN

Завяршаюць спіс страў шпроты, мандарыны і пачак зефіру ў шакаладзе.

  • Шпроты — 1 бляшанка (2,25 BYN)
  • Мандарыны — 1,5 кг (8,90 BYN)
  • Зефір у шакаладзе — 1 пачка (5,09 BYN)

Падсумоўваем: навагоднія стравы, як у «Іроніі лёсу», каштуюць 114,69 BYN.

2145773.jpg

З ежай мы разабраліся, а што па напоях?

У фільме яны наступныя: каньяк, мускатнае віно, шампанскае, мінералка «Баржомі» і сок (хутчэй за ўсё, яблычны). Кошты на алкаголь мы паглядзелі ў адной з крам «Еўраопт».

  • Каньяк (18,01 BYN за 0,5 л)
  • Віно (15,50 BYN за 0,75 л)
  • Шампанскае (7,89 BYN за 0,75 л)
  • Мінералка «Баржомі» (4,85 BYN за 1 л)
  • Сок яблычны (3,18 BYN за 1 л)

Усе напоі каштуюць 49,43 BYN.

Ежа + напоі = 114,69 + 49,43 = 164,12 BYN

Зразумела, што гэта даволі прыкладны кошт, штосьці можа каштаваць танней, а штосьці далікатэснае на ваш густ — даражэй.

Насамрэч не так важна, што будзе стаяць на стале на Новы год, больш важна тое, з кім вы яго сустракаеце. Жадаем вам дабрабыту, радасці і прыемных навінаў! Вясёлых Калядаў і Шчаслівага Новага года!